Автор: Алесь ГIЗУН

10:01, 18 сентября 2009

Культура

remove_red_eye 121

Дзікае падарожжа ў Венецыю

Сёлета ў жніўні, у найгарачэйшую пару сусветнага фінансавага крызісу, тры маладыя чалавекі з Беларусі вырашылі пабываць на знакамітым венецыянскім біенале. На ўсе выдаткі, звязаныя з падарожжам, – пражыванне, харчаванне, наведванне музеяў, кожны з іх меў у кішэні толькі па дзвесце еўра. Грошы невялікія, калі ўлічваць, што па дарозе да сонечнай Італіі трэба праехаць яшчэ тры чужыя краіны. На што разлічвала тройка энтузіястаў, у складзе якой апынуўся і карэспандэнт «IP»?

Грошы любяць лік

Калі тры пары нашых маладых, але ўжо даволі спрактыкаваных у падарожжах ног, саскочылі раніцай на перон з цягніка «Мінск – Івана-Франкоўск» у Львове, мы вырашылі зрабіць невялікі падлік нашых выдаткаў. Для кожнага беларуса шэнгенская віза каштавала 60 еўра, даплюсуем яшчэ 15 еўра за квіток ад Баранавіч да Львова. Усвядоміўшы, што наша падарожжа, якое фактычна яшчэ не пачалося (дарогу да Львова мы праспалі ў цягніку), ужо вылілася ў даволі круглую суму, мы вырашылі: ад гэтага моманту будзем вандраваць аўтаспынам. Інакш з беларускімі заробкамі далёка ў Еўропу не заедзеш. Такім чынам, у кішэні кожнага з нас засталося па дзвесце еўра. Шостую частку дарогі да Венецыі мы праспалі, таму будзем адлічваць пачатак нашага падарожжа ад гэтай цудоўнай львоўскай раніцы.

Асцярожна: горныя мядзведзі!

РЕКЛАМА

Часам у надзвычайную хуткасць падарожжа аўтаспынам не зусім верыцца нават тады, калі за дзень за плячыма застаюцца сотні кіламетраў, калі яшчэ ўчора ты клаўся спаць у беларускім цягніку, а сёння засынаеш у студэнцкім інтэрнаце ў цэнтры аднаго ўсходнеславацкага горада, дзе трое стомленых вандроўнікаў пасяліла на ноч твая знаёмая прафесар.

Калі на падарожжа па Славаччыне вы запланавалі не больш за 4-5 дзён, варта падрабязна прадумаць уласны маршрут згодна з вашымі жаданнямі. Нам было цяжка стрымацца ад жадання абавязкова пабываць у гарах – Высокіх Татрах, таму мы скіроўваемся адразу туды. Менавіта па гэтым хрыбце на поўначы Славаччыны пралегла мяжа з Польшчай.

З курортнага горада Попрад у блізкія падгорныя мястэчкі ходзіць нямала транспарту: турысты тут у пашане. Аднак мы нават на гэтыя некалькі кіламетраў спыняем машыну, якая за колькі хвілін давозіць нас да Старога Смокаўца. Адсюль за некалькі еўра цягніком можна падняцца на вышыню больш за 1 200 м. Далей давядзецца спадзявацца толькі на ўласныя ногі. Па гэтым самым квітку можна спусціцца назад цягам трох дзён – гэта для тых, хто вырашыў паблукаць па горных завалах і заначаваць каля крышталёва чыстых горных рачулак.

