Автор: Руслан Равяка

10:58, 25 сентября 2009

Культура

remove_red_eye 198

Невядомае фота ксяндза Татарыновіча

Ужо колькі год збіраю для сваёй калекцыі розныя старыя рэчы,  звязаныя з беларускім рухам і проста маёй Бацькаўшчынай – Баранавічамі. У мінулым годзе  мне ўдалося  набыць у полькі-варшавянкі два старыя баранавіцкія фотаздымкі – звычайныя старыя фота навучэнцаў баранавіцкай школы імя Міцкевіча 1926 года.

Згодна з надпісам на адвароце аднаго здымка ён зроблены 10 чэрвеня 1926 года  недалёка ад школы. На здымку –  прыгожая пячатка баранавіцкай фотамайстэрні «Фантазія». На яе, па праўдзе, я адразу і паквапіўся. Ды яшчэ і на прозвішчы вучняў, выведзеныя дзіцячай рукой, бо большасць такіх здымкаў звычайна ананімныя. Пяты нумар у верхнім радзе пазначаны «Я» – гэта гаспадар здымка, прозвішча якога, на жаль, засталося нам невядомым.
Пасля заўважыў, што пад нумарам 21 (сядзіць сёмы злева) – ксёндз Татарыновіч. Увайшоў у  інтэрнэт, каб пацвердзіць сваю здагадку – так, гэта наш беларускі ксёндз, прозвішча якога цяпер не шмат каму ўзгадаецца. Большасць і не ведае, што дзякуючы айцу Пятру Татарыновічу з 1950 года ў радыёэфір выходзіць Беларуская служба Радыё Ватыкан.

Пётр Татарыновіч, каталіцкі святар, папскі прэлат, доктар тэалогіі, удзельнік беларускага  хрысціянскага руху, пісьменнік, перакладчык і публіцыст, вядомы таксама пад псеўданімамі Пётра Задума, Мядзьведзіцкі, нарадзіўся 2 чэрвеня 1896 года ў вёсцы Гайні Слуцкага павета.

Яшчэ падчас навучання ў Пецярбургскай і Мінскай се-мінарыях далучыўся да беларускага руху. Як згадвае ксёндз Адам Станкевіч у кнізе «Родная мова ў святынях»  (Вільня, 1929 г.), у 1918 годзе Татарыновіч, яшчэ субдыяканам, прамаўляў казанні па-беларуску ў касцёле ў Мядзведзічах (цяпер Ляхавіцкі раён):  «Парафіяне з вялікай зацікаўленасцю слухалі казанні, плакалі і цешыліся… Толькі аднойчы склалася незвычайная сітуацыя. Адзін з парафіян, навучаны ворагамі беларушчыны, на Новы год, калі ксёндз Татарыновіч пачынаў казанні, нясмела, быццам не сваім голасам, прамовіў: «Па якому гэта да нас гаворыш?..» Людзі з выразным незадавальненнем утаропіліся на яго, на гэтым і скончылася «опозыцыя». Пасля гэтага праз доўгі час гучалі ў Мядзведзічах беларускія казанні, і водгукі на іх былі толькі станоўчыя».

РЕКЛАМА

Святарскае пасвячэнне Пётра Татарыновіч атрымаў 12 чэрвеня 1921 года. Пасля працаваў у Пінску, затым настаўнікам у Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Наваградку. У 1922 годзе прызначаны прэфектам пачатковых і сярэдніх школ у Баранавічах. Здымак паходзіць з гэтага перыяду жыцця Татарыновіча.
За прапаганду беларушчыны ў 1926 годзе быў высланы з Беларусі ў каталіцкую парафію на польскамоўныя Мазуры (дарэчы, дата на здымку сведчыць аб тым, што яшчэ ў чэрвені 1926 года ксёндз Татарыновіч быў у Баранавічах).

Нейкім чынам здолеў вярнуцца на Палессе ў 1927 годзе. Працаваў у парафіі Дамачава (1927 – 1931), потым у Століне (1932 – 1939). У 1933 годзе да таго ж быў вікарыем навукі рэлігіі ў школах Лунінецкага дэканата. Тады ж выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле ў Церабежаве.

З 1928 года стаў сябрам Цэнтральнага камітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Увесь час праводзіў казанні  на беларускай мове, дапамагаў     уніяцкім парафіям у Альпені, Дзяляцічах, Хутарах і іншых месцах. Вядома, што ксёндз Татарыновіч шмат разоў наведваў беларускага пробашча уніяцкай парафіі ў  вёсцы Альпень на Палессі Вацлава Аношку, дзе дапамагаў у пастырскай дзейнасці. Там  ён запомніўся выдатнымі беларускімі прамовамі. Заснаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах.

Пётр Татарыновіч, 1950-я гады

Пётр Татарыновіч, 1950-я гады

Пісаў для беларускіх каталіцкіх выданняў «Krynica», «Chryscijanskaja Dumka», Беларускага каталіцкага выдавецтва. Працяглы час друкаваўся на старонках уніяцкага часопіса «Да злучэння». Пераклаў на беларускую мову творы дацкага паэта І. Ёргенсэна (у 1926 г. у Вільні выдаў яго рэлігійна-філасофскі нарыс «Прыпавесьці»). Выдаў кнігі і брашуры («Сьвяты Ізідар хлебароб (1928), «Вя-лікія людзі», «Купальле» (1930), «Шляхам дзіваў і ўражаньняў»  (1934), «Зярняткі з роднай юнацкай нівы»).

У пачатку 30-х стаў сябрам Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У той час сярод беларусаў панскай Польшчы з’явілася ідэя стварэння нацыянальных дамоў. У 1936 годзе ў Мядзведзічах быў пабудаваны першы і адзіны Беларускі Дом. Першапачаткова на яго будаўніцтва ахвяраўваў адзін жыхар гміны 100 долараў. Пасля грошы збіралі сябры БІГіК, прыкладна па 100 злотых. Афіцыйным інвестарам гэтага будаўніцтва лічыўся ксёндз Татарыновіч, які інфармаваў польскія ўлады, што будуе дом на ўласныя сродкі і патрэбы. Пасля заканчэння будоўлі Татарыновіч падарыў дом БІГіК. У 1939 годзе захварэў на сухоты і часова пакінуў свае абавязкі.  
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, акрамя польскіх афіцэраў, асаднікаў, чыноўнікаў і інтэлігенцыі, пачаліся рэпрэсіі супраць каталіцкіх і праваслаўных святароў. Было арыштавана шмат заходнебеларускіх дзеячоў. Таму ў 1940 годзе Татарыновіч, каб пазбегнуць арышту,  таемна ўцёк у зону нямецкай акупацыі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся на Радзіму, каб працягваць службу ў касцёле па-беларуску.
Быў запрошаны разам з беларускім духавенствам 15 снежня 1941 года на канферэнцыю школьных інспектараў, што адбывалася ў Мінскім гарадскім тэатры (сёння – тэатр імя Янкі Купалы). Туды збіралася ўся беларуская культурная эліта. Ксёндз Татарыновіч прыйшоў на канферэнцыю ў звычайным касцюме. Гэта выратавала  яму жыццё. Каб пагутарыць з сябрамі, якіх даўно не бачыў, ён  заняў месца не ў першым шэрагу разам з другімі святарамі, а на галёрцы.

 Падчас выканання нямецкага гімна беларускія ксяндзы ўзняліся, але не выцягнулі рукі. Адразу пасля заканчэння канферэнцыі ксяндзы  Глякоўскі і Малец былі арыштаваны СД. Татарыновіча паспелі схаваць людзі з каталіцкага камітэта і на наступны дзень  пераправілі ў Баранавічы. Неўзабаве з нашага горада ён  паехаў у Варшаву.
У Варшаве выкладаў рэлігію ў беларускай школе і працаваў пробашчам спачатку ў касцёле святога  Марціна, а потым у касцёле айцоў базыльянаў. У 1943 годзе працаваў рэферэнтам культуры і асветы ў Беларускім камітэце.
Удзельнічаў у працы 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску, дзе выступаў з прывітальнай прамовай. Пасля эміграваў у Ратэнбург (Нямеччына). У кастрычніку 1945 года быў запрошаны ў Ватыкан.

У 1945 – 1949 навучаўся ў папскім Усходнім інстытуце, абараніў доктарскую працу «Святы Кірыла Тураўскі і яго дактрына асцэтычная». З верасня 1950 да 1975 выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Znic».
 Ведаючы пра асаблівую патрэбу гучання Божага слова на Беларусі, заснаваў у 1950 годзе беларускую праграму «Радыё Ватыкана». Па стане здароўя перадаў у 1970 годзе кіраўніцтва Беларускай праграмай вядомаму беларускаму святару архімандрыту Льву Гарошку.

Рашэннем Кансістарыяльнай кангрэгацыі 21 студзеня 1964 года прызначаны Апостальскім пасадам дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі.

За  час побыту ў Рыме пераклаў і напісаў тлумачэнне да кнігі «Сьвятая Эвангелія, Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954). Пераклаў на беларускую мову і выдаў раман Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956).
Пятра Татарыновіча не  стала 3 верасня 1978 года.

Якраз напярэдадні 30-й гадавіны з дня  яго смерці  да мяне трапіў гэты фотаздымак… Як Божая згадка і даніна памяці беларускаму патрыёту. Як знак таго, што шмат сярод нас  невывучанага і незаўважанага… таго значнага, чаго не можам і не хочам заўважаць.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up