Новости / Культура

Урокі паэзіі Івана Лагвіновіча

14.01.2010, 14:31 / remove_red_eye 114 / chat_bubble

16 студзеня 2010 года баранавіцкаму паэту  Івану Лагвіновічу спаўняецца 70 гадоў.

Яназваў бы расповед пра Івана  Піліпавіча  ўрокамі жыцця, асвячонага Паэзіяй.

Урок першы палягае ў тым, што Іван Лагвіновіч стаў прыкладам   чалавека «найцяжэйшай і найбруднейшай», па яго словах, шахцёрскай працы, і адначасова – выдатнага паэта. Бо для звычайнага абывацеля цяжкая фізічная праца і, мо яшчэ цяжэйшая, творчая праца душы – нешта несумяшчальнае.
Нарадзіўся будучы паэт на палескім хутары з маляўнічай назвай Запрапасць, у Ганцавіцкім раёне.

Семнаццацігадовым юнаком паехаў у Данбас. У горадзе Снежнае Данецкай вобласці скончыў горнапрамысловае вучылішча і стаў шахцёрам. Пасля службы ў арміі пасяліўся ў горадзе Чысцякова. Працаваў на шахце, вучыўся ў вячэрняй школе, на курсах грамадскіх карэспандэнтаў. З прычыны прафесійнага захворвання ў 1977 годзе перайшоў на абагачальную фабрыку рамонтным слесарам. У 1990 годзе выйшаў на пенсію. У траўні 1992 года пераехаў у Баранавічы.      

РЕКЛАМА

Жывучы ў данбаскім котлішчы народаў, ён пісаў пераважна па-руску. Але ж і ў гэтым было самасцвярджэнне беларуса, бо знакам якасці яго вершаў стала іх выданне ў калектыўных зборніках «Дорогие мои однополчане», «Зарницы», «Очень вовремя мы родились».

Тэма другога ўрока – застацца беларусам. Іван Лагвіновіч ніколі не парываў крэўнай сувязі з Беларуссю ні ў сэрцы, ні ў думах, ні ў паэзіі. У адрозненне ад іншых, пашпартных беларусаў-эмігрантаў, ён не толькі не страціў беларускай мовы, але і ўдасканаліў яе веданне праз вершатворчасць. Больш за тое, вось ужо 20 год, як  пасля вяртання на Радзіму, ён і размаўляе, і піша вершы выключна па-беларуску.

Першая беларускамоўная кніга паэзіі Івана Лагвіновіча «Разлукі выраёвыя» была выдадзена ў 2000 годзе. Далей выйшлі «Піліпаўка», «Ляда юдолі», «Далёкае і блізкае», «Палыновыя кветкі».

Творчасць паэта Івана Лагвіновіча – асобная, вялікая тэма, на якую можна гаварыць доўга і з асалодай, бясконца  цытуючы аўтара. Але пісаць прозай аб паэзіі – спроба загадзя няўдалая. Тым, хто зацікавіўся, лепей проста ўзяць яго кнігі ў бібліятэцы і пачытаць. А яшчэ лягчэй – знайсці яго кнігі на сайце www.tvory.byhost.org. Варта адзначыць, што ўсе яны пабачылі свет толькі дзякуючы недзяржаўным грамадскім арганізацыям і аўтару. Дарэчы, і сам паэт з’яўляецца сябрам грамадскай арганізацыі «Творчае згуртаванне «Святліца», а з 2003 года – сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

І, нарэшце, трэці ўрок Лагвіновіча. Паэзія асвяціла і прывяла яго да веры. Нездарма слова – меч двухбаковавостры. Вершаванае слова – не што іншае, як энергія прыгажосці, выяўленая ў літарах і сугуччах. Сапраўдная паэзія і літаратура выхоўваюць душу і чытача і творцы, узвышаюць духоўны свет абодвух. Яго вершам-малітваю і завершым гэты занятак духу:

Хоць і не дарогаю Ісуса –
іншы мне выносіўся прысуд,
я, адзін з апошніх беларусаў,
цяжкі крыж гаротніка нясу.
І прашу я не сабе збавення  –
за сясцёр малюся, за братоў.
Госпадзе! Пашлі ім прасвятленне:
хай нарэшце ўбачаць, хто ёсць хто.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up