Мы ад падобнай спакусы ўтрымліваемся: па-першае, да Венецыі яшчэ няблізкі шлях, па-другое, учора нас папярэдзілі, што ў Татрах апошнім часам развялося багата мядзведзяў, якія могуць непрадказальна паўплываць на нашы  жыццёвыя перспектывы. Дзіва, але на адной з горных сцяжын мы сапраўды ўбачылі мядзведзя: спіною да нас на паваленым дрэве з заплечнікам у выглядзе калматага звера сядзеў хлопчык – відаць, адпачываў…

Па слядах англійскай каралевы

Пакідаючы Высокія Татры, мы прачыталі на памятным валуне, што летась тут у вандроўцы пабывала каралева Вялікабрытаніі Альжбэта ІІ. Як мы даведаліся крыху пазней, падчас той самай вандроўкі англійская каралева наведала і старадаўняе мястэчка Дзевін, якое сёння з’яўляецца прыгарадам славацкай сталіцы Братыславы. Менавіта Дзевінскі замак быў другім абавязковым пунктам нашай вандроўкі па Славаччыне.

Абарончыя ўмацаванні на месцы Дзевіна вядомы яшчэ з рымскіх часоў, што патлумачана геаграфічнай унікальнасцю гэтага месца. Тут, ля падножжа нізкіх Татраў, знайшоў сілы пракласці сабе шлях Дунай, зліўшыся з ракой Маравай. Сутока дзвюх вялікіх рэк, аточаных гарамі, – найлепшае месца для фарпосту любой імперыі. Сёння на супрацьлеглым беразе – ужо Аўстрыя. Праз яе ляжыць наш шлях у Італію.
«Над Дуна-Дуна-Дунаем…»

Братыслава і Вена – дзве найбліжэй размешчаныя еўрапейскія сталіцы, звязаныя велічным Дунаем – цэнтральнай ракой усяго славянскага фальклору. Паміж гарадамі – каля шасцідзесяці кіламетраў, якія пераадольваюцца на аўтамабілі за гадзіну. Цяпер жа сонца, якое заходзіць над Дунаем, сігналізуе нам, што час ужо нарэшце павячэраць і паставіць намёт на самай-саменькай мяжы з Аўстрыяй. У Вену мы скіруемся ўжо заўтра, занатаваўшы для сябе нараніцу адно маленькае назіранне: дзе б вы ні клаліся спаць у Славаччыне – паўсюды прачынаецеся пад гукі званоў.

Ініцыятыўныя і высакародныя

Аўстрыя – краіна замкаў, ветракоў, чарапічных дахаў, бязмежных жоўтых палёў са сланечнікамі і азёраў у белых ветразях. З нашых першых кіламетраў па гэтай краіне мы што-нішто даведваемся і пра яе насельнікаў. Адзін з іх па ўласнай ініцыятыве наладзіў для нас аўтаэкскурсію па родным мястэчку Хайнбург. Узляцеўшы разам з гэтым маладым фатографам па серпанціне на гару з агляднай пляцоўкай, мы ўбачылі Аўстрыю з вышыні птушынага палёту. Другі аўстрыец у той жа дзень завёз нас у самы гістарычны цэнтр Вены, высакародна вырашыўшы праехаць дзеля нас лішнія 30 км.

Можна жыць…

У Вене нам пашчасціла начаваць у мясцовага мастака, пра «ўпіску» ў якога варта было паклапаціцца яшчэ да ад’езду з Беларусі. Мы лёгка знаходзім Інтэрнэт-кавярню, дзе можна звязацца з радзімай і паведаміць блізкім, што мы затрымаемся тут на тры дні. Гэта мінімум часу, каб  разгледзець культурную сталіцу Еўропы.

Дарэчы, у Аўстрыі даволі танны ў параўнанні з астатнімі коштамі Інтэрнэт:  1-2 еўра за гадзіну. Столькі ж каштуе порцыя самага недарагога марозіва. Калі вы плануеце прабавіць у Вене некалькі дзён, выгадна набываць шматразовы квіток на праезд у грамадскім транспарце, уключаючы і метро, якое ў сталіцы Аўстрыі – падземна-наземнае. Праязны на трое сутак каштаваў нам 13 еўра. Былы каралеўскі размах адчуваецца і ў сучасных коштах. Таму, калі вы жадаеце больш пахадзіць па знакамітых венскіх музеях (уваход у кожны з іх каштуе па 10 еўра), варта задумацца, на чым іншым можна зэканоміць… Паўлітра кефіру (1 еўра) + пакет круасанаў (яшчэ 1 еўра) = ваш абед. Можна жыць! Нават беларусу…

