Автор: Вiктар ДУБЕНЬ

17:02, 19 ноября 2009

Политика

remove_red_eye 70

Дэмакратычныя сілы – за набліжэнне да Еўрасаюза

Амаль два дзесяткі дэлегатаў з Баранавіч прынялі ўдзел 14 лістапада ў Беларускім еўрапейскім форуме, які прадэманстраваў жаданне дэмакратычных сіл зрабіць усё магчымае для набліжэння Беларусі да Еўрапейскага саюза.

Галоўным ініцыятарам форума, які прайшоў у сталічным Палацы культуры МАЗ, было праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Рух «За Свабоду».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 800 дэлегатаў амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку 19 з Баранавіч – студэнты, служачыя, рабочыя і грамадскія актывісты, якія былі абраны на гарадскім сходзе 29 жніўня.

Прымала ўдзел у форуме і група ганаровых гасцей з еўрапейскіх краін. Віцэ-маршалак Сената Польшчы Збігнеў Рамашэўскі, віцэ-старшыня Еўрапейскай народнай партыі Карын Вортман-Кооль, дэпутат Бундэстага Мануэль Зарацын і іншыя выказалі беларускім удзельнікам форума падтрымку ў іх намаганнях стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі дыялогу беларускіх улад і еўраструктур.

РЕКЛАМА

Яцэк Пратасевіч, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю ў сваім выступленні ўзгадаў, што яго сям’я паходзіць з Баранавіч. Прысутныя на гэтыя словы заапладзіравалі. Пратасевіч таксама сказаў: «Я магу вам паабяцаць, што калісьці я звярнуся да вас па-беларуску(…). Беларусі патрэбна Еўропа, але і Еўразвязу патрэбна Беларусь. Мы нічога не   дыктуем. Беларусь патрабуе больш свабоды і большай павагі да правоў чалавека. Вы не толькі нашы суседзі, але нашы браты і сёстры. Еўрапейская палітыка санкцыяў не накіравана  супраць кагосьці, супраць нейкай асобы, папросту мы хочам, каб у Беларусі было болей Свабоды».

Асноўную частку Беларускага еўрапейскага форума заняла праца тэматычных секцый «Палітыка», «Эканоміка» і «Грамадства». Удзельнікі форума адзначылі, што хочуць стаць актыўным удзельнікамі еўраінтэграцыі. Па выніках форума была прынята праграма дзеянняў для спрыяння набліжэння Беларусі да Еўрапейскага саюза.

«Уражанні ад удзелу ў працы форума ў нас засталіся толькі станоўчыя, – расказаў «IP» актывіст «Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца. – Форум яскрава прадэманстраваў, што ў Беларусі ёсць сілы, якія выступаюць за шчыльны дыялог з Еўропай і далучэнне нашай краіны да Еўрасаюза».

Дарэчы, на Беларускім еўрапейскім форуме лідэр «Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч фактычна абвясціў пра пачатак кампаніі па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. «Сёння я кажу: я гатовы ісці на выбары. Я маю дастаткова сіл, я маю досвед», – адзначыў у сваёй прамове палітык. Нагадаем, што Аляксандр Мілінкевіч прымаў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up