Выключылі з партыі і знялі с пасады дырэктара музея. Жыццёвы шлях дысідэнта ў Баранавічах
Хто зараз узгадвае пра самвыдатаўскія кніжкі, дысідэнцкі рух? Пра Галіча, пра Бродскага… А між іншым такіх людзей называлі «инакомыслящие», і за гэта іншадумства яны вельмі проста маглі не толькі пазбавіцца грамадзянства і «вылецець» з краіны, а і апынуцца на доўгія гады ў «жоўтым доме», дакладней – у псіхушцы.
Вядома, такіх гучных працэсаў, як выключэнне Барыса Пастарнака з Саюза пісьменнікаў, у Баранавічах не было. Але справы на людзей заводзілі і тут.
Пачатак біяграфіі – з вайны
…Валерый Палікарпаў нарадзіўся ў 1941 годзе ў Тамбове, як гаворыць ён сам, у бежанстве. Бацька – афіцэр-танкіст — быў тады на фронце. Гарэў у танку пад Харкавам. Потым служыў у польскай арміі ў дывізіі імя Т. Касцюшкі. «Жылі дзе па кватэрах, дзе па казармах, – успамінае Валерый. — Служылі ў Бабруйску, у Слоніме. У Баранавічы прыехалі, калі мне было дзесяць гадоў. Спачатку школа № 42 чыгуначнікаў (была і такая), потым – музычнае вучылішча ў Маладзечне. Вучыўся разам з Юрыем Антонавым».
Пасля вяртання з Маладзечна ў Баранавічы Палікарпаў працаваў выкладчыкам у музычнай школе. У 1969 годзе, калі яму было 28 год, стаў дырэктарам Баранавіцкага краязнаўчага музея. Ён ужо вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Шмат пісаў у газеты пра падпольшчыка Мікалая Дарашэвіча, пра Баранавічы на старых паштоўках… Але асноўнае, чым займаўся тады Палікарпаў, – гэта збор экспанатаў для музея, якіх у той час было няшмат. Разам з прафесарам Міхасём Раманюком, мастаком Яўгенам Куліком арганізавалі экспедыцыю па вёсках і мястэчках: збіралі прылады сялянскага побыту, старыя рэчы, адзенне. Даведаўся Валерый ад баранавіцкага ксяндза Рагоўскага, што ў касцёлах Паланечкі і Новай Мышы ёсць арнаты, зробленыя з выкарыстаннем фрагментаў слуцкіх паясоў. Пагаварыў з настаяцелямі, і тыя аддалі ў музей гэтыя рэдкія для Беларусі рэчы.
У маі 1971 года Валерый Палікарпаў і яго сябры паехалі ў Зельву ў госці да Ларысы Геніюш. З ім былі Юрый Мацюшка, Міхась Бальшынскі, Здзіслаў Сіцька. Чыталі вершы, фатаграфаваліся. Гэта быў Дзень Перамогі. Ларыса Геніюш падарыла тады Валерыю свой фотаздымак, на адваротным баку якога напісала: «З беларускай я створана гліны і з рабра наднямонскіх вярбін, з гаління ля белага ганку, напалову забытых нашых святынь». Ларыса Геніюш. 9.V.71.
Потым было ліставанне, а праз год, якраз на 9 мая, Палікарпаў зноў быў у Геніюш. Ларыса Антонаўна паскардзілася, што яе сыну Юрку, які жыў у Польшчы, не далі дазволу прыехаць да яе ў госці. Валерый сказаў, што пастараецца вырашыць гэта пытанне. І праз некаторы час выправіў усе неабходныя паперы – Юрка мог прыехаць у госці да Палікарпава. Праўда, калі Валерый хадзіў па інстанцыях, «нехта ў штацкім», як гаворыць Валерый Канстанцінавіч, сказаў яму: «Не гарантую, што пасля гэтага ў вас будзе ўсё добра». Увечары, цішком, прыхапіўшы выклік да Юры, Валерый паехаў у Зельву. Доўга блукаў па вуліцах, пакуль у цямрэчы знайшоў хату Геніюш. Паказаў ёй паперы, расказаў пра папярэджанне… Ларыса Антонаўна падумала і сказала: «Не пасылай, пачакаем да лепшых часоў…» Так гэты выклік для яе сына і захоўваецца зараз у архівах Палікарпава.
