Автор: Алесь Гізун

12:48, 31 июля 2009

Спецпроекты

remove_red_eye 183

Чэрніхава. Сляды спадчыны

Не так і шмат на Баранавіччыне старых мясцін, настолькі унікальных сваёй гісторыяй, біялагічнай разнастайнасцю і турыстычнай прывабнасцю, каб канкураваць са старадаўнімі шляхецкімі котлішчамі ў Верхнім і Ніжнім Чэрніхава, што на паўночным усходзе Баранавіцкага раёна. І разам з тым сёння цяжка адшукаць у нашым краі больш занядбанае і пакінутае людзьмі месца.

Учора

Чэрніхава згадваецца яшчэ ў гістарычных крыніцах XV ст. Цягам усёй сваёй гісторыі маёнткам адначасова валодалі некалькі родаў, у тым ліку Пяткевічы і Неміровічы. Як згадвае даследчык А. Федарук, у 1693 годзе адзін з маёнткаў у Чэрніхава купіў Варшаўскі езуіцкі калегіум, якому ён належаў ажно да моманту спынення дзейнасці ордэна.

Падзел Чэрніхава на Горнае і Дольнае (сёння – Верхняе і Ніжняе) адбыўся яшчэ ў XVI ст. і працягвае існаваць да нашых дзён.

РЕКЛАМА

Па адных дадзеных, яшчэ з XVII, па іншых – з XIX ст. ў Верхнім Чэрніхаве гаспадарылі Рдултоўскія, якія за заслугі перад Айчынай назапасілі багата нерухомасці на нашых землях. Тым самым Рдултоўскім належаў Сноў Горны.

У другой палове XIX – пачатку XX ст. побач з вёскай, на ўзвышку з маляўнічымі даляглядамі, Рдултоўскія і заклалі новы сядзібава-паркавы комплекс у Верхнім Чэрніхава. Пры заездзе на сядзібу стаяла прыдарожная капліца, далей ліпавыя прысады вялі да капліцы-пахавальні Рдултоўскіх (мясцовыя жыхары і сёння называюць яе грабоўцам).

Грабовец Рдултоўскіх

Грабовец Рдултоўскіх

Грабовец Рдултоўскіх – рэдкі ўзор мемарыяльнай архітэктуры. Тынкаваны будынак 8 на 10 м нагадвае склеп, напалову засыпаны зямлёй. Яго фасад упрыгожаны чатырма калонамі і закончаны франтонам. Адсюль садовая сцежка вяла ўглыбкі парку, да дому, які з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі.

Вакол месціўся фальварак, рэшткі якога захаваліся да нашых дзён. Вось сядзібы заканчвалася двума спалучанымі міжсобку вадаёмамі, якія жывіліся вадою з крынічкі.

Сёння

З 1994 года парк у Верхнім Чэрніхава мае статус помніка прыроды мясцовага значэння.

Ліпавыя прысады...

Ліпавыя прысады…

Эколагамі тут адзначана 83 віды раслінаў і 253 віды жывёлінаў, сярод якіх ёсць і даволі рэдкія для Беларусі. У парку сустракаецца мала каму вядомы і сімпатычны звярок – соня арэшнікавая, тут жа расце занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі грыб галавач гіганцкі.

Дарма што такая унікальная мясціна мае вялікія турыстычныя перспектывы, старадаўні парк сёння знаходзіцца ў дужа занядбаным стане і месцамі пераўтвараецца ў сметнік. Ніводзін ацалелы да нашых дзён аб’ект былога фальварку наш карэспандэнт так і не здолеў адшукаць без дапамогі мясцовых жыхароў.

Мясцовая бабуля Ніна, якая пагадзілася паказаць журналісту ўсе цікавосткі, распавяла, нібыта штогод у пошуках сядзібы Рдултоўскіх сюды прыязджаюць палякі. Тыя таксама заўжды просяць вясковы люд дапамагчы адшукаць у непралазнай крапіве і хмызах рэшткі сядзібы. Кабета распавяла таксама, што палякі кожнага разу застаюцца ў шоку ад пабачанага. У грабоўцы, дзе былі пахаваныя Рдултоўскія, неаднойчы назіралі павешаных сабакаў. Па словах бабулі Ніны, ёй і няўцям, хто можа займацца падобным блюзнерствам: людзей у вёсцы няшмат, моладзі амаль няма.

РЕКЛАМА

Магчыма, у гэта цяжка паверыць, але наведаўшы разам з бабуляй Нінай старую святыню, і наш карэспандэнт пабачыў некалькі сабакаў у петлях.

Нялёгка адшукаць у «зялёны»сезон і рэшткі фундаменту колішняга сядзібавага дома. Побач захавалася двухярусная шасцікантовая вежа-капцільня. У гэтым крамяным будынку з чырвонай цэглы да апошняга часу мясцовыя жыхары захоўвалі прадукты.

Без дапамогі мясцовай бабулі Ніны адшукаць сядзібу ў Верхнім Чэрніхава  наўдачу атрымалася б

Без дапамогі мясцовай бабулі Ніны адшукаць сядзібу ў Верхнім Чэрніхава наўдачу атрымалася б

Пры заездзе на тэрыторыю сядзібы перад ліпавымі прысадамі сёння захавалася і прыдарожная сакральная капліца з прыгожым каваным крыжам на чарапічным даху. Аднак, не ведаючы плану сядзібы, і яе можна не адшукаць у прыдарожных зарасніках.

Сