Новости / Политика

Моладзь судзяць за графіці супраць АЭС

7.08.2009, 14:43 / remove_red_eye 97 / chat_bubble

Баранавіцкае ЖРЭУ ў судовым парадку спрабуе спагнаць з трох маладых чалавек грошы, выдаткаваныя на ліквідацыю экалагічных графіці, нават тых, якіх яны не малявалі.

За роспісы сценаў Баранавіцкага райвыканкама і швейнай фабрыкі «Бараўчанка» надпісамі «Нет АЭС» хлопцаў затрымалі супрацоўнікі міліцыі яшчэ 26 красавіка. Тады 18-гадовы Аляксей Жынгероўскі атрымаў адміністрацыйны штраф памерам у 10 б. в., а яго два непаўнагадовыя таварышы — па 2 б. в.

Напрыканцы ліпеня баранавіцкае КУРЭП «ЖРЭУ» вырашыла праз суд спагнаць з хлопцаў грошы, выдаткаваныя на работы па ліквідацыі не толькі вышэйзгаданых графіці, але і надпісаў нявысветленага аўтарства «Экология дороже экономики» і «Жги систему» на вуліцах Брэсцкай і Леніна.

Памер сумы, пазначанай у зысковай заяве, уражвае: 3 млн 353 тыс. руб.
У выніку хлопцы пісьмова апратэставалі заяву, толькі часткова пагадзіўшыся з ёю.
«У красавіку мяне судзілі, і пастанова суда дакладна акрэсліла маю віну, якую я прызнаў і сёння гатовы сплаціць ЖРЭУ іх выдаткі. Але да астатніх надпісаў на вуліцах Брэсцкая і Леніна я ніякага дачынення не маю», — сведчыў 4 жніўня на судовым паседжанні Аляксей Жынгероўскі.

РЕКЛАМА

Праваабаронца Сяргей Гоўша мяркуе, што падобным чынам у ЖРЭУ спрабуюць спагнаць грошы з юнакоў нават за графіці, зробленыя невядома кім і невядома калі.

Самі хлопцы спадзяюцца, што ў іх атрымаецца паменшыць суму зыску пасля таго, як яны запатрабавалі ад прадстаўніка ЖРЭУ распісаць выдаткаваныя грашовыя сумы на кожны надпіс паасобку. Суддзя пагадзіўся з патрабаваннем адказчыкаў, назваў дату наступнага паседжання суда па сутнасці гэтай справы — 13 жніўня.
Як патлумачыў «Intex-press» Аляксей Жынгероўскі, калі пытанне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў краіне не выносіцца на шырокае грамадскае абмеркаванне, графіці з’яўляюцца даволі дзейсным сродкам прыцягнуць увагу людзей да праблемы.

«Я не аспрэчваю факт, што надпісы на сценах — гэта кепска, але іншых спосабаў агучыць праблему нам не пакідаюць. Адсутнічае поўная інфармацыя ў СМІ, праблема не абмяркоўвалася на рэферэндуме. А як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я маю поўнае права выказацца супраць будаўніцтва АЭС у маёй краіне, бо лічу, што гэта не патлумачана аб’ектыўнымі прычынамі», — пракаментаваў Аляксей Жынгероўскі

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up