Горад свабодных людзей

Вена – горад, дзе кітайца ці араба можна сустрэць не радзей за карэннага аўстрыйца. Горад, дзе стомленыя к вечару ад сонных паездак з турыстамі кучары ўжо не заўважаюць, як вавёркі кідаюцца ў бакі з-пад капытоў іх павесялелых ад шпаркай язды коней. Горад, чые жыхары, здаецца, ніколі не вячэраюць дома, толькі на вуліцах з чароўнымі кітайскімі крамкамі, дзе прадаюць незвычайна сінюю садавіну і мяхі дзіўных сушаных грыбоў, якія з выгляду кожны беларускі грыбнік кваліфікаваў бы як неядомыя.

Вена – горад, багаты ва ўсім: ад унутранай культурнай насычанасці да вонкавай выкшталтаванасці аздобы будынкаў, агароджаў, ліхтароў, дзе ніводзін элемент не паўтараецца. Культурная сталіца старой Еўропы, дзе жылі і тварылі Моцарт, Бетховен, Гайдн… Горад, які нагадвае табе, што твой зрок ужо зусім не той, што быў ў дзяцінстве ці юнацтве, калі ты не можаш да дробязяў разгледзець местачковы ладшафт на карціне твайго ўлюбёнага галандца Брэйгеля ў Музеі гісторыі мастацтва.
Вена – горад свабодных сучасных маладых людзей у белых кашулях, піджаках і гальштуках, з парванымі капелюшамі, абутых у кеды і з кніжкамі ў руках. Ідучы па вуліцы, яны не пасаромеюцца смаркануцца ў белую хусцінку, ды так гучна, што пачуе ўвесь квартал. Адкрытае, свабоднае жыццё адкрытых, свабодных людзей. Жыццё без комплексаў і лішняй задуш-лівай маральнасці.

Грац запрашае

РЕКЛАМА

На поўдзень ад Вены знаходзіцца Грац, другі па велічыні аўстрыйскі горад. Утульнае і неперанасычанае ўсюдыіснымі турыстамі казачнае мястэчка з нявыпрастанымі вулкамі і завулкамі, рознакаляровымі дамамі і мноствам арт-галерэй. Грац цікавы сам па сабе, бо захаваўся амаль некранутым гісторыяй апошняга паўтысячагоддзя. У 2003 годзе Грац, гістарычны цэнтр якога знаходзіцца пад эгідаю ЮНЭСКА, быў абвешчаны культурнай сталіцай Еўропы.

Запомніліся дарожныя знакі адлегласці на пад’ездзе і выездзе з Граца з намаляванымі на іх тварамі. Чым бліжэй вы пад’язджаеце да горада, тым лепшы настрой яны дэманструюць. Па дарозе з Граца – усё наадварот: з кожным разам твары ўсё больш засмучаюцца.

