Новости / Культура

Там, дзе чуецца подых Чарнобыля

22.10.2009, 17:07 / remove_red_eye 108 / chat_bubble

У свой час дачка Сталіна Святлана Алілуева, з’ехаўшы за мяжу, пісала: «Незабвенная моя Россия. Волки воют на твоих заснеженных равнинах!» Нельга сказаць, што ваўкі так жудасна выюць у Чарнобыльскай зоне, але тое, што іх там шмат і што яны нават нападаюць на людзей, – праўда.

Менавіта пра гэта нам распавяла бабуля Кацярына з вёскі Савічы, што ў Брагінскім раёне. Шалёная ваўчыца пакусала яе пару гадоў таму. «Я так моцна крычала, што потым месяц гаварыць не магла, – распавядае старая. – Зараз, як сабаку здалёк убачу, – думаю, што воўк. Стаю і чакаю, пакуль прой-дзе…»
Падчас прэс-туру журналістаў у Чарнобыльскую зону, што быў арганізаваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў у пачатку кастрычніка, мы даведаліся, што воўк і на тэрыторыі атамнай станцыі ва Украіне пакусаў шэсць чалавек. Было гэта ў верасні 2009 года. Пра дзікоў, якія знішчаюць пасевы бульбы і буракоў, ад мясцовых жыхароў мы чулі неаднойчы. Тая ж бабуля Кацярына распавяла, што ў выкапанай за яе плотам і залітай вадою яміне дзікі нават удзень збіраюцца па восем – дзесяць, каб паплёхацца. А ўначы яны робяць набегі на агароды нешматлікіх жыхароў вёскі, так што садзіць гародніну бессэнсоўна… Увогуле, падчас паездкі па Чарнобыльскай зоне, у тым ліку і па адселеных вёсках, удалося пачуць і ўбачыць шмат чаго. Праўда, проста цікавым гэта не назавеш. Хутчэй, гэта сумна.

Гомель

Пачынаўся наш прэс-тур з Гомеля. З той пары, як давялося мне вучыцца там на судавога механіка, а потым з Брэста ці Пінска праз Чарнобыль па Прыпяці, Дняпры і Сожы трапляць у гэты горад на цеплаходзе, прайшло шмат часу. Апошнім разам быў там гадоў восем назад. Таксама ў прэс-туры па чарнобыльскіх мясцінах. І калі адселеныя вёскі, нягледзячы на ідэю іх адраджэння, цяпер у заняпадзе, то абласны цэнтр прыгажэе і развіваецца. Другі па велічыні ў Беларусі пасля Мінска, Гомель уражвае сваёй велічнасцю, высокімі прыгожымі дамамі, малымі архітэктурнымі формамі, зелянінай, якая пачынала ўжо перамяжоўвацца з шматлікімі колерамі восені…

РЕКЛАМА

Стралічаў

…У аграгарадку Стралічаў Хойніцкага раёна чамусьці пяршыць у горле. Зрэшты, можа, гэта проста падаецца, бо дазіметр паказвае дапушчальную норму радыяцыі нават на траве, не гаворачы ўжо пра асфальт. Супакойвае і аповед адной з прадстаўніц мясцовай адміністрацыі, дакладней, намесніцы дырэктара бровара, ад якое мы даведваемся, што ў вёсцы жыве 960 чалавек, большасць насельніцтва занята ў вытворчасці, ёсць тут і школа, і дзіцячы садок. Удаецца нашай групе трапіць і на сам бровар. Ён зараз на рэканструкцыі, але вось-вось зноў уступіць у шэрагі дзеючых. Пакуль на прадпрыемстве вырабляюць спірт-сырэц, які адпраўляецца на перапрацоўку ў Бабруйск, але праз пару тыдняў плануецца ачышчаць яго ўжо ў Стралічаве, тады там будзе свой рэктыфікат. Прадпрыемству ўжо амаль сто гадоў – працуе яно з 1912-га. Невыпадкова сцены тут таўшчынёю больш за метр…

Перапрацоўваецца на заводзе трыцікале, жыта, ячмень, авёс –  18 тон зерня ў суткі. У работу ідзе ўсё забруджанае зерне, якое вырошчваецца ў Хойніцкім раёне. А бруднае яно тут усё. Лічыцца, што ў спірце радыяцыя не застаецца. Праўда, у бардзе – гэта вадкія адходы пасля перагонкі зерня на спірт, яна ёсць. Барду выкарыстоўваюць на кармленне жывёлам. Па словах спецыялістаў, яе не даюць цялятам і дойнаму статку, а толькі тым каровам, якія ідуць на ялавічыну. У гэта не вельмі верыцца, бо ў суседніх вёсках статкі па 300 і па 180 галоў. Вымушае задумацца і фраза, што радыяцыя пры вырабе спірту з зерня выходзіць з параю. У такім выпадку куды дзяецца пара? Дарэчы, з гэтага спірту вырабляюць гарэлку «Люкс» і «Экстра».
У Стралічаве вельмі шмат прыезджых. Палова чужых – гавораць мясцовыя жыхары. У большасці гэта расейцы, якія жылі ў рэспубліках Сярэдняй Азіі – Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, але ў дзевяностых вымушаны былі адтуль з’ехаць. «Для сябе» тут вырошчваюць усю гародніну, прадукцыя мясцовага свінакомплексу трапляе ў мясцовыя крамы. Радыяцыі тут не баяцца і нібыта не адчуваюць. У Стралічаве пачулі фразу «За тры кіламетры ад нас вёску Губарэвічы «хаваюць».

Губарэвічы

Праз хвілін дваццаць мы былі ў Губарэвічах. Там якраз і знаходзіцца адна з малочна-таварных фермаў. А вось вёскі, лічы, няма. Раней тут было каля 250 дамоў, зараз, можа, з дзесятак. Па дарозе сустрэлі маладую дзяўчыну з вяроўкаю ў руках – ішла за кароваю. Спыталіся ў дзяўчыны, ці не палохае яе радыяцыя. «Я з вайны прыехала, – сказала тая, — радыяцыі не відаць, а вайна відна». На пытанне «адкуль прыехалі?» адказала «з Таджыкістана». Потым удалося пагутарыць з яе матуляю. Яна татарка па нацыянальнасці (муж быў узбек, яны ўцяклі з Таджыкістана ў 1989 годзе, калі там пачалася вайна). У 1990-м усім уцекачам прапанавалі атрымаць беларускія пашпарты. Хто згадзіўся – выйграў, астатнія, па словах кабеты, потым нават дзяцей на аздараўленне не маглі адправіць. Як гаворыць жанчына, хто не хоча з’язджаць з Губарэвіч, – сілком не выганяюць: не хочаш – жыві тут. Але такіх ужо няшмат. Цяпер у вёсцы працуюць з дзесятак магутных машын – трактары, бульдозеры, аўтамабілі. З іх дапамогай разломваюць і вывозяць на так званыя магільнікі пустуючыя дамы.

Вартаўнік, што сустрэўся на вуліцы, расказаў, што працуе праз суткі – ахоўвае нафтабазу і пілараму. Змена – з чатырох вечара да васьмі раніцы. Заробак – 247 000 у месяц. Жонка, якая працуе на ферме і доіць 30 кароў, у месяц мае 250 тысяч.
«Многія з’язджаюць,  бо тут працаваць трэба. Але тыя, хто паехаў, амаль усе паўміралі. Сюды на могілкі хаваць прывозяць», – распавядае мужчына.                    70-гадовая бабулька з гэтай вёскі Надзея Канстанцінаўна Зорына, якая некалі нарадзілася ў Расіі, са смехам заўважае: «У нас тут адны бабы засталіся, мужыкі паўміралі. «Слабое звяно». На дарогах тут радыяцыя ў норме – 0,12 – 0,15 мілірэнтген, але калі саступіш у траву ці памераеш дазіметрам сена, што ляжыць у рулонах, прыбор паказвае 0,35 – 0,38 (дапушчальная норма – 0,20).

Брагін

У Брагіне, куды трапілі ў той жа вечар, пакой на дваіх у гатэлі каштуе 48 000 рублёў з кожнае асобы. «Люкс» – гэта два пакойчыкі – 92 000. Сняданак не прадугледжаны. У мясцовым рэстаране насупраць – ні музыкі, ні сервіроўкі, ні наведвальнікаў. Нам не падалося, што групе ў 15 чалавек тут узрадаваліся. Побач з галоўнай плошчай у райцэнтры – помнік ураджэнцу гэтых мясцін ліквідатару Васілю Іванавічу Ігнаценку. Нарадзіўся ў 1961-м, памёр 13 мая 1986 года, адразу пасля катастрофы. На пастаменце надпіс, які сведчыць, што ў 2006 годзе указам прэзідэнта Украіны Васілю Ігнаценку  прысвоена званне Героя Украіны (пасмяротна).

Недалёка ад гатэля ўзводзіцца велічны і прыгожы помнік воінам-афганцам. Сам манумент ужо ўсталяваны. На яго вяршыні – тры раскрыленыя ластаўкі – менавіта тры хлопцы з Брагінскага раёна не вярнуліся з Афганскае вайны.

Намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Гануш, які вырашае праблемы, звязаныя з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, распавёў нам, што раней у раёне жыло 40 000 чалавек, засталося шаснаццаць тысяч. 24 000 з раёна з’ехалі. З дваццаці сямі гаспадарак, што былі да аварыі, засталося сем калгасаў. Нават у самім Брагіне, дзе было пяць з паловай тысяч жыхароў, засталося тры з паловай тысячы. І тут шмат прыезджых з былых рэспублік Савецкага Саюза. У школе – 830 дзяцей. Аздараўляюцца зараз дзеці выключна ў беларускіх санаторыях.

Раён датуецца дзяржавай на 80%. Тое, што вырошчваецца на палях, ідзе на спірт. Кароў стараюцца карміць сіласам – лічыцца, што кукуруза радыяцыю не набірае. Градаўтваральныя арганізацыі ПМК, ДЭУ, камунгас і райспажыўсаюз.

Вёска Дублін, якую мы таксама наведалі, выглядае прыгожа. Ёсць школа, крама. Будуюцца дамы для спецыялістаў. «Адсюль не з’язджаюць, наадварот, вяртаюцца, – сказаў адзін нестары мужчына, што сядзеў на лаўцы каля хаты. – Я, напрыклад, прыехаў з Горак». Побач з сучаснымі збудаваннямі тут ёсць дамы, крытыя чаротам. На адным з падворкаў новабудоўлі мы ўбачылі цэлую плантацыю каноплі.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up