Новости / Культура

На месцы Палонкаўскай бітвы – пустэча і смецце

24.12.2009, 11:58 / remove_red_eye 118 / chat_bubble

Баранавіцкія прыхільнікі Таварыства беларускай мовы накіравалі калектыўны зварот у  Баранавіцкі райвыканкам з просьбай добраўпарадкаваць месца славутай Палонкаўскай бітвы і ўстанавіць там памятны знак.

28 чэрвеня 2010 года спаўняецца 350 гадоў Палонкаўскай бітвы, у якой гетманы Павел Сапега і Стэфан Чарнецкі разбілі ля вёскі Палонка (Баранавіцкі раён) войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай абодвух народаў 1654-1667 гг. 

У пісьме да баранавіцкіх раённых уладаў нагадваецца, што 2 лістапада 1994 года на ўзгорку ля вёскі Палонка адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў сувязі з вайной 1660 года. Пры вялікай колькасці мясцовых людзей і гараджан праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі гэты знак і святое для ўсіх беларусаў месца. Але памятны знак быў знішчаны вандаламі.

У 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак і гэты памятны знак быў знішчаны невядомымі праз два месяцы. Цяпер, на месцы слаўнай і бліскучай перамогі 1660 года асірацелы камень-валун, пустэча, зелле і смецце.

РЕКЛАМА

Падпісаўшыя пісьмо грамадзяне прапануюць:

– добраўпарадкаваць тэрыторыю ля каменя-валуна каля в. Палонка, які ўсталяваны ў гонар бітвы 1660 года;

– на камні-валуне зрабіць металічную шыльду наступнага зместу: “Тут 28 чэрвеня 1660 года аб’яднанае беларуска-літоўскае і польскае войска пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага здабыло вялікую перамогу над утрая большым войскам маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай абодвух народаў 1654-1667 гг.”;

– прапанаваць вучням Палонкаўскай школы праводзіць талаку па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля каменя-валуна і памятнага знака ў гонар бітвы 1660 года.

Гэты калектыўны зварот падпісалі 37 чалавек – вядомыя  пісьменнікі, паэты, гісторыкі, навукоўцы, палітычныя і грамадскія актывісты, якія гатовы прыняць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі ля каменя-валуна.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up