Іншадумства не даруюць
А непрыемнасці ўсё ж пачаліся. Яму прыгадалі ўсё. Як сакратар партыйнай арганізацыі аддзела культуры гарвыканкама, яшчэ ў 1969 годзе Палікарпаў выступаў з дакладам у музычнай школе. Размова ішла пра ўвод савецкіх войск у Чэхаславакію ў 1968 годзе. Трэба было неяк апраўдваць гэту акупацыю. Але ў прыватнай гутарцы з супрацоўнікамі Валерый адзначыў: «Гэта нам любові чэхаў не дадасць». Дырэктар школы напісала тады данос у «органы». Падпісаліся пад ім яшчэ некалькі чалавек.
Разбіраючыся з Палікарпавым, ніхто тады і не хаваў, што трасуць яго «за сувязь з Геніюш». Было бюро гаркама партыі, строгая вымова з занясеннем у заліковую картку, а адразу пасля гэтага – і звальненне з пасады дырэктара музея з запісам у працоўнай кніжцы: «Освобожден от занимаемой должности директора на основании ст. 47 КЗОТ, как непригодный к руководящей работе. 28 сентября 1972».
Але гэта было не ўсё. У абкаме ў Брэсце палічылі, што па партыйнай лініі Палікарпава пакаралі недастаткова. З вобласці прыехаў нейкі Букраба і пачаў капаць далей: «рыхтавалі» пытанне на абкам. Там размова была кароткай – выключыць з радоў КПСС за непартыйныя паводзіны. Прапанову першага сакратара Мікуліча падтрымалі аднагалосна. Дайшлі звесткі і да універсітэта. І што з таго, што Палікарпаў вучыўся на апошнім курсе, – выгналі і адтуль з фармулёўкай, што ён не можа займацца на журфаку, бо гэта ідэалагічны факультэт!
…У другую музычную школу, куды ён хацеў пайсці на працу, яго не пусцілі – накіравалі ў тую, адкуль даслалі «сігнал» у органы. На перавыхаванне.
…Між тым жыццё працягвалася. Сябры засталіся. І Валерый стварыў у Баранавічах клуб бібліяфілаў. Збіраліся штомесяц у ДК будаўнікоў, праводзілі сустрэчы ў бібліятэцы, абмяркоўвалі кнігі. Правялі 36 такіх пасяджэнняў, да кожнае сустрэчы рабілі ў друкарні памяткі. Менавіта тады ў адным з альбомаў Палікарпава Максім Лужанін напісаў: «Мець павінен кнігалюб добры нюх і добры зуб. Хочаш вудзіць кніжных карпаў – будь няўлоўным, Палікарпаў!» Гэты запіс зроблены 28 сакавіка 1980 года.
Колькі ў тых, хто любіў кнігу, было тады цікавых сустрэч і стасункаў! Колькі засталося пасля гэтага ў Валерыя Палікарпава гістарычных, проста рарытэтных запісаў, здымкаў, малюнкаў…
У адным з шматлікіх альбомаў Валерыя Палікарпава ёсць і такі запіс: «Нарэшце мы ўбачыліся. Янка Брыль». Там жа фота нашага знакамітага літаратара. Гэтай сустрэчы ў сакавіку 1980 года папярэднічала доўгая перапіска Палікарпава з Брылем, тэлефаванне.
Такіх сяброўскіх адносін у Валерыя Канстанцінавіча было шмат. Узгадваюцца святы паэзіі, якія ладзіліся на радзіме Паўлюка Багрыма, у Крашыне, куды мы ездзілі разам. Здавалася, што Валерый знаёмы з усім светам. Да яго падыходзілі і «ручкаліся» такія знакамітыя мастакі, як Яўген Кулік, Мікола Купава, Алесь Марачкін… Ён ведаў і ведае асабіста многіх вядомых паэтаў і празаікаў. У Валерыя Палікарпава больш за 1 200 кніг з аўтографамі знакамітасцей. Толькі Уладзімір Караткевіч падпісаў яму шаснаццаць сваіх зборнікаў! Ён бываў у Уладзіміра Сямёнавіча дома, піў з ім гарбату…
Знакамітыя альбомы В.П.
