Новости / Культура

Там, дзе чуецца подых Чарнобыля

30.10.2009, 11:10 / remove_red_eye 124 / chat_bubble

Карэспандэнт  «IP» тры дні правёў у Чарнобыльскай зоне. Дарожныя нататкі. Пачатак у папярэднім нумары Intex-press.

У зоне адсялення. Савічы

Потым, на мяжы зоны адсялення, былі Савічы. Магазін тут ёсць, але на той час быў зачынены на перападлік, таму бабулькі чакалі аўталаўку. Насупраць крамы – ве-лічнае збудаванне былое бальніцы, цяпер – без вокнаў, без дзвярэй, без падлогі.

«І ўрачы былі, і палат мо з дваццаць, людзі з усёй акругі лячыліся», – гаворыць адна з бабуль. Цяпер у гэтых пакоях – пробкі ад бутэлек, пластыкавыя шкляначкі – вядома ж, крама насупраць…
«560 двароў было, насенняводчая гаспадарка, Масква пра нас ведала,  – тлумачыць адзін з мясцовых жыхароў, – а зараз на ўсю вуліцу – шэсць чалавек». Пад’ехала аўталаўка. Ад прадаўшчыцы даведаліся, што абслугоўвае яна 24 вёскі, а такіх аўтамагазінаў на раён тры, так што па два разы на тыдзень бываюць у кожным населеным пункце.

РЕКЛАМА

Увогуле, у Савічах, калі ад’ехаць ад крамы і паглыбіцца ў тую частку вёскі, дзе жыве бабуля Кацярына, жудасна. Хаты пазарасталі да вокнаў, на некаторых столькі спляцення, што сцен не відаць. Амаль усе дамы – без вокнаў, без падлогі, а некаторыя нават без дахаў. Пэўна, драўніна выкарыстоўваецца кімсьці як будматэрыялы.

Тут цвітуць здзічэлыя хрызантэмы, у хатах – цікавыя, не такія, як на Брэстчыне, печы. У адной з іх – глечык, чапяла. Увогуле ўсё па-восеньску прыгожа… і страшна.

У Чамярысах – зусім іншая справа. Усё уладкавана, на ферме – каровы, коні. Каля праўлення гаспадаркі – дошка аб’яў. Сярод іх – «Спіс на праполку сталовых буракоў»… «Приступить к прополке с 27 июня, – значыцца ў паперцы, – Кравченко Иван Иванович – 12 соток, 12 рядов, Бельченко Александр Николаевич…»

Побач з Чарнобылем

Праскочылі Камарын. Цікавая царква, пры дарозе – кафэшка з слабаватым асартыментам страў. Вырашылі, што папалуднуем у Славуцічы. На мяжы – амаль што мы адны. Перасякаем без усялякіх праблем. Вось і шыльда з надпісам «Чарнобыль». Гэта зусім недалёка. У Славуцічы – ніякіх праблем з абменам грошай, хаця абменнікі ўжо зачынены. Мянялы тут не хаваюцца – падыходзь і вырашай свае праблемы. Горад забудаваны шчыльна. Рыжскі квартал, Вільнюскі квартал, Тбіліскі. Назвы па сталіцах рэспублік, якія будавалі Славуціч. Асфальт і плітка ўсюды. Ёсць і зеляніна. Спачатку Славуціч не хацелі засяляць: занадта блізка ад Чарнобыля, потым жыхары прызвычаіліся…

У Чарнігаў уязджалі, калі ўжо сцямнела. Усе старажытныя храмы – на ўзвышшах, усе з падсветкаю. У гатэлі сустракаемся з украінскімі калегамі. Дарэчы, некаторыя з іх з намі аж з Брагіна – яны таксама аглядалі забруджаную беларускую тэрыторыю, а потым разам з намі перасякалі мяжу і наведвалі населеныя пункты ва Украіне. У іх таксама прэс-тур.

Пра стан украінскіх СМІ, пра тое, што ва Украіне 14 агульнарэспуб-ліканскіх тэлеканалаў і толькі адзін з іх дзяржаўны, – распавядае старшыня рэдакцыйнае рады газеты «Сівершчына» Пятро Антоненка. Праўда, як ён гаворыць, большасць каналаў працуюць на кланы. Кожны – на свой. Ён з сумам зазначае, што ні адно ўкраінскае выданне не мае ў Беларусі карпункта, гаворыць, што трэба пашырыць стасункі. З цікавасцю слухаем пра тое, што ва Украіне больш за 160 партый, сярод якіх ёсць нават партыя тых, хто любіць жанчын.

На наступны дзень у нас сустрэча з прадстаўнікамі ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях і «Зялёнага свету» – экалагічнае арганізацыі Украіны.
Чарнігаўшчына

Мы даведваемся, што ў Чарнігаўскай вобласці 244 населеныя пункты лічацца забруджанымі. Увогуле ва Украіне такія тэрыторыі падзяляюцца на чатыры зоны – 30-кіламетровая вакол ЧАЭС, зона абавязковага адсялення, зона добраахвотнага адсялення і зона кантролю. На Чарнігаўшчыне ў зоне абавязковага адсялення – адзін населены пункт, у якім пражывае 16 чалавек сталага веку. У зоне добраахвотнага адсялення – 58 населеных пунктаў, у якіх жыве 87 749 чалавек, з іх 15 800 дзяцей.

Чарнобыльскія праграмы, па словах чыноў-нікаў, на жаль, згортваюцца – крызіс. Але ў трэцяй зоне працуюць дзесяць радыёлатаў, якія кантралююць стан прадуктаў харчавання – бульбу, малако, асабліва на ўтрыманне ў іх стронцыю і цэзію.

Усё гэта робіцца таму, што нават у трэцяй зоне (добраахвотнае адсяленне) ёсць пляміны, на якіх радыяцыя адносна нормы павышана ў 4-5 разоў. Дарэчы, добраахвотнае адсяленне зараз – насамрэч па добрай ахвоце – пераязджай, куды надумаеш, але жыллё табе ніхто не дасць. У чарзе на атрыманне кватэр з ліку пацярпелых у вобласці 1 200 сем’яў, некаторыя чакаюць з 1993 года. Стаяць у чарзе і інваліды. Два апошнія гады сродкі на будаўніцтва для чарнобыльцаў увогуле не выдзяляліся.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, які займаецца гематалогіяй і які ўдзельнічаў у эвакуацыі насельніцтва пасля выбуху, расказаў шмат цікавага пра тое, як і куды адсялялі людзей. Напрыклад, дзяцей чыноўнікаў з Кіева адразу апранулі ў шчыльныя накідкі, адзелі на іх маскі і накіравалі на аздараўленне ў Крым. А яшчэ мы даведаліся ад спецыялістаў з Украіны пра тое, што ў 1986 годзе быў не першы выкід радыёактыўных рэчываў у атмасферу. Першая аварыя – выкід плутонію – адбылася ў 1984 годзе. Ёсць сведкі першае катастрофы на станцыі. Распавялі нам і пра тое, што ўрачам і медсёстрам дазвалялася ў 1986 годзе быць каля хворых не болей чым па 10 хвілін у гадзіну – такое ад тых ішло выпраменьванне. І што памерлых, якія лячыліся ад радыяцыі ў Маскве, не хавалі там па той жа прычыне.

Увогуле, Чарнігаўшчына – не самая забруджаная радыёнуклідамі тэрыторыя. Горш справы з гэтым у Кіеўскай і Жытомірскай абласцях. Але і тут, па словах спецыялістаў, патрэбен пастаянны кантроль за сітуацыяй. Асабліва гэта тычыцца лекавых раслін, грыбоў, ягад.
Ёсць на Чарнігаўшчыне землі, якія не апрацоўваюцца. Але гэта не толькі таму, што яны забруджаны. Землі тут бедныя, заможных калгасаў, як у нас, ва Украіне няма, таму тэрыторыя паціху зарастае і прырода сама ачышчае зямлю.

Што тычыцца медыцынскага абслугоўвання, то ва Украіне яно ўсё больш пераходзіць на платную аснову. Але тыя, хто мае пасведчанне пацярпелага, лечацца бясплатна. Іх у Чарнігаўскай вобласці 93 000. Зараз на патрэбы хворых выдзяляецца тры мільёны грыўняў у год, раней выдзялялася па  8-9 мільёнаў. З улікам таго, што грыўня «аслабла», а лекі сталі даражэйшымі, гэта вельмі малы рэсурс.

Няма таго, што раней было

Гэтыя тры  дні, праведзеныя ў раёнах, набліжаных да Чарнобыльскай АЭС, для мяне асабіста былі яшчэ і паездкай-параўнаннем. У свой час некалькі гадоў давялося працаваць памоч-нікам капітана цеплахода і вазіць руду па Прыпяці і канале з Чарнобыля на Брэст. Гэта былі цудоўныя мясціны – прыгожыя, абжытыя, уладкаваныя. Сам Чарнобыль – утульны райцэнтр з універмагам, царквою на гары, помнікам Леніну каля Дома Саветаў. Прыпяць – горад атамшчыкаў, побач са станцыяй, у лесе каля ракі.

Зараз усё гэта – здзічэлыя закінутыя мясціны, па якіх бадзяюцца звар’яцелыя ваўкі.

РЕКЛАМА

Здзівіла тое, што ў Чарнігаве безліч аўтамабіляў з беларускімі нумарамі:  да Гомеля адсюль зусім недалёка і людзі з Беларусі едуць за мануфактурай і харчаваннем ва Украіну – тут усё танней.

У сувязі з гэтым у нас узнікла некалькі пэўных праблем. Па-першае, калі раніцай мы зайшлі ў адзін з банкаў, то там у наяўнасці не аказалася… украінскіх грыўняў. Як патлумачылі супрацоўнікі, людзі з суседняе краіны разабралі – тыя, хто прыехаў з Беларусі за таварам.

Вядома ж, мянялі на грыўні не нашы разліковыя білеты, а валюту.

І яшчэ. Калі ў суботу вечарам мы рушылі да мяжы, то на пераходзе з украінскага боку якраз і ўперліся ў гэту чаргу з беларускімі нумарамі. Машыны з Украіны з набыткамі і нашы тры аўто прасоўваліся да памежнага пераходу больш за тры гадзіны. Але гэта не надта засмучала: мы змаглі яшчэ раз абмяняцца досведам, абмеркаваць, што бачылі, што чулі. І прыйсці да высновы, што ў Чарнобыльскай зоне жыць не варта. Ні з гэтага боку мяжы, ні з тога.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up