Новости / Спецпроекты

Косава. Сляды спадчыны

3.09.2009, 16:53 / remove_red_eye 289 / chat_bubble

Старадаўняе беларускае мястэчка Косава, якое атрымала гэты статус яшчэ ў 1494 годзе, знаходзіцца за 13 кіламетраў ад Івацэвічаў. Тут да нашых дзён над наваколлем узвышаюцца дзве старыя царквы і касцёл. Побач з мястэчкам з рамантычнага XIX стагоддзя захаваўся палац Пуслоўскіх у стылі англійскай неаготыкі. Насупраць яго ў нашы дні адноўлена сядзіба нацыянальнага героя ЗША і Францыі Тадэвуша Касцюшкі.

Учора

На працягу стагоддзяў у Косава ўладарылі найбольш буйныя і знакамітыя шляхецкія роды: Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскі. Нейкі час маёмасць на гэтай зямлі меў таксама палітык, дыпламат і мысляр Леў Сапега. Да буйнога вытворцы і аматара мастацтваў Вандаліна Пуслоўскага (1814 – 1884 гг) гэтая зямля перайшла ў спадчыну ад яго бацькі, слонімскага маршалака Войцэха Пуслоўскага. Менавіта Вандаліну Пуслоўскаму мястэчка мусіць быць удзячным за сваё кардынальнае пераўтварэнне.

Найперш, пад патранажам маладога гаспадара ў 1838 годзе па праекце вядомага варшаўскага архітэктара Францішка Яшчолда ў Косава быў закладзены новы ансамбль. Пляцоўкай для забудовы былі абраныя ўзвышак і яго падножжа каля даўняга фальварку Марачоўшчына, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

РЕКЛАМА

Сядзіба ўключала ў сябе вялікі палац, чатыры заяздныя брамы, алеі і тэрасы, некалькі вадаёмаў. Бясспрэчным цэнтрам ансамбля стаўся арыгінальны неагатычны палац, вакол якога размяшчаўся стары фальварак. З пляскатай вяршыні ўзвышку, дзе з’явіўся палац, былі відаць маляўнічыя панарамы на паркавыя тэрасы, вадаёмы і на Марачоўшчыну.

Замак Пуслоўскіх у Косава

Замак Пуслоўскіх у Косава

Сам палац, які часта называюць замкам, быў пабудаваны ў стылі англійскай неаготыкі. Першая палова пазамінулага стагоддзя – эпоха рамантызму на беларускай прасторы. Вось і новы замак гаспадары як мага насыцілі рамантычнай сімволікай. Як адзначае діследчык А. Федарук, дванаццаць гатычных “зубастых” вежаў палаца Пуслоўскіх сімвалізавалі кола месяцаў года, чатыры цэнтральныя вежы – чатыры хлебныя месяцы: з траўня па жнівень. Наўрад ці ў XIX ст. Пуслоўскія збіраліся абараняцца ад нападаў чужынцаў, таму толькі данінай рамантычнаму стылю можна лічыць таксама вокны і вежы палаца, выкананыя ў выглядзе байніцаў, а таксама процьму іншых дэкаратыўных дэталяў у стылі архітэктуры замкавага гатычнага сярэднявечча.

Як і належыць кожнаму замку, вакол Косаўскага палацу нараджалася мноства розных легенд. Што з іх – праўда, што – міф, дагэтуль застаецца загадкай. Напрыклад, ці сапраўды палац у Косава спалучаны падземнымі лёхамі з палацам Сапегаў у Ружанах? А вось некаторыя рэальныя факты з гісторыі існавання Косаўскага палацу сёння сапраўды падаюцца не зусім звычайнымі. Напрыклад тое, што ў зімовым садзе Пуслоўскія трымалі ўласнага… льва.

Вядома таксама, што ў адной з залаў палаца быў вялікі акварыум з экзатычнымі рыбамі. Была тут і прыватная турма. Уражваў і парк вакол палацу з трыма рознаўзроўневымі тэрасамі, лесвіцамі, скульптурамі і фантанамі. Кажуць, у тут можна было адшукаць каля 150 відаў адных толькі дрэваў і хмызоў. Як згадвае А. Федарук, дом у Марачоўшчыне, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Тадэвуша Касцюшкі меў лядашчы выгляд ужо падчас панавання Пуслоўскіх. З вялікай павагі да знакамітага на ўвесь свет земляка Вандалін Пуслоўскі адрэстаўраваў дом Касцюшкі ў былым выглядзе.

Абедзве сядзібы, Пуслоўскіх і Касцюшкаў, былі спаленыя ў вайну партызанамі. У той жа час быў знішчаны і стары парк.

Сёння

Палац Пуслоўскіх вонкава даволі добра захаваўся да нашых дзён. Больш за тое, летась пачалася яго рэканструкцыя, якая запланавана на некалькі гадоў. Ужо сёння месцамі на вышынях будынку можна пабачыць сучасныя матэрыялы архітэктурнай рэанімацыі, у тым ліку і сайдынг, і сілікатныя блокі.

Перад палацам ляжаць стосы і новай чырвонай цэглы. Праўда, калі параўноўваць яе з аўтэнтычнай, замкавай цэглай, лёгка заўважыць відочнае саступанне арыгінальным матэрыялам як па памеры, так, відаць, і па якасці. Не дарма ёсць звесткі, што, як будавалі палац, дык збіралі ў мясцовага люду яйкі, якія пасля змешвалі з рошчынай, каб сцены былі мацнейшыя.

У 2004 годзе на старым месцы быў адноўлены і дом Тадэвуша Касцюшкі, у якім цяпер месціцца музей. Да апошняга часу гістарычнае месца было пазначана толькі памятным валуном, які ўсталявалі тут у 1987 годзе. На азярку, што каля самага дома-музея, сёння добраўпарадкавалі выспу, дзе паставілі альтаны. Побач месціцца кавярня. На месцы былога парку цяпер буяе лес. Гонкія хвоі крыху хаваюць выгляд палаца з боку Ружанскага тракту, што таксама дадае велічным руінам каліва рамантыкі, толькі ўжо нашай, сучаснай. Відаць, гэта ў тым ліку спрыяе таму, што чародкі турыстаў не знікаюць тут нават у не зусім добрае надвор’е.

Адноўлены дом Тадэвуша Касцюшкі (Марачоўшчына)

Абедзве сядзібы – не адзінае, што варта наведаць у Косава. У самім мястэчку тры старадаўнія храмы – былая вуніяцкая царква Святога Георгія (XVIII ст.), праваслаўная царква Святога Антонія (1868 год) і касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1877 год). Будаўніцтва касцёла фундаваў Вандалін Пуслоўскі.

РЕКЛАМА

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Косава

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Косава

У архіве менавіта гэтага касцёла захоўвалася метрыка (аналаг сучаснага пасведчання пра нараджэнне) Тадэвуша Касцюшкі. Як паведамляе Радыё Свабода, у гэтым касцёле ў працоўным стане захаваўся ці не адзіны ў Беларуі механічны арган.

Старадаўняя капліца на могілках пад Косава

Старадаўняя капліца на могілках пад Косава

ФОТА – Алеся Гізуна

У Косава з Баранавіч лёгка трапіць так: на электрычцы Баранавічы – Брэст даехаць да Івацэвічаў, адкуль да Косава ходзяць аўтобусы.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up