Знакамітыя альбомы Палікарпава – асобная тэма. Каго і чаго там толькі не ўбачыш! Вось фотаздымак і аўтограф Давіда Бурлюка, сябра па перапісцы Уладзіміра Маякоўскага. Тут жа – буклет, выдадзены ў Тамбове ў гонар 70-годдзя «трыбуны рэвалюцыі».
За малафарматнымі творчымі працамі Валянціна Ціхановіча – мастака-аніматара, узнагароджанага ў свой час «чырвоным значком часопіса «Кракадзіл», – аўтограф Сымона Блатуна, датаваны 1968 годам. Тут жа – подпіс і пажаданне паэта Мікалая Ушакова з Кіева. А як не ўзгадаць вершы Максіма Танка, уласнаручна ўпісаныя ў Валераў фаліянт: «Нашто, усемагутны Шыва, табе столькі лішніх рук, а мне, бачыш, іх не хапае, калі я зямлю ару, калі драблю каменні і зброю сабе кую…». Тут і аўтограф, і экслібрыс Усевалада Раждзественскага, малюнкі Яўгена Ціхановіча, працы Арлена Кашкурэвіча – з некаторымі з іх Валерый Палікарпаў і цяпер падтрымлівае сяброўскія адносіны. А вось запіс у альбоме Міхася Скрыпкі, зроблены 25 снежня 1969 года. «Легенда пра Хрыста, вядома, не для нас, хай цешыцца ім свет стары. Але што там ні гавары – Хрыстос раджаецца ў стагоддзі раз, а Юды плодзяцца, бы камары…»
Любоўна зробленыя і пераплеценыя кнігі не могуць не выклікаць добрую зайздрасць. Неяк спытаўся ў Валерыя, дзе і калі ён навучыўся так пераплятаць. Усё аказалася вельмі проста. У шасцідзесятыя-сямідзесятыя гады доступ да добрых кніжак быў вельмі абмежаваны, іх даставалі «па блату». Магчымасці ж падпісацца на прэстыжныя часопісы кшталту «Новы мір» ці «Аўрора» ў Валерыя былі. А там друкаваліся самыя цікавыя, самыя сучасныя тады рэчы. Палікарпаў потым браў гэтыя аповесці і апавяданні, якія пераходзілі з нумара ў нумар, складаў лісты і сшываў. Атрымлівалася кніга. Так у шасцідзесятых ён пераплёў твор А. Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Потым, калі хрушчоўская адліга мінула, твор забаранілі і канфіскавалі з усіх бібліятэк. У Валерыя гэта «самапальная» кніжка была. Неяк разгаварыліся, і я папрасіў яе пачытаць. Было гэта ў сямідзесятых. Так я адкрыў для сябе вялікага расійскага класіка.
Сябры застаюцца
У Валерыя Палікарпава заўсёды было шмат сяброў, ён шмат каму дапамог у жыцці. Напрыклад, бацьку Стэфаніі Станюты Міхасю, мастаку, якому споўнілася ў 1971 годзе 90 год, ён дапамог тады арганізаваць выставу ў Мінску. Разам з Яўгенам Куліком яны адбіралі працы Міхася, надрукавалі ў Баранавічах каталог. Потым Міхась намаляваў партрэт Палікарпава, ёсць іх агульнае фота. Дарэчы, менавіта Міхась Станюта ў 1925 годзе з паплечнікамі ствараў Саюз мастакоў Беларусі. А для вядомага нясвіжскага мастака Міхася Сеўрука Валерый перапісаў усе Міхасёвы творы, зрабіў іх збор, жыў у таго ў Нясвіжы некалькі дзён. Музей Сеўрука ў нашым «беларускім Парыжы» і зараз прыцягвае ўвагу многіх прыхільнікаў мастацкай творчасці.
