Автор: Алесь ГIЗУН

15:32, 14 августа 2009

Культура

remove_red_eye 131

Сляды спадчыны. Косава

На працягу стагоддзяў у Косава ўладарылі найбольш буйныя і знакамітыя шляхецкія роды: Храптовічы, Сангушкі, Чартарыйскі.

Учора

Так выглядае Косаўскі замак і Марачоўшчына на малюнку Напалеона Орды (XIX ст.)

РЕКЛАМА

Да буйнога вытворцы і аматара мастацтва Вандаліна Пуслоўскага (1814 — 1884 гг.) гэта зямля перайшла ў спадчыну ад яго бацькі, слонімскага маршалака Войцэха Пуслоўскага. Менавіта Вандаліну Пуслоўскаму мястэчка павінна быць удзячна за сваё кардынальнае пераўтварэнне.

Пад патранажам маладога гаспадара ў 1838 годзе па праекце вядомага варшаўскага архітэктара Францішка Яшчолда ў Косава быў закладзены новы ансамбль. Пляцоўкай для забудовы былі абраны ўзвышак і яго падножжа каля даўняга фальварка Марачоўшчына, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.
Сядзіба ўключала ў сябе вялікі палац, чатыры заязныя брамы, алеі і тэрасы, некалькі вадаёмаў. Цэнтрам ансамбля стаў арыгінальны неагатычны палац, вакол якога размяшчаўся стары фальварак.

Сам палац, які часта называюць замкам, быў пабудаваны ў стылі англійскай неаготыкі. Першая палова пазамінулага стагоддзя — эпоха рамантызму на беларускай прасторы. Вось і новы замак гаспадары насыцілі рамантычнай сімволікай.
Як адзначае даследчык А. Федарук, дванаццаць гатычных «зубастых» вежаў палаца Пуслоўскіх сімвалізавалі кола месяцаў года, чатыры цэнтральныя вежы — чатыры хлебныя месяцы: з траўня па жнівень.

Наўрад ці ў XIX ст. Пуслоўскія збіраліся абараняцца ад нападаў чужынцаў, таму толькі данінай рамантычнаму стылю можна лічыць і вокны, і вежы палаца, выкананыя ў выглядзе байніцаў, і процьму іншых дэкаратыўных дэталяў у стылі архітэктуры замкавага гатычнага сярэднявечча.

Як і належыць кожнаму замку, вакол Косаўскага палаца нараджалася мноства розных легенд. Што з іх — праўда, што — міф, дагэтуль застаецца загадкай. Напрыклад, ці сапраўды палац у Косава спалучаны падземнымі лёхамі з палацам Сапегаў у Ружанах?

А вось некаторыя рэальныя факты з гісторыі існавання Косаўскага палаца сёння сапраўды падаюцца не зусім звычайнымі. Напрыклад, тое, што ў зімовым садзе Пуслоўскія трымалі ўласнага… льва. Уражваў і парк вакол палаца з трыма рознаўзроўневымі тэрасамі, лесвіцамі, скульптурамі і фантанамі. Кажуць, тут можна было адшукаць каля 150 відаў адных толькі дрэў і хмызоў.

Дом у Марачоўшчыне, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Тадэвуша Касцюшкі, меў лядашчы выгляд ужо падчас панавання Пуслоўскіх. З вя-лікай павагі да знакамітага на ўвесь свет земляка Вандалін Пуслоўскі адрэстаўраваў дом Касцюшкі ў былым выглядзе.

Абедзве сядзібы, Пуслоўскіх і Касцюшкаў, былі спалены ў вайну партызанамі. У той жа час быў знішчаны і стары парк.

Сёння

Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Косава

Касцёл Найсвяцейшай Троіцы ў Косава

Палац Пуслоўскіх вонкава даволі добра захаваўся да нашых дзён. Больш за тое, летась пачалася яго рэканструкцыя, якая запланавана на некалькі гадоў. Ужо сёння месцамі на вышынях будынка можна ўбачыць сучасныя матэрыялы архітэктурнай рэанімацыі, у тым ліку і сайдынг, і сілікатныя блокі. Перад палацам ляжаць стосы і новай чырвонай цэглы. Праўда, калі параўноўваць яе з аўтэнтычнай, замкавай цэглай, лёгка заўважыць відочнае саступанне арыгінальным матэрыялам як па памеры, так, відаць, і па якасці. Нездарма ёсць звесткі, што, як будавалі палац, збіралі ў мясцовага люду яйкі, якія пасля змешвалі з рошчынай, каб сцены былі мацнейшымі.

У 2004 годзе на старым месцы быў адноўлены і дом Тадэвуша Касцюшкі, у якім цяпер месціцца музей. Да апошняга часу гістарычнае месца было пазначана толькі памятным валуном, які ўсталявалі тут у 1987 годзе. На азярку, што каля самага дома-музея, сёння добраўпарадкавалі выспу, дзе паставілі альтаны. Побач месціцца кавярня.

На месцы былога парку цяпер буяе лес. Гонкія хвоі крыху хаваюць выгляд палаца з боку Ружанскага тракту, што таксама дадае велічным руінам каліва рамантыкі, толькі ўжо нашай, сучаснай. Відаць, гэта ў тым ліку спрыяе таму, што чародкі турыстаў не знікаюць тут нават у не зусім добрае надвор’е.

У 2004 годзе сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне была адноўлена па малюнку Напалеона Орды

РЕКЛАМА

Абедзве сядзібы — не адзінае, што варта наведаць у Косава. У самім мястэчку тры старадаўнія храмы — былая уніяцкая царква Святога Георгія (XVIII ст.), праваслаўная царква Святога Антонія (1868 год) і касцёл Найсвяцейшай Троіцы (1877 год). Будаўніцтва касцёла фундаваў Вандалін Пуслоўскі. У архіве менавіта гэтага касцёла захоўвалася метрыка (аналаг сучаснага пасведчання пра нараджэнне) Тадэвуша Касцюшкі. Як паведамляе Радыё Свабода, у гэтым касцёле ў працоўным стане захаваўся ці не адзіны ў Беларусі механічны арган.

У Косава з Баранавіч лёгка трапіць так: на электрычцы Баранавічы — Брэст даехаць да Івацэвіч, адкуль да Косава ходзяць аўтобусы.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up