Новости / Культура

«Памірыце мяне з белым светам…”

4.09.2009, 15:24 / remove_red_eye 132 / chat_bubble

Сустрэча са знакамітай паэткай, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Данутай Бічэль адбылася ў нашым горадзе ў мінулую суботу, 29 жніўня. Данута Янаўна прадставіла прыхільнікам сваёй творчасці чарговую кнігу «Хадзі на мой голас».

На гэты раз паэтка выдала цудоўную прозу – пра сваіх і нашых сучаснікаў, Творцаў, Асоб – Зоську Верас, Ларысу Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса… Знайшлося там трошкі месца, каб сказаць пра паэтаў з Баранавіч, пра наша творчае згуртаванне  «Святліца».

Падчас сустрэчы паэтка распавяла прысутным пра сваё сяброўства з Васілём Быкавым, Ларысай Геніюш. «Я вельмі любіла размаўляць з Васілём. З ім цікава было гутарыць адзін на адзін».  Пра Геніюш  Данута Бічэль сказала так: «Яна магла пражыць свае сто гадоў. Але яна  прайшла гэты Крыжовы шлях, гэту Галгофу…»

Шмат даведаліся прысутныя і ўласна пра саму паэтку. «Вобразы да мяне прыходзяць самі», – сказала яна. Данута Янаўна расказала, як стварала ў Гародні музей Максіма Багдановіча, пра аднаго з сваіх самых шчырых помочнікаў і дарадцаў у гэтай справе мастака Ула-дзіміра Кіслага. 

РЕКЛАМА

Вядома, узгадала яна і таго, хто дапамог у выданні  кнігі «Хадзі на мой голас», хто ініцыяваў яе стварэнне, так мовіць, падбухторваў на гэта, – журналіста Паўла Мажэйку. Яго паэтка лічыць у нейкай ступені суаўтарам выдання. 

Адказваючы на пытанні,  Д. Бічэль расказала пра свой род, свайго бацьку, пра родную вёску Біскупцы. Безумоўна, у  гэты дзень у садзе, дзе праходзіла імпрэза, гучалі  вершы і песні – вершы ў выкананні аўтаркі, а песні на словы Ларысы Геніюш спявала баранавіцкі бард Галіна Ярашэвіч.

Атрымаць аўтограф паэткі, набыць яе кнігі, а таксама двухтомнік Сяргея Шапрана «Васіль Быкаў. Гісторыя Жыцця», Аляксея Карпюка «Развітанне з ілюзіямі» і  іншыя выданні, якія выйшлі ў серыі «Гарадзенская бібліятэка», што якраз і курыруе Павал Мажэйка, змаглі ўсе жадаючыя.

Узгадваючы сваіх калег і паплечнікаў, Данута Бічэль прапанавала ў 2010 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Ге-ніюш,  правесці пешую пілігрымку да Зэльвы, дзе жыла і пахавана  Геніюш.  «Я выйду з Гародні, вы – з Баранавіч. Ларыса Антонаўна не кананізаваная, але я малюся да яе. Малюся і за Ніну Мацяш, размаўляю з баранавіцкім паэтам Венанцыем Бутрымам, якога таксама ўжо няма», – сказала Данута Бічэль.

«Памірыце мяне з белым светам…» – гучала падчас сустрэчы ў адным з вершаў паэткі. Думаецца, гэта актуальна амаль для кожнага з нас.

Поделиться:
Читать также
Культура camera_alt

Барановичи в Instagram. Концерт Славы

37 минут назад remove_red_eye 175
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up