За сто кіламетраў да Венецыі

Венецыянскае біенале – міжнародная мастацкая выстава ў Венецыі, заснаваная яшчэ ў 1895 годзе. Выстава ладзіцца раз на два гады. Праграма сёлетняга біенале ў Венецыі, што праходзіць з  6 чэрвеня па 22 лістапада, уключае ў сябе дэманстрацыі жывапісу, мастацкага перформансу, кіно больш як 70-ю краінамі свету…
З аўстрыйскай аўтазапраўкі, дзе нас высадзіла адна дужа прыязная нямецкая сям’я, да самой Венецыі нас падвозіць іспанец Хуан. Калісьці ён нарадзіўся ў далёкім Чылі, аднак гнаны дыктатарскім рэжымам, мусіў перабрацца ў Еўропу. Сёння Хуан жыве ў Вене і  ездзіць на працу ў Барселону, дзе працуе зваршчыкам на субмарынах. Нам пашанцавала: у планы іспанца таксама ўваходзіла прабавіць дзень на венецыянскім біенале.  
Па тэлефоне Хуану паведамляюць, што Венецыю акупавалі натоўпы турыстаў, таму ўсе недарагія гатэлі занятыя. Наш кіроўца прапаноўвае нам разам з ім не ехаць у гэты дзень у Венецыю, а спыніцца на начоўку за сто кіламетраў у курортным італьянскім мястэчку Бібіонэ на беразе Адрыятычнага мора. Мы пагаджаемся пачакаць да наступнай раніцы, спакушаныя перспектываю ўпершыню ў жыцці паплаваць у Адрыятыцы і заначаваць на яе бялюткім беразе.

Пад песні Элвіса Прэслі ў выкананні весялуна Хуана мы кіламетр за кіламетрам рухаемся наперад. Ад самай аўстрыйскай мяжы ў бок Венецыі кіруюць цэлыя ланцугі нямецкіх, чэшскіх, румынскіх, венгерскіх машын.
Вакол – вада, адна вада
Беларусу цяжка асэнсаваць Венецыю, гістарычная частка якой знаходзіцца на 118-ці выспах. Мы прывыклі, што сходы нашых дамоў і крамаў заўжды заканчваюцца цвёрдай зямлёй, у найгоршым выпадку – лужынай на месцы дзіравага асфальту, але ніяк не марскім каналам. Нават пабываўшы ў Венецыі, пасля цяжка верыцца, што дзесьці ў свеце на вышыні 0 метраў над узроўнем мора існуе горад без аўтамабіляў, горад, дзе на працу ці на рынак прыязджаюць не на аўтобусах, а на кацярах ці лодках-таксі, дзе да хворых спяшаюцца лодкі хуткай медыцынскай дапамогі… Калі хвалі на моры невялікія – даедзеце, не замачыўшыся.

Некаторыя старыя вулкі Венецыі настолькі вузкія, што на іх ледзь здолеюць размінуцца два чалавекі. Не дзіва тады, што ў гэтым горадзе часцей за ровары можна пабачыць гандолы, асабліва папулярныя ў турыстаў. За асобныя грошы гандальер гатовы нават праспяваць персанальна для пасажыра, напрыклад, «Санта лючыю» Раберціна Ларэці.

Краіна здаровага бяссоння

“О Венеция – город влюбленных, подлунного мира венец”, – гэтыя словы спявае герой  вядомага савецкага фільма “Труфальдзіна з Бергама”. Уночы Венецыя, як, зрэшты, і ўся Італія сапраўды не спіць, а, наадварот, ажывае, напаўняецца гарачымі італьянцамі і п’янкімі ад райскага клімату турыстамі, асабліва расейцамі. Усіх іх рада прыняць і песціць казачная Венецыя, горад Казановы і славутых на ўвесь свет маскарадаў. Як памяць пра Казанову, турысты звозяць адсюль з сабою сувенірныя кандомы з аднайменнаю назваю, на памяць пра маскарады – вядома ж, маскі. Абодва гэтыя тавары тут можна набыць паўсюды, нават у кнігарнях.

Як выжыць у Венецыі

Венецыя запомнілася нам не толькі сваёй адмысловай архітэктурай, дзе дамінуе хутчэй усходні, чым заходнееўрапейскі почырк. І не толькі насычанай арт-выставай, якой мы прысвяцілі два дні. Беларускаму турысту будзе даспадобы шырокая практыка зніжак, што датычацца літаральна ўсяго. Так, паколькі кожнаму з нас яшчэ не было 26-ці гадоў, за трохсуткавы праязны на грамадскі транспарт у Венецыі мы заплацілі не па 33, а па 22 еўра. А ўваход на два дні біенале каштаваў не 18, а 8 еўра. Трэба прызнацца, для кішэні беларуса гэта даволі адчувальныя палёгкі.

Італія запомнілася нам і лагаднейшымі коштамі на ежу ў параўнанні з Аўстрыяй. Тут можна прыстойна існаваць за кошт недарагой садавіны, марозіва і славутай італьянскай піцы. На пляжы ў Венецыі, дзе мы без усялякіх перашкод тры начы запар ставілі свой намёт, нараніцу ці ўвечары можна было гатаваць кашы з сухафруктамі. Дарэчы, вялікую колькасць  прадуктаў хуткага гатавання   выгадней прыкупіць  на ра-дзіме. Да таго ж месца ў заплечніках яны займаюць няшмат і гарантуюць бяспеку вашага страўніка.
І яшчэ. Маленькая заўвага з уласнага досведу для не абсалютна сумленных людзей: каб назбіраць у вінаградніку два-тры кілаграмы адборнага вінаграду, тройцы галаднаватых беларускіх турыстаў трэба менш за хвіліну часу. No comments.

Ода Венецыі

Нават мора было цалкам салідарнае з намі. У дзень нашага ад’езду і яно пакінула венецыянскі пляж. Прачнуўшыся, мы ўбачылі, што там, дзе яшчэ ўчора ўвечары было мора, засталася толькі раўніна з лужынамі. За ноч мора адступіла на некалькі дзесяткаў метраў і вярнулася, напэўна, калі мы былі ўжо далёка ад Венецыі і яе жыхароў. Людзей, у якіх ёсць, здаецца, усё: і мора, і горы, і гісторыя, і некрануты гэтай самай гісторыяй горад. Горад, дзе заможны бацька дорыць на паўналецце сыну хутчэй новую бялюткую яхту, а не  банальны для астатніх еўрапейцаў аўтамабіль.

Ода Італіі (Ода аўтаспыну)

Сёння я магу з упэўненасцю сказаць: мы здолелі трапіць у далёкую Венецыю, дзякуючы толькі аўтаспыну – хуткаснаму, пазнавальнаму і абсалютна бясплатнаму спосабу падарожжа.  
Менавіта дзякуючы аўтаспыну, мы за мінімум выдаткаў пабачылі Італію, краіну, дзе гэты самы аўтаспын… цалкам адсутнічае. Гэта мы зразумелі толькі тады, калі цэлыя суткі беспаспяхова спрабавалі спыняць італьянцаў (да Венецыі ад самай Аўстрыі нас давёз іспанец).

За ўсе пятнаццаць дзён нашага падарожжа да Венецыі і назад, у Беларусь, нас усюды і без праблем падвозілі украінцы, палякі, славакі, немцы, румыны, нават іспанцы… Каб пакінуць Італію, мы ўпершыню мусілі купляць квіток на цягнік, а пасля і на аўтобус. Адзіным чалавекам, хто спыніўся на італьянскай мяжы, каб завезці нас у Аўстрыю, была немка. З акна яе машыны мы развітваліся з Італіяй, паўтаруся, краінай цалкам закрытай для аўтаспыну. Краінай для сябе, самадастатковай, самазадаволенай і ў немалой ступені эгаістычнай. Краінай незакамплексаванай, разняволенай, дзікай, дзе ў адзінай адшуканай намі Інтэрнэт-кавярне запрошвалі 7,5 еўра за гадзіну. У Італіі, у адрозненне ад Аўстрыі ці Славаччыны, ніхто не падыдзе і не прапануе сваёй дапамогі, калі пабачыць пасярод вуліцы разгубленага турыста з разгорнутай мапаю ў руках. Тут няма каму распавесці, што вы ўжо дванаццаты дзень у дарозе, што вы вельмі спяшаецеся ў родную Беларусь, бо стомленыя… А таму вы марыце, каб аўтаспын нарэшце падарыў вам утрая хутчэйшую дарогу да Беларусі.


Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up