Автор: Аляксей БЕЛЫ

12:55, 11 декабря 2009

Происшествия

remove_red_eye 112

Каго шукаюць сілавікі?

Напярэдадні выхадных у паштовай скрыні знайшоў позву з міліцыі, у якой было прадпісана прыйсці ў ГАУС для правядзення дактыласкапіі – зняцця адбіткаў пальцаў.

Два дні разважаў – адкуль растуць ногі. Як афіцэр запасу   з ваеннага уліку, здаецца, зняты, на службе не знаходжуся, у міліцыю не выклікалі, ды і няма за што: нічога супрацьзаконнага не рабіў… Але позва пад нумарам 71, у якой, у прыватнасці, гаворыцца: «С получением настоящей повестки вам необходимо явиться для проведения дактилоскопической регистрации в отдел внутренних дел Барановичского горисполкома по адресу… Ответственность за неявку без уважительной причины предусмотрены ст. ст. 60, 130 УПК и ст. 402 УК Республики Беларусь», усё ж унесла нейкую нервовасць у адпачынак на выхадныя дні.

Толькі ў панядзелак, зрабіўшы некалькі тэлефонных званкоў, даведаўся, што ў Баранавіцкім гарадскім аддзеле ўнутраных спраў поўным ходам вядзецца дактыласкапічная рэгістрацыя грамадзян, фармальна звязаная з пошукам сілавікамі злачынцы, што ў Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе прывёў у дзеянне ў Мінску выбуховае прыстасаванне.

І хаця пасля кансультацый з юрыстам было жаданне праігнараваць гэту для мяне незнаёмую працэдуру, ды і позву мне далі не пад распіску, а проста кінулі ў паштовую скрыню, журналісцкая цікавасць перамагла і я вырашыў на сабе выпрабаваць – што гэта такое, дактыласкапічная рэгістрацыя… Ужо падыходзячы да аддзела міліцыі, сустрэў некалькіх чалавек, якія рухаліся насустрач і якраз і гаварылі пра тое, як у іх бралі адбіткі пальцаў. Гэта трошкі супакоіла – значыць, сёння я такі не адзін.

РЕКЛАМА

…Пытанні, якія задаваў супрацоўнік міліцыі, запаўняючы анкету выкліканага, толькі пацвердзілі тое, што шукаюць тэрарыста: год, месца нараджэння, месца пражывання, нумары тэлефонаў, дзе быў 3 ліпеня 2008 года, хто можа гэта засведчыць.

Адразу хочацца адзначыць, што людзі, якіх я сустрэў у вучэбным класе ДАІ (менавіта там бралі адбіткі пальцаў), ніяк не былі падобны на фотаробат, што быў размешчаны ва ўсіх людных месцах у населеных пунктах  нашай краіны пасля выбуху. Гэты былі рабочыя з прадпрыемстваў горада даволі сталага веку. Ды і мой знешні выгляд і ўзрост вельмі далёкія ад таго, каго некалі «намалявалі» на плакатах….

…У пакоі за доўгім сталом сядзела некалькі супрацоўнікаў у цывільным, якія запаўнялі анкеты выкліканых. На стале побач са мною ляжаў добры стос позваў – яны, пэўна, не спатрэбіліся наведвальнікам і іх пакінулі. Думаецца, нехта ўсё ж забраў павесткі, каб паказаць іх на працы.

 Асабіста мне было прызначана з’явіцца ў 15.50. Гэта лічба сведчыць пра тое, што графік прыёму выкліканых даволі шчыльны. Зрэшты, гэта пацвердзілі пры маім  папярэднім тэлефанаванні ў міліцыю, паведаміўшы, што робіцца так, каб не ствараць чаргу. З тым, што ў мяне ў такі час з’явіцца ў ГАУС не атрымліваецца, пагадзіліся, сказаўшы, што магу прыйсці пазней – у 18.00.

Вядома, у міліцыі не сканавалі пальцы, як гэта робіцца, напрыклад, у амбасадзе Францыі перад наведваннем гэтай краіны. У нас усё робіцца значна прасцей – валікам наносіцца чорная мастыка, прычым не толькі на пальцы, а і на ўсю далонь. Таму дактыласкапія робіцца ў некалькі прыёмаў. Зрэшты, усё адбываецца хутка –  працэдура займае 5-10 хвілін.

…Памыць рукі пасля правядзення дактыласкапіі ў міліцыі  ёсць дзе – на ракавіне ляжыць кавалак гаспадарчага мыла і анучка – без яе мастыку, якую мажуць на рукі,  не змыеш. Пасля працэдуры я сваю позву адзначыў і паставіў на ёй штамп у дзяжурнай частцы.

Ну, а адказаць на пытанне – дзе я быў у ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года, мне было проста: я быў за мяжой, у Варшаве. І сведчаннем таму – штампы ў маім пашпарце аб знаходжанні ў Шэнгенскай зоне. Праўда, глядзець гэтыя штампы ў міліцыі ніхто не стаў, сказалі, што вераць.

Вядома ж, я падзяліўся з блізкімі і сябрамі тым, пра што  даведаўся. І якім было маё здзіўленне, калі праз пару дзён мне патэлефанаваў адзін з сяброў і паведаміў, што яму і яго сыну таксама прыйшлі позвы з настойлівай прапановай зрабіць дактыласкапію. Праўда, у іх нумароў на позвах ужо не было.

Узнікае пытанне: якога ж узросту быў злачынца, што падарваў бомбу ў нашай ста-ліцы, калі дактыласкапію праводзяць і дваццацігадовым, і тым, каму за пяцьдзесят. Пасля гэтага праз пашукавік знайшоў у інтэрнэце фотаробат злачынцы, якога шукаюць сілавікі – такая інфармацыя ёсць на сайце «Комсомольской правды». Пад даволі выразным каляровым малюнкам маладога чалавека подпіс: «Свидетели говорят, что изображение получилось очень четкое». А загаловак у матэрыяле такі:  «В милицию приглашают всех мужчин, чье фото напоминает фоторобот террориста… и предлагают сдать слюну на анализ ДНК» (КП. 08.08.2008). Да сліны ў нас пакуль справа не дайшла, але… У краіне кожны дзень адбываецца шмат розных падзей, да ўсяго ж недалёка да выбараў. І «пальчыкі» грамадзян, якія захоўваюцца ў адпаведных службах, могуць спатрэбіцца.

Дарэчы, як расказаў намеснік начальніка аддзела крымінальнага вышуку Баранавіцкага  ГАУС Вадзім Мяшковіч, дактыласкапічную рэгістрацыю ў Баранавічах за два апошнія гады прайшлі больш за дваццаць тысяч чалавек.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up