Хадзілі яны паходамі…
У нядзелю, 26 ліпеня, у г. Баранавічы гучалі тосты «За тых, хто ў моры» - былыя ваенныя маракі адзначалі 70-годдзе з дня зацвярджэння ў Савецкім Саюзе Дня ваенна-марскога флота.
Для тых, хто ў свой час аддаў два-тры гады службе на флоце, стала традыцыяй збірацца ў гарадскім парку ў апошнюю нядзелю ліпеня, каб адзначыць святочны дзень.
У цельніках, бесказырках, барэтах марскіх пехацінцаў, са значкамі «За далекі паход», а некаторыя і ў парадных тужурках пры корціках, гэтыя людзі прыгадваюць гады флоцкай службы, а таксама тых, хто быў у той час побач з імі. Вось і сёлета нехта ўзгадваў, як штармаваў у Ціхім акіяне, нехта — як пад прыкрыццем шуму вінтоў танкера ці сухагруза праходзіў на падлодцы Гібралтарскі праліў. А ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фарыд Цемергаліеў распавеў прысутным, як служыў на падлодцы стратэгічнага прызначэння ў часы «халоднай вайны».
Потым усе рушылі на вуліцу імя Халасцякова, дзе ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар нашага выбітнага земляка, віцэ-адмірала, Героя Савецкага саюза Георгія Халасцякова.
Сёлета былых маракоў сабралася крыху менш, чым звычайна. Магчыма, на сустрэчу паўплывала не зусім добрае надвор’е. Але, як сказаў Фарыд Цемергаліеў, усе сапраўдныя прыйшлі. Увогуле ж у горадзе сёння жыве 234 былых людзей флоту і яшчэ больш за 450 чалавек — у Баранавіцкім раёне.
Комментарии
Правила комментирования