Автор: Людмiла СЦЯЦКО

15:55, 4 февраля 2010

Политика

remove_red_eye 121

Сфарміравана гарадская камісія па выбарах

У спіс членаў гарадской тэрытарыяльнай камісіі па выбарах трапіў адзін прадстаўнік апазіцыйнай палітычнай партыі.

Склад Баранавіцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах гарадскога Савета дэпутатаў 26-га склікання, якія пройдуць 25 красавіка, быў зацверджаны на сумесным пасяджэнні прэзідыума гарадскога Савета дэпутатаў і гарвыканкама 29 студзеня.

З 20-ці прэтэндэнтаў, падаўшых заяўкі, у склад камісіі было ўключана 13 чалавек, большасць з якіх – прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў.

Ад палітычных партый у камісіі толькі два чалавекі – прадстаўнік гарадской арганізацыі кампартыі Беларусі Мікалай Багданаў і прадстаўнік гарадской арганізацыі беларускай партыі левых «Справедливый мир» Эдуард Карапетаў.

РЕКЛАМА

На членства ў камісіі прэтэндавалі таксама прадстаўнікі ініцыятыўнай групы незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і руху «За Свабоду», якія вылучаліся ад грамадзян шляхам збору подпісаў, а таксама Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, але ні адзін з іх у склад камісіі так і не ўвайшоў.

«Тое, што нас не ўключылі ў склад камісіі, не было нечаканасцю, – сказаў Intex-press старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Францішка Скарыны, чыё прозвішча было у спісе прэтэндэнтаў, але не трапіла ў спіс членаў камісіі, Віктар Сырыца. – Нам даўно не дазваляюць праводзіць ніякія мерапрыемствы і не ўключаюць у камісіі. Але мы разлічвалі, што абмеркаванне кандыдатур ўсё ж такі адбудзецца. Насамрэч, ніякага абмеркавання не было, усё было вырашана загадзя».

Прычыны, па якіх гэтыя прэтэндэнты не трапілі ў камісію, на пасяджэнні не агучваліся. Адмова толькі аднаму з іх – прадстаўніку БХД Аляксею Марозаву – была аргументавана тым, што з 10 подпісаў, якія былі сабраны ў яго падтрымку, адзін належыць чалавеку, які не пражывае ў Баранавічах, а значыцца, згодна з выбарчым заканадаўствам, Марозаў нават прэтэндаваць на месца ў камісіі не мае права.

Такім чынам, у складзе Баранавіцкай тэрытарыяльнай камісіі па выбарах апынуліся прадстаўнікі «Беларускага саюза жанчын», грамадскага аб’яднання «Белая Русь», БРСМ, аб’яднання ветэранаў і саюза афіцэраў, пяцi працоўных калектываў. Дарэчы, згодна з новым выбарчым кодэксам, выбарчыя камісіі павінны складацца не менш як на адну трэцюю частку з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў і не больш як на адну трэцюю – з дзяржслужачых.

Адразу пасля фарміравання выбарчых камісій, пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Жыхарам Баранавіч, як і ў мінулыя гады, патрэбна будзе выбраць 36 дэпутатаў – па аднаму ад кожнай выбарчай акругі. Па Брэсцкай вобласці па-вінны быць абраны каля 3,5 тысячы дэпутатаў, у тым ліку ў абласны савет – 60 чалавек, ад горада Баранавічы – 7 дэпутатаў. Усяго ж па рэспубліцы будзе абрана больш як 20 тысяч дэпутатаў ад абласнога да пасялковага ўзроўняў. На сёлетнія выбары, згодна з дадзенымі БелаПАН, будзе выдаткавана 19,5 мільярды рублёў.

Даведка INTEX-PRESS

Для таго, каб атрымаць дадатковыя сродкі на фінансаванне сёлетняй выбарчай кампаніі, Цэнтрвыбаркам стварыў пазабюджэтны фонд фінансавання выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Як паведамляе БЕЛТА, фонд будзе фарміравацца за кошт добраахвотных пералічэнняў грашовых сродкаў арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі і грамадзянамі Беларусі. Усе жадаючыя дадаткова прафінансаваць выбары змогуць пералічыць сродкі на пазабюджэтны рахунак нумар 3630000001178  у філіяле № 500 Мінскага упраўлення ААТ “Беларусбанк”, код 153001601, УНН 101514814. Сродкі з фонду пойдуць на дадатковыя выдаткі (набыццё неабходнага абсталявання для выбарчых камісій, выраб выбарчай дакументацыі, інфармацыйных плакатаў), звязаныя з выбарамі.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up