Новости / Культура

Там, дзе сонца і мора

7.08.2009, 11:14 / remove_red_eye 150 / chat_bubble

Калі самалёт, заходзячы на пасадку, закалыхаў шаты пальмаў на ўзбярэжжы Міжземнага мора, калі я, сышоўшы з трапа, нарэшце апынуўся па-за межамі аэрапорта, у горадзе з насельніцтвам больш за паўтара мільёна чалавек, то першае, што мяне страшэнна ўразіла і занепакоіла: чаму тут ніхто не гаворыць па-руску?

(Заканчэнне. Пач. у нум. 31)

Але адзін аўтобус на Памплону ўжо пайшоў, пакуль ты прасіў запасны ключ у парцье, калі аўтаматычна замкнуўся нумар у гатэлі. Другі будзе позна, і ехаць у бок карыды немэтазгодна. Але праз гадзіну ёсць аўтобус у Більбаа — краіну баскаў. Гэта 600 кіламетраў ад Барселоны. І амаль на беразе Атлантычнага акіяна, дакладней — Біскайскага заліва.

Аўтобус утульны, з кандыцыянерам, на 52 месцы. Праўда, у салоне ўсяго 11 чалавек. Дарога доўгая — 7 гадзін. І ты з задавальненнем дастаеш з заплечніка плэер і дыскі з бардаўскімі песнямі Сокалава-Воюша, Міцяева, Гарадніцкага. За акном мільгаюць тыповыя іспанскія пейзажы — горы, вінаграднікі, рачулкі з жоўтай вадой. А яшчэ не-не — ды і ўбачыш каля трасы чырвоныя макі — месцамі цэлыя плантацыі. Уражанне — захапляючае. Відаць, што тут з гэтым зеллем ніхто не змагаецца, як у нас. А можа, гатунак іншы… Аўтабаны ў Іспаніі платныя. І трэба сказаць, праезд па іх каштуе нятанна. Праўда, уздоўж узбярэжжа праходзяць іншыя дарогі, трохі вузейшыя і менш камфортныя, але за праезд там плаціць не трэба. У невялічкіх гарадках на дахах — сонечныя батарэі. Гэта невыпадкова — сонца тут хапае, і выкарыстоўваць яго энергію варта. Ёсць і электраветракі, як і ў іншых краінах Еўропы. А яшчэ ўсюды ўздоўж дарог удалечыні — горы і вінаграднікі. Вінаробству ў Іспаніі надаецца шмат увагі. Гэты напой тут на любы густ. У тым ліку і па кошце ад двух еўра за бутэльку. Калі ты ў вялікім горадзе, здаецца, што там заўсёды свята. Вулічныя музыкі, падтанцоўка з ліку ці то в’етнамцаў, ці то карэйцаў. П’яных не відаць. Трошкі насцярожваюць татуіроўкі на целе тых, хто таксама круціцца ў месцах, дзе граюць і танцуюць на вуліцы. Вельмі ўжо гэтыя тату нагадваюць нашы. Прычым такія, якія робяць у месцах «не надта аддаленых».

РЕКЛАМА

…У Сарагосе, недзе на паўдарозе да Більбаа, сустракаюцца два аднолькавых «мерседэса» адной кампаніі ALSA. Адзін ідзе з боку Більбаа, другі — з Барселоны. Кіроўцы мяняюцца месцамі — «наш» садзіцца ў другі аўтобус, каб рухацца назад, на Барселону, другі — у бок акіяна. Тут няма праблемы — даедзеш ці не. Тэхніка цудоўная — нібы самалёт. Перад супынкам кіроўца нешта аб’явіў па-іспанску. Перапытваць не хочацца, хаця цікава ведаць — колькі ж будзем стаяць. У выніку ты апынаешся ў сітуацыі, нібыта тое дзіця на маршруце «пяцёркі» ў Баранавічах. Маленькі хлопчык, пачуўшы аб’яву кіроўцы, перапытвае ў маці: «А цо дзядзя сказаў тэць?»

Праязджаем указальнік «Памплона-86». Гадзіннік паказвае другую палову дня, і ты ўжо разумееш, што на адваротным шляху наўрад ці здзейсніцца мара — пабачыць гэты гарадок. З 6 па 14 ліпеня ў Памплоне ўсё звязана з «фіестай». У кожным завулку, на самай маленькай плошчы ў гэтыя дні там — свята. Ушаноўваецца заступнік Памплоны і Невары Святы Фермін — абаронца вінаробаў і хлебапёкаў. Усюды свята! Цэлых 204 гадзіны. Сюды 6 ліпеня 1923 года ўпершыню прыехаў Эрнэст Хемінгуэй. І яго так зачаравала ўсё ўбачанае, што на свет з’явіўся раман «І ўзыходзіць сонца» («Фіеста»), які прынёс Хэму вялікую славу. Пасля гэтага ў Памплону на свята сталі з’язджацца людзі з усяго свету. А самыя незвычайныя эмоцыі могуць атрымаць тыя, хто рызыкне прабегчы па вуліцах горада перад раз’юшаным статкам быкоў. На святы гэта адбываецца кожны дзень у восем раніцы. У такіх забегах больш рызыкуюць недасведчаныя. Мясцовыя жыхары, добра ўяўляючы маршрут, прабегшы метраў 50, «сыходзяць» з 850-метровай дыстанцыі. Заўважце, бег гэты доўжыцца ўсяго нейкіх тры хвіліны, але колькі эмоцый, адрэналіну, асабліва калі ўлічыць, што за табою ляціць статак 600-кілаграмовых быкоў з велізарнымі рагамі…

Більбаа — краіна баскаў. Сталіца правінцыі Біскай з насельніцтвам 370 тысяч чалавек. Заснаваны ў 1300 годзе. Правінцыйным гэты горад не назавеш. І не толькі таму, што ён амаль прымыкае да Атлантычнага акіяна, дакладней — Біскайскага заліва. Тут што ні збудаванне, то архітэктурны помнік. Але са старажытнасцю цудоўна ўжываецца сучаснасць, на кожным кроку — аўтасалоны. Прычым усіх асноўных аўтабрэндаў, уключаючы «хамер». Дзесяткі крамаў і кафэ, цудоўны стадыён. Невыпадкова клуб «Атлетык-Більбаа» ведаюць ва ўсім свеце. На пытанне — як тут наконт хостэлаў, інтэлігентнага выгляду мужчына гаворыць, што хостэлаў тут няма — гатэлі. Насэмрэч, са сваім заплечнікам ты праходзіш па вуліцах пару гадзін, пакуль не вернешся да аўтавакзала і не напорашся проста насупраць яго на танны «двухзорачнік». У нумары ўсё неабходнае — ад душа да тэлефона. Праўда, там два ложкі, як сказалі на рэсэпшне — дубль, і ты мусіш заплаціць 45 еўра за ўвесь нумар. Затое ёсць магчымасць патэлефанаваць дамоў, пагаварыць з жонкай, сказаць, дзе ты і як. Цяпер галоўная твая мэта — дайсці да акіяна. Тыя, з кім атрымалася пагутарыць, распавядалі, што гэта кіламетраў дзесяць ад месца, дзе ты знаходзішся. І ты рушыш у дарогу ўздоўж даволі шырокай рэчкі, якая носіць дзіўную назву Нэрвіен.

Праз гадзіну з нечым табе падаецца, што ты ўжо блізка да мэты — відаць, што ідзе адліў, ты бачыш партовыя краны. Але… Ты трапляеш ў гэтым, ужо прамысловым раёне, дзе дыміцца высачэзная труба, з якой ідзе нейкі хімічны смурод, у такія трушчобы, якіх не бачыў да гэтага анідзе. У трохпавярховіках выбіты вокны, замест шкла — ДВП, дзесяткі зламаных аўтамабіляў на пляцоўцы ў сярэдзіне двара — без вокнаў, дзвярэй, калёс, вогнішча сярод збудаванняў, чужая гамонка, брудныя дзеці і не зусім ахайныя дарослыя, якія паўтараюць адно і тое ж слова «Mоnеy!!!» Ты разумееш, што зайшоў зусім не туды, куды хацеў, і акіян табе можа не спатрэбіцца. Пры гэтым уся твая наяўнасць і дакументы — у торбачцы на плячы. Вядома ж, даставаць грошы ў такіх абставінах — самагубства, і ты з поклічам «No mоnеy!» паварочваеш назад. Праз гадзіны паўтары ты ўжо сядзіш ва ўтульным кафэ і п’еш піва. На вуліцы цямрэча, але людзей у кафэ шмат — глядзяць футбол. Ужо назаўтра, калі ты зноў скіруешся ў горад, то ўбачыш, што фанатызму, калі гэта тычыцца футбола, іспанцам не займаць. У дзевяць раніцы — велізарныя, з паўкіламетра, чэргі каля касы футбольнага комплексу. Але як розняцца гэтыя гарачыя чорнаскурыя хлопцы ад нашых! У чарзе стаяць спакойна, адышоў ад касы адзін — другі рушыў да яе ад турнікету.

…У Барселоне ўсё той жа вясёлы настрой насельнікаў, тая ж мітусня, сотні скутэраў ля крамаў і ўстаноў. Ты яшчэ маеш даволі шмат часу, але бадзяцца па крамах, калі да заплечніка дадаўся яшчэ і пакет з сувенірамі і віном, шчыра кажучы, не хочацца. Ды і квіток на аўтобус Барселона — Варшава ўжо ў кішэні. Увогуле, валочачы цэлы тыдзень заплечнік, прыходзіш да высновы, што набраў шмат непатрэбнага з вопраткі. Ды і без дадатковай пары абутку мог абысціся. Пра красоўкі, якія на нагах, нават двухрадкоўе напісаў. «Адчуваеш сябе добра вельмі, калі ты ў красоўках фірмы «Кельме».

Ад’езд — у 0.15. На вакзальчыку знаёмішся з парай з-пад Катовіцэ — палякі ездзілі шукаць працу, але нешта не атрымалася. Цяпер ёсць з кім пагаварыць. Недзе ў заплечніку — бутэлька «Нямірава». Прапануеш адзначыць знаёмства. Але ні хлопец, ні дзяўчына, як высветлілася, алкаголю не ўжываюць. Забягаючы наперад, варта сказаць, што гэта бутэлька гарэлкі так і вярнулася дахаты, у Баранавічы.

У аўтобусе народ самы розны — пара бруднаватых хіпі, з шматлікімі торбамі і спальнымі прыладамі, цёмнаскурыя непальцы. Яны, дарэчы, як і хіпі, выйшлі ў Цюрыху. Шмат у аўтобусе і палякаў — хто ад радні, хто з заробкаў, хто з адпачынку.

Раніцай ты ўжо ў Францыі. Уражвае кожны гарадок, што сустракаецца па дарозе, кожная гара. Асабліва цікава ў Грэноблі. Ёсць магчымасць нешта пабачыць, пафатаграфаваць. Недзе далей у Францыі спыняюць спачатку паліцыянты, потым памежнікі. Правяраюць пашпарты. Выводзяць на догляд непальцаў, аглядаюць іх месцы. Здаецца — тая ж шэнгенская зона, але… Кантроль ёсць.

Потым была Швейцарыя. Горы, шматлікія тунэлі, Жэнеўскае возера, яхты на ім. У крамах можна штосьці набыць і за еўра, але бяруць толькі папяровыя грошы — манеткі не хочуць. Набываеш сувеніры, прыглядаешься да сапраўдных швейцарскіх гадзіннікаў. Кошты — у франках. Курсу не ведаеш, але бачыш, што ў гэтых крамах нічога асаблівага, каб вельмі ўжо захацелася набыць. Гадзіннікі для вайскоўцаў — супрацьвільготныя, з эмблемамі радоў войск (нешта накшталт нашых «Камандзірскіх»), надпіс на шкле вітрыны, што для паліцыянтаў — зніжкі ў 20 адсоткаў.

У Жэневе — дождж. Можа, таму няма настрою прыцэньвацца і нешта набываць. Яшчэ ёсць час зрабіць некалькі фотаздымкаў на памяць і — далей. Зноў азёры, горы з белымі вяршынямі, якія проста на камп’ютэрны манітор здымае не стары яшчэ мужчына з нейкай экзатычнай краіны. Як высветлілася пры праверцы дакументаў — доктар з Афрыкі. Потым будзе яшчэ Нямеччына і Чэхія. Але ў гэтых краінах ты ўжо быў. І калі ў рэшце рэшт вашы пашпарты (хоць і не ведаеш для чаго) збіраюць польскія стражы граніц, ты ўздыхаеш з палёгкай. Праўда, наперадзе яшчэ Вроцлаў, потым (так дзіўна вязуць!) Кракаў, але ж пад вечар, амаль праз двое сутак язды, ты ў Варшаве.

І тут — зноў неспадзяванка. Да раніцы — толькі адзін, берлінскі, цягнік, а квіткоў няма. Праўда, ёсць надзея на кандуктара, і яна спраўджваецца: прычэпныя ці то маскоўскія, ці то саратаўскія вагоны праглынаюць усіх. Няхай сабе нятанна, няхай на трэцяй паліцы — але ж едзем! Тут не да сну. Спачатку польская мяжа, потым наша. Мытнікі знайшлі ў аднаго пасажыра незадэклараваную аргтэхніку, у вагоне шум, адны радуюцца, другія плачуць…

У Баранавічы цягнік прыбывае а дзесятай раніцы. На пероне сустракае жонка. У Беларусі пасля тыдня тваіх вандровак ты ўзгадваеш, што не кінуў, як звычайна, манетку ў мора ці нават у тую, з экзатычнаю назваю, рэчку ў Більбаа. Зрэшты, можа, гэта і добра, бо твой авантурны праект рэалізаваўся не на ўсе 100 адсоткаў. І не таму, што ты чакаў нечага большага. Проста ты разумееш, што мог зрабіць усё гэта трошкі інакш, лепш і, мажліва, з меншымі выдаткамі. Насамрэч, як сказаў нехта з класікаў, разумныя думкі прыходзяць да нас, калі за намі ўжо зачынілі дзверы і мы спускаемся па лесвіцы. Затое ёсць пра што памарыць далей — пра горад-крэпасць, далёкую іспанскую калонію Сеута, што нібыта яшчэ Іспанія, але ўжо на афрыканскім кантыненце, пра Гібралтарскі праліў, Геркулесавы слупы.

Грэкі лічылі гэта месца краем свету. Сучасная геаграфія сведчыць, што гэта — водападзел паміж Міжземным морам і Атлантычным акіянам. Там заўсёды хапала і заваёўнікаў, і авантурыстаў. Ты ў іх лік пакуль не трапіў. Але спадзяванка на гэта ёсць.


Просмотреть Путишествия intex-press на карте большего размера

Темы:
Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up