Новости / Политика

«Украінцы сёння ведаюць, што іх выбар у іх руках»

4.02.2010, 15:55 / remove_red_eye 90 / chat_bubble

Магчымасць самім выбіраць сабе прэзідэнта стала неад’емным правам украінцаў, мяркуюць беларускія назіральнікі за апошнімі выбарамі ва Украіне.

Пра тое, як прайшоў сёлета першы тур выбараў новага прэзідэнта Украіны і чаму беларусам варта павучыцца ў сваіх паўднёвых суседзяў, карэспандэнту «IP» распавёў юрыст, сябра Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінскі Камітэт» Карней Пятровіч – адзін з 22-х беларускіх назіральнікаў за апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне.

– Як па вашых назіраннях сёлета адбываюцца выбары ва Украіне?

– Мне запомніўся адзін з палітычных бігбордаў у падтрымку сённяшняга прэзідэнта Украіны Юшчанкі: «Мы дамагліся права выбіраць уладу». Думаю, гэтыя словы яскрава характарызуюць рэальную сітуацыю ў сённяшняй Украіне. Па-іншаму гэты змест можна пераказаць так: «Я даў вам магчымасць спакойна самім выбіраць сабе ўладу. Калі ласка, цяпер любы ваш выбар у вашых руках».

РЕКЛАМА

Усе назіральнікі з Беларусі парадаваліся за суседзяў-украінцаў, якія арганізавалі сапраўды дэмакратычныя выбары, нягледзячы на палярызыванасць палітычных поглядаў. Думаю, новай рэвалюцыі ва Украіне ўжо не будзе. Які б вынік ні быў, ён будзе прыняты дыпламатычна і спакойна. І Януковіч, і Цімашэнка знойдуць кожны свае сферы дзейнасці і змогуць разам уплываць на палітычную сітуацыю ў краіне.

– Падзеі, звязаныя з палітычным жыццём ва Украіне, у тым ліку і ўкраінскія выбары, многія беларусы, з падачы некаторых сродкаў масавай інфармацыі, успрымаюць як нейкае шоу, якое абавязкова абяцае быць са скандаламі. Чаму так?

– Палітычныя выбары і павінны праходзіць шумна. Можна параўнаць іх з выбарам тавараў на рынку – той самы шум, часам спрэчкі. Галоўнае, каб яны адбываліся строга ў межах заканадаўчых працэдур.
Іншая рэч, што нашы дзяржаўныя СМІ падаграюць такія ўражанні ад украінскай сітуацыі. Відаць, камусьці выгадна рабіць акцэнт толькі на скандалах падчас выбараў у суседзяў, дэманструючы разам з тым, што ў Беларусі наадварот –  толькі «тишь, гладь да божья благодать».

– Сёлетняя выбарчая кампанія ва Украіне таксама праходзіць шумна?

– Трэба адзначыць, што мы назіралі толькі за канчатковым этапам першага тура выбараў, менавіта ў дзень галасавання – 17 студзеня. Але і па нашых назіраннях, і па назіраннях доўгатэрміновых назіральнікаў, якія сочаць за выбарамі ва Украіне ад самага пачатку кампаніі, першая палова выбараў прайшла дастаткова карэктна, хаця і шумна, як прынята гаварыць, у канструктыўным русле. За прэзідэнцкае крэсла спаборнічалі 18 кандыдатаў, хаця рэальных канкурэнтаў сярод іх было пяць – шэсць. Пры гэтым  ніхто з удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі не выказаў нейкіх сур’ёзных скаргаў на нейкія парушэнні падчас выбараў.
– Што вас найбольш здзівіла падчас назірання за выбарамі прэзідэнта ва Украіне?

– Найбольш здзівіла неабыякавасць украінцаў і смелая грамадзянская пазіцыя. Кожны грамадзянін сёння разумее сваю адказнасць за ўласны выбар, разумее, што менавіта ён і ніхто іншы фармуе ўладу, ад якой будзе залежаць, хто ў найбліжэйшыя гады будзе кіраваць яго краінай, будзе залежаць яго лёс і лёс яго дзяцей. Украінец сёння верыць у свой уплыў на палітычнае жыццё, якое хаця б раз у чатыры гады ён можа змяніць.

– Вы неаднойчы былі назіральнікам на выбарах рознага ўзроўню ў Беларусі, у тым ліку і на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе. Ці адрозніваецца сама атмасфера выбараў у Беларусі і ва Украіне?

– На беларускіх выбарчых участках з раніцы грае музыка, працуе буфет, само памяшканне неяк упрыгожваецца… У гэтым сэнсе Украіна нам адчувальна прайграе. Апроч вывешанага над уваходам дзяржаўнага сцяга там нічога больш не дае зразумець, што ў гэтым будынку адбываецца нейкая значная для грамадства падзея. Забаўляльны антураж падчас выбараў ва Украіне адсутнічае. Здаецца, што, у адрозненне ад нас, там больш надаецца ўвагі не форме, а менавіта зместу. І акурат у гэтым змесце – уся існасць выбараў як з’явы.

– У чым жа істотная роз-ніца паміж беларускімі і ўкраінскімі выбарамі і які карысны досвед у гэтым беларусы маглі б пераняць у сваіх суседзяў?

– У адрозненне ад Беларусі, ва Украіне выбарчыя камісіі ствараюцца не выканаўчай уладай, а самімі кандыдатамі. Кожны кандыдат пры жаданні можа мець у камісіі «свайго чалавека». Ён не будзе залежаць ні ад гарвыканкама, ні ад дзейснага прэзідэнта-кандыдата, ні ад кагосьці яшчэ і здолее забяспечыць сапраўды празрыстыя выбары.

Ва Украіне няма таксама папярэдняга галасавання, а магчымасць галасавання ў хатніх умовах жорстка абмежавана законам: патрабуецца заява выбарца пра яго няздольнасць прагаласаваць на ўчастку, што абавязкова павінна быць пацверджана адпаведным дакументам. Такія захады звужаюць магчымасці для маніпуляцый галасамі выбарцаў і выключаюць недавер да вынікаў.

– А наколькі адрозніваецца працэдура падліку галасоў выбарцаў у Беларусі і ва Украіне?

– Ва Украіне гэта працэдура цалкам адпавядае прынцыпам, дэклараваным як міжнароднымі дакументамі, так і ўласнай нацыянальнай канстытуцыяй. Старшыня камісіі спачатку агучвае кожны бюлетэнь, пасля кладзе яго ў адпаведную кучку. Кожны сябра камісіі, а таксама любы назіральнік можа падысці да стала і ўпэўніцца ў тым, што бюлетэнь агучаны правільна і пакладзены ў патрэбную кучку. Такім чынам зноў жа забяспечваецца празрыстасць працэдуры выбараў. Здаецца, дробязь, але урны для галасавання ва Украіне таксама празрыстыя. Там гэта норма прапісана ў законе.

У Беларусі падлік галасоў цяжка назваць празрыстым. Мае назіранні на парламенцкіх выбарах 2008 года і на выбарах прэзідэнта 2006 года сведчаць пра адваротнае. Стол са складзенымі на ім бюлетэнямі ў нас шчыльна абступаецца сябрамі камісіі, кожны складае іх у сваю кучку і ціхенька пераказвае сваю лічбу старшыні камісіі, які пасля сумуе. Назіральнікі да гэтай купкі людзей не дапускаюцца, і ім застаецца толькі спадзявацца, што ніхто з сябраў камісіі не зрабіў памылкі. Хаця беларускі выбарчы кодэкс таксама ўтрым-лівае норму, якая прадугледжвае тое, каб назіральнік мог назіраць за падлікам галасоў. Але як рэалізуецца гэта норма на практыцы? Спробы назіральнікаў зазірнуць за спіны тых, хто падлічвае галасы, у Беларусі часта заканчваліся тым, што міліцыя выводзіла іх з участка.

Яшчэ такая дробязь: ва Украіне на выбарчых участках увогуле адсутнічаюць міліцыянеры. У нас жа міліцыянер – другі па важнасці чалавек на ўчастку пасля старшыні камісіі.

Падчас падліку галасоў, да той хвіліны, пакуль не апламбуецца мяшок з бюлетэнямі, ва Украіне ніхто нікуды не сыходзіць і не заходзіць. У Беларусі як старшыня, так і сябры камісіі дзесьці ходзяць, могуць сыходзіць нават у суседнія пакоі… Таму пра нейкую празрыстасць у нас гаворкі не ідзе.
– Што не дазваляе беларусам арганізаваць выбары хаця б на ўзроўні Украіны?

– Нам не трэба вынаходзіць ровар. Заходнееўрапейскія краіны за сваю багатую гісторыю напрацавалі добры досвед правядзення дэмакратычных выбараў. Нам трэба толькі палітычная воля, каб пераняць карысны досвед цывілізаваных краін. Хаця б той самай Украіны. На жаль, сённяшнія ўмовы правядзення выбараў у Беларусі адбіваюць ахвоту ў яе грамадзян цікавіцца працэсам выбараў, а таксама ўдзельнічаць у ім. У людзей не выхоўваецца асабістая адказнасць за тое, што адбываецца ў іх краіне, бо, як кажуць, усё адно выберуць таго, каго захочуць. Так фармуецца грамадства, якое без веры ў тое, што ад іх нешта залежыць, гатова падпарадкоўваць сваё жыццё і лёс каму заўгодна.

РЕКЛАМА

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up