Автор: Алесь Гізун

13:12, 5 октября 2009

Спецпроекты

remove_red_eye 364

Вялікая Сваротва. Сляды спадчыны

Унікальная трохкутная царква, маляўнічая рэчка Сваротва, якая бярэ пачатак са Свіцязі, не знішчаная праз вякі дуброва і велічныя руіны сядзібы Незабытоўскіх – усё гэта сёння можна ўбачыць у аддаленай баранавіцкай вёсцы Вялікая Сваротва, што на мяжы з Наваградчынай.

Учора

Як сцвярджаюць гістарычныя крыніцы, з XV ст. двор Сваротва належаў роду Храптовічаў. З 1716 года гэтыя землі разам з суседняй Моўчаддзю пачалі належаць Юдзіцкім. Ужо ў пачатку XIX ст. Сваротва была маёмасцю Якуба Незабытоўскага, а пазней – яго дзяцей, у тым ліку і сына Стэфана, маршалка Гарадзенскай губерні.

У пачатку пазамінулага стагоддзя Якуб Незабытоўскі і заклаў сядзібу на высокай тэрасе р. Сваротва – адзінай рэчкі, якая выцякае са Свіцязі. Як выглядаў сядзібавы дом Незабытоўскіх, сёння можна ўбачыць на малюнку Напалеона Орды ад 1876 года.

РЕКЛАМА

Палац уяўляў сабою двухпавярховы, квадратны, каменны будынак, выкананы ў стылі блізкім да ампіру. На даху была прадугледжана пляцоўка для агляду наваколля з маляўнічай, пакручастай рэчкай. Сіметрычна па абодва бакі палаца размяшчаліся два флігелі, адзін з якіх выконваў функцыю гатэля. Вялікі, доўгі будынак па ўсходнім краі параднага двара ўключаў галубятню, стайню і кароўнік. З боку ракі гэта пабудова заканчвалася вялікім двухпавярховым аб’ёмам, дзе месціліся сталярня і майстроўні.

На старых фотаздымках захавалася выява лядоўні, якая заканчвалася ўражвальнаю вежаю з гадзіннікам. Як адзначае даследчык А. Федарук, бой ад гадзінніка быў чуваць далёка ў наваколлі. Уздоўж дарогі размяшчаўся таксама немалы будынак былой аранжарэі, якая вітала ўсіх наведвальнікаў Незабытоўскіх пры заездзе на тэрыторыю сядзібы. Па меркаванні даследчыка А. Федарука, аранжарэя ў Сваротве нагадвала аранжарэю ў радзівілаўскай Паланэчцы: яе фасад уяўляў доўгі шэраг з аркавых вокнаў.

Палац разам з інтэр’ерамі і бібліятэкай, а таксама ўсе гаспадарчыя будынкі сядзібы Незабытоўскіх згарэлі ў 1917 годзе.

Сёння

Да нашых дзён ад сядзібы Незабытоўскіх захаваліся руіны будынкаў гаспадарчага двара без дахаў. Аднак каб адшукаць старыя муры з валуноў і бутавага каменю ў зарасніках бузіны і быльнягу, лепш мець з сабою план сядзібы. Будынак аранжарэі дабудоўваўся і эксплуатаваўся ў савецкі час. У наш час часткова эксплуатуюцца старыя кароўнік і стайня.

Мяркуючы па свежых трактарных слядах, месца колішняга палаца, партэрнага круга і флігеляў было зраўнавана зусім нядаўна. Не захаваўся да нашых дзён і мост праз Сваротву.

Сучасны выгляд на сядзібу Незабытоўскіх  з боку ракі Сваротва

Сучасны выгляд на сядзібу Незабытоўскіх з боку ракі Сваротва

Сёння рэчку можна лёгка перайсці ўброд, не замачыўшы ногі вышэй за калена. З супрацьлеглага берага асабліва добры выгляд на гаспадарчы двор былой сядзібы. Каля самай вады стаяць парослыя быльнягом муры кузні. Далей пачынаецца пад’ём на тэрасу, дзе стаіць сядзіба. Схіл да ракі калісьці быў забрукаваны вялікімі камянямі, рэшткі чаго прасочваюцца і сёння. Унізе калісьці месціўся кветнік, які арыгінальна выглядаў на фоне шэрых камянёў.

Ад часоў Незабытоўскіх да нашых дзён захавалася доўгая алея старых дубоў, якой проста немагчыма не заўважыць, пабываўшы ў вёсцы. Захаваўся таксама і парк.

Старая дуброва ў Вялікай Сваротве

Старая дуброва ў Вялікай Сваротве

Перад сядзібай з боку заязной алеі стаіць каплічка. У 1914 годзе каля яе пахавалі нямецкіх жаўнераў. У мясцовай кабеты мы даведаліся, што зусім нядаўна адзін з вяскоўцаў узяў сякеру і пакрышыў помнік.

РЕКЛАМА

Ацалелая пліта ад помніка загінулым няіецкім жаўнерам

Ацалелая пліта ад помніка загінулым няіецкім жаўнерам

Сёлета пры падтрымцы ініцыятыўных людзей у Вялікай Сваротве быў адноўлены унікальны старажытны храм – колішняя уніяцкая царква Святой Троіцы (сёння праваслаўная). Фундавалі пабудову царквы калісьці таксама Незабытоўскія. Царква, якая была пабудавана ў 1823 годзе на месцы больш старажытнага драўлянага храма, не мае аналагаў у Беларусі, а, магчыма, і ў свеце. Гэта мураваны трохкутны(!) будынак, які заканчваецца шатравым дахам з вежкаю. Алтар знаходзіўся ў цэнтры царквы (пасля сённяшняй рэстаўрацыі гэта, на жаль, не захавана).

Трохкутная царква (раней – вуніяцкая, сёння – праваслаўная)

Трохкутная царква (раней – вуніяцкая, сёння – праваслаўная)

Пабудова храма такім чынам адлюстроўвала яго канцэпцыю: праз тры розныя ўваходы ў царкву маглі адначасова ўваходзіць уніяты, праваслаўныя і каталікі, якія разам маліліся ў адным храме.

З Баранавіч да Вялікай Сваротвы можна даехаць на аўтобусах, якія едуць да Моўчадзі або Андрэеўцаў.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up