Автор: Алесь ГIЗУН

16:14, 15 октября 2009

Культура

remove_red_eye 111

Сродак запаволіць час, або Рэквіем па забытай люльцы

У арабаў у пашане кальяны як мінімум метр у вышыню, з якіх атрымліваюцца найлепшы эфект і асалода. Такіх у нас не знайсці. Мадэлі па 30-40 см, відаць, там робяць дзеля нас, каб хутчэй запхнылі у чамадан і скочылі на самалёт”.

Пра спецыфіку захаплення беларусамі ўсходняй экзотыкай, а таксама пра тое, чаму кальян наўрад ці прыжывецца ў нашай культуры, як і яго беларускі аналаг – люлька, карэспандэнту «IP» распавёў Язэп К.* – адзін з першых маладых лю-дзей у Баранавічах, які разам з сябрамі пачаў рэгулярна паліць кальян.

Аднойчы ў Баранавічах

Па словах Язэпа, кальяны масава пачалі  з’яўляцца ў Баранавічах толькі гады чатыры таму. Прынамсі тады ў горадзе ўжо можна было пачуць, што хтосьці прыдбаў сабе гэту экзатычную «пыхкалку».

РЕКЛАМА

«З развіццём індустрыі адпачынку больш нашых людзей ездзяць у Егіпет, адкуль часцей за ўсё і прывозяць кальяны сабе на памяць і знаёмым на падарункі, – распавядае Язэп. – Першыя крокі былі зроблены, а далей усё спрацавала як заўжды. У кагосьці з’явілася штосьці цікавае, астатнія думаюць: «О! І мне такое трэба…»
Да гэтага моманту, разважае Язэп, у свядомасці людзей практычна не было адкуль узяцца адчуванню нястачы ў «чужакультурным» кальяне.

«Што да прыкладаў з масавай культуры, на ўспамін перадусім прыходзіць амерыканскі фільм «Аднойчы ў Амерыцы», – прыгадвае Язэп. – Там досыць доўга трымаецца кадр, дзе герой паліць кальян. А яшчэ ў найцудоўнейшым савецкім мульціку «Аліса ў краіне цудаў» кальян паліў слімак. І даволі доўга паліў… Жыхары Баранавіч маглі таксама назіраць кальян і ў кавярні «Залаты рог». Але там ён прысутнічаў толькі як элемент дэкору».

Айчынныя варыяцыі

Таварышу Язэпа кальян падарылі знаёмыя арабы, якія па прафесійных справах прыязджалі на баранавіцкі авіязавод. Праз уладальніка падарунка з экзатычнай усходняй «трубкай» пазнаёмілася цэлае кола яго сяброў.
«Хлопец выносіў кальян на надворак, і мы палілі яго ўсе разам, – прыгадвае Язэп. Большасць з нас думалі спачатку, што гэта прынясе нейкі наркатычны эфект ці нешта падобнае. Неяк замест вады нават залівалі ў фільтр гарэлку і пасля чакалі прышэсця… Ды чаго мы толькі не рабілі: ніхто не ведаў, як правільна з ім абыходзіцца. Таму залівалі ў кальян нават малако».

Калі кампанія ўцяміла, што пабочных дзеянняў ад кальяна чакаць марна, пачалі штовыходныя збірацца на кватэрах і паліць кальян ужо сем’ямі. Часам давалі папускаць салодкі дым нават малым дзецям.
«Арабы распавядалі, што ў іх на радзіме кальян паважаюць жанчыны, – кажа Язэп. – Па-першае – за лёгкі дым, па-другое – увогуле за магчымасць папаліць. Як вядома, з’яўляцца на людзях з цыгарэтай усходнім дамам забаронена, аднак дома на самоце яны могуць з асалодай папаліць кальян».
Цікава, што слова кука (адна з назваў кальяна) персідскага паходжання абазначала раней адмысловы гаршчок, дзе ўсходнія жанчыны захоўвалі свае пахошчы і каштоўнасці.

Беларускі кальян – люлька

Сябры перасталі збірацца разам, калі адчулі, што паленне кальяна патрабуе большай інтымнасці, якую лепей перажываць сам-насам.

І ўсё ж, па меркаванні Язэпа, вынаходніцтва іншай цывілізацыі наўрад ці шырока пашырыцца сярод беларусаў, прызвычаеных да іншых рытму і ладу жыцця: «Ніхто з нашага кола не паліў звычайных цыгарэт. Паленне кальяна было для нас чыстай эстэтыкай. Пускаеш паволі дым – і плынь часу і думак запавольваецца. Найлепш параўнаць кальян з нашай страчанай люлькай. Каб удала начыніць, а пасля выпаліць люльку або кальян, трэба не толькі пэўны досвед, але і час, бо нічым іншым у гэты момант займацца ўжо не будзеш. Для цыгарэты час не трэба. Усюды знойдзецца месца і час, каб падпаліць яе, нават калі рукі занятыя іншым. Чалавек ужо не прыкмячае, як дастае папяросу з пачка, гэта робіць ужо не ён, а нейкі аўтамат. Ніякай эстэтыкі, бадай, тут ужо няма. Засталіся адно хвароба і залежнасць».

Не было і не будзе?

Як канстатуе Язэп, беларускаму народу нават люльку заўжды не ставала часу папаліць. Яшчэ самакрутку з газеты скруціць – сяк-так можна было. Люлька ж заставалася прэрагатывай «паньства». Пасля рэвалюцыі селянін і пралетарый рэзка перакрочылі ў гарады, дзе іх чакалі ўжо гатовыя цыгарэты – больш зручныя для масавага спажывання, чым піпка.. «Так, беларусы нават люльку добра не памацалі зубамі», – іранічна выракае Язэп.

Падобную будучыню ў дамах сучасных практычных беларусаў Язэп прагназуе і кальянам. На яго думку, пераважна іх чакае лёс звычайных статуэтак сярод астатніх заморскіх сувеніраў: «У арабаў у пашане кальяны як мінімум метр у вышыню, з якіх атрымліваецца найлепшы эфект і асалода. Такіх у нас не знайсці. Мадэлі па 30 – 40 сантыметраў, відаць, там робяць ужо дзеля нас, каб хутчэй запхнулі ў чамадан ды скочылі на самалёт».
*Імя зменена па жаданні героя артыкула

Цыгарэты ці кальян?

Што больш шкодна для здароўя – паліць цыгарэты ці кальян? На гэта пытанне існуюць палярныя адказы.


Сярод баранавіцкіх медыкаў карэспандэнт «IP» не адшукаў спецыяліста, які патлумачыў бы шкоднасць для здароўя ад карыстання кальянам. Нарколагі кажуць, што кальяны для беларусаў – рэч зусім новая і са скаргамі на здароўе пасля яго палення яшчэ ніхто да медыкаў не звяртаўся. Чаканага адказу мы не атрымалі нават у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У сітуацыі, калі айчынныя медыкі не гатовы ацаніць шкоднасць гэтага новага захаплення моладзі, застаецца адно – шукаць адказы ў глабальным сеціве. Між іншым ліберальны інтэрнэт мае адказы для ўсіх – ад зацятых апалагетаў кальяннай культуры да нястомных змагароў за здароўе нацыі.

Адэпты кальяна кажуць пра яго мінімальную шкоду для здароўя: малое змяшчэнне нікаціну і адсутнасць (не заўсёды) шкодных смолаў; вялікая ступень ачысткі і ахаладжэння дыму праз ваду; бяспечнасць дыму, які на 90% складаецца з гліцэрыну.

Аднак пярэчанняў гэтым фактам таксама даволі шмат: нягледзячы на меншае змяшчэнне шкодных рэчываў у табацы для кальянаў, чым у звычайных цыгарэтах, падчас яго палення арганізм засвойвае залішне шмат чаду, да таго ж дым трапляе нават у самыя аддаленыя куткі лёгкіх; у выніку – пасля працяглага сеансу палення кальяна (40 – 50 хвілін) чалавек засвойвае дозу небяспечных рэчываў большую, як ад цэлага пачку папярос. Дарэчы, Сусветная арганізацыя здароўя таксама не прызнала кальян няшкоднай альтэрнатывай цыгарэтам.

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up