Шмат сяброў заўсёды было ў Валерыя і ў Баранавічах. На жаль, некаторых ужо няма побач. Няма паэта і філосафа Валерыя Ігнаценкі, сышоў у іншы свет мастак і паэт Венанцы Бутрым. Узгадваецца адна з нашых апошніх сустрэч з Валерыем у Бутрыма дома. Тады нарадзіліся такія радкі: «Так сядзім і гамонім, амаль спарышы, пра Бічэль і пра Геніюш. П’ем гарэлку. І соладка так на душы. Непрызнаныя геніі».
Многія, дзякаваць Богу, з намі і зараз. Сустракаемся з паэтам Міколам Бусько, бачымся час ад часу з былым мараком, а цяпер майстрам па зброі Вячаславам Жудро. І заўсёды галоўны ў кампаніі Валерый Палікарпаў.
Ён і гаворыць, ён і «банкуе»…
У сувязі з тым, што ў яго атачэнні шмат мастакоў, у Палікарпава шмат работ, падораных сябрамі, раней вядомых далёка не ўсім, а цяпер — знакамітых.
А яшчэ ў Палікарпава добрая бібліятэка. І на кнігах – экслібрысы «З бібліятэкі В. Палікарпава», «З кніг Валерыя Палікарпава» і г.д. Сваіх экслібрысаў у Валерыя Канстанцінавіча – больш за дзевяноста!
Іх рабілі для Палікарпава бацька і сын Кашкурэвічы, Ціхановічы, старэйшы грузінскі мастак Владо Цыласані, француз Раймонд Прэво… Ён, дарэчы, у свой час рабіў экслібрысы для прэзідэнта Францыі Пуанкарэ, якога называлі «Пуанкарэ-вайна».
На пытанне – што табе найбольш падабаецца ў жыцці – Валерый Палікарпаў адказаў – кнігі і ўсё, што вакол іх.
З Веранікай не сустрэліся
З журналісткай штотыднёвай апазіцыйнай газеты «Салідарнасць» Веранікай Чаркасавай, якую забілі пяць год таму ва ўласнай кватэры, ён толькі некалькі разоў размаўляў па тэлефоне. Дамаўляліся аб сустрэчы, яна прыязджала ў Баранавічы – пісала пра аднаго цікавага і трошкі дзіўнаватага музыканта, які жыў на вуліцы Вішнёвай, але спаткання з Валерыем, пра якога Вераніка таксама задумала матэрыял, не адбылося. Больш ведае В. Палікарпаў маці Веранікі – Дзіяну. Яна доўгі час працавала ў «Голасе Радзімы». Яны шмат гаварылі па тэлефоне, у Валерыя ёсць лісты, дасланыя Дзіянай. Потым Дзіяна выдала кнігу «Люблю», у якой узгадвае Валерыя — пра ліставанне, пра тое, што Палікарпаў перадаў гравюру Міхася Сеўрука «Слуцкая Брама» паэтцы Канстанцыі Буйло (Дзіяна пісала тады кнігу пра знакамітую літаратарку).
На жаль, не ўсё і не заўсёды збываецца, не ўсюды мы паспяваем. Шмат год прайшло з таго семдзесят другога, пасля якога была праца Валерыя Палікарпава ў музычнай вучэльні. Але ў душы ён так і застаўся калекцыянерам, збіральнікам каштоўнасцей. На адкрыцці любой выставы, якая адбываецца ў Баранавічах, ён – жаданы госць. І добрая палова тых, хто прыходзіць на тыя імпрэзы, – яго сябры і знаёмыя. Праўда, не ўсе ведаюць, як няпроста складваўся лёс гэтага вясёлага, аптымістычнага і таму шчаслівага чалавека.
Паэтка Данута Бічэль, з якой Валерый Палікарпаў пазнаёміўся яшчэ ў часы Крашынскіх дзён паэзіі і з таго часу падтрымлівае шчырыя цёплыя адносіны, напісала ў адным з яго альбомаў 29 жніўня гэтага года: «Душа салоўка замрэ салодка, на самай горцы – прастора Творцы».
Валерыю Палікарпаву проста сыходзіцца з творчымі людзьмі. Таму што ён – адзін з іх. Ён ніколі не падкрэсліваў, што ўнутрана свабодны. Але гэта свабода ў яго ёсць. Палікарпаў не з ліку тых, каго лёгка вымусіць хадзіць строем.