Автор: ARCHE

13:53, 18 сентября 2009

Политика

remove_red_eye 172

«Усходняе партнёрства» – магчымасці і выклікі

«Усходняе партнёрства» – гэта план развіцця адносін паміж Еўрасаюзам і дзяржавамі Усходняй Еўропы ды Паўднёвага Каўказа, які дае апошнім магчымасць паступова ўключацца ў палітыку  і праграмы Еўрасаюза і  інтэгравацца ў агульны рынак.

«Усходняе партнёрства» (УП), старт якому быў дадзены 7 траўня 2009 г. на нефармальным саміце Еўрасаюза ў Празе, – гэта план развіцця адносін паміж Еўрасаюзам  і дзяржавамі Усходняй Еўропы ды Паўднёвага Каўказа, які дае апошнім магчымасць паступова ўключацца ў палітыку і праграмы Еўрасаюза, а таксама інтэгравацца ў агульны рынак. У двухбаковым фармаце прадугледжваецца падпісанне дамоў аб супрацоўніцтве, а таксама стварэнне шырока разгорнутых і комплексных сфер свабоднага гандлю. УП робіць таксама магчымым шматбаковае супрацоўніцтва ўсходніх суседзяў Еўрасаюза, ахопленых Еўрапейскай палітыкай суседства. Сярод іншага яно ўключае рэгулярныя сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, высокіх чыноўнікаў і экспертаў. Гэта можа быць пляцоўка абмену інфармацыяй і досведам партнёрскіх краін, якая выконвае функцыю механізму выпрацоўкі даверу. Рэалізацыя Усходняга партнёрства азначае сярод іншага прыкладанне намаганняў дзеля ліквідацыі візавага рэжыму ў адносінах з паасобнымі партнёрскімі краінамі і развіццё супрацоўніцтва ў сферы энергетычнай бяспекі. У гэтай апошняй галіне найбольшыя чаканні, аднак патрэбна было б звязваць з роляй УП як правадніка рынкавых механізмаў, які падтрымлівае ліквідацыю непразрыстых гаспадарчых структур. Еўрасаюз абавязаўся больш інтэнсіўна падтрымліваць рэфарматарскія дзеянні ў суседскіх дзяржавах, сярод іншага праз спрыянне паляпшэння іх адміністрацыйных магчымасцей, перадачу добрай практыкі ў галіне гандлю і гаспадаркі, а таксама пабудову і ўзмацненне дэмакратычных інстытутаў.

«Усходняе партнёрства» – не стратэгія пашырэння, але не выключана, што дзяржавы, ахопленыя ім, могуць некалі стаць сябрамі Еўрасаюза. Мадэль развіцця адносін з Еўрасаюзам, акрэсленая ва «Усходнім партнёрстве», падаецца настолькі эластычнай, што можа задаволіць як дзяржавы, зацікаўленыя толькі блізкім супрацоўніцтвам з ЕС (Арменія, Беларусь), так і тыя, якія імкнуцца да еўрапейскай інтэграцыі (Украіна, Грузія).  Удзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» можа стварыць прастору пастаяннага дыялогу з ніжэйшымі і сярэднімі структурамі беларускага істэблішмэнту, спрычыняючыся да перамен у дзяржаве. Якасць палітычных     элітаў – гэта, аднак, праблема іншых партнёрскіх дзяржаў, таму Еўрасаюз адкрыты для падтрымкі няўрадавых асяродкаў, якія выступаюць за ўвядзенне еўрапейскіх стандартаў кіравання. Інаўгурацыя Грамадзянскага форуму «Усходняга партнёрства» напярэдадні саміту Еўрасаюза ў Празе павінна засведчыць, што адрасатамі «Усходняга партнёрства» з’яўляюцца таксама ўсходнееўрапейскія грамадзянскія супольнасці. Ідучы насустрач іх чаканням, «Усходняе партнёрства» будзе падтрымліваць развіццё міжчалавечых кантактаў, пабудову грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных інстытутаў.

 «Усходняе партнёрства» – гэта дапаможны інструмент, а не пакет, з дапамогай якога Еўрасаюз будзе развязваць усе праблемы ўсходняга суседства. Напаўненне канкрэтным зместам рамак супрацоўніцтва, якія акрэслівае «Усходняе партнёрства», будзе ў значнай ступені залежаць ад дзяржаў, на якія яно скіравана, ад іх палітычнай волі, гатоўнасці і поспехаў ва ўмацаванні сувязяў з ЕС. Згода ўсіх сяброў Еўрасаюза на рэалізацыю «Усходняга партнёрства» – гэта палітычны імпульс, які група дзяржаў, асабліва зацікаўленых у развіцці ініцыятывы, павінна належным чынам выкарыстаць. Гэту групу ствараюць дзяржавы Вышаградскай групы, балтыйскія дзяржавы і Швецыя. Ад здольнасці іх сумеснага дзеяння з Нямеччынай будзе таксама ў будучыні залежаць захаванне палітычнай падтрымкі ЕС для гэтай ініцыятывы, атрыманне сродкаў на яе фінансаванне, а таксама падтрымка ўсходніх суседзяў у правядзенні неабходных палітычных і эканамічных рэформ.

РЕКЛАМА

 Выклікам для ЕС застаецца таксама вызначэнне адносін паміж сябрамі УП і адносінамі ЕС з Расеяй, а таксама ўключэнне Турцыі і Расеі ў некаторыя праекты і практычная рэалізацыя сумяшчальнасці УП і іншых рэгіянальных ініцыятыў. Выклікам з’яўляецца пачатак развіцця «Усходняга партнёрства» ва ўмовах эканамічнага крызісу. Цяжкасці партнёрскіх дзяржаў могуць мець вынікам больш павольную адаптацыю іх эканомік да еўрапейскіх патрабаванняў. Несумненна, ЕС павінен каардынаваць дзеянні ў рамках УП з тымі дзеяннямі, якія прадпрымае Міжнародны валютны фонд, які даў крэдыты Арменіі, Беларусі, Грузіі і Украіне. Асаб-лівае эканамічнае значэнне можа мець барацьба з карупцыяй. ЕС павінен распачаць супрацоўніцтва з Радай Еўропы і недзяржаўнымі арганізацыямі, якія займаюцца гэтай праблематыкай, каб паспяхова ўздзейнічаць у гэтай справе на дзяржавы, ахопленыя «Усходнім партнёрствам».

Каб напоўніцу выкарыстаць патэнцыял дзяржаў-сябровак, па-вінны быць створаны  ўмовы для фармавання групаў дзяржаў, якія цесна супрацоўнічаюць паміж сабой і больш ангажуюцца ў рэалізацыю канкрэтных праектаў «Усходняга партнёрства». Гэта ідэя з’явілася ў польска-шведскай прапанове, а Еўрапейская камісія звярнула ўвагу ў снежаньскім камюніке сярод іншага на асаблівую ролю дзяржаў-сябровак, якія маюць досвед у працэсах трансфармацыі. У сувязі з пачаткам рэалізацыі УП нялішнім будзе каардынаванне развіццёвай дапамогі, якая накіроўваецца краінамі-сяброўкамі ўсходнім суседзям, каб фінансавыя сродкі траціліся як мага больш эфектыўна. Выклікам застаецца таксама паляпшэнне каардынавання дзеянняў Камісіі і паасобных дзяржаў у сферы развіццёвай дапамогі, якая даецца краінам УП. Дзеля вялікай рознасці дзяржаў-партнёраў не трэба пераацэньваць шматбаковага фармату супрацоўніцтва і рабіць залежным ад яго поспех усёй канцэпцыі «Усходняга партнёрства». Крокам у добрым напрамку можа быць больш блізкае ўзаемадзеянне тых бенефіцыянтаў «Усходняга партнёрства», якія найбольш зацікаўлены канкрэтнымі праектамі. Шматбаковае супрацоўніцтва павінна толькі дапаўняць двухбаковыя адносіны паміж ЕС і дзяржавамі ўсходняга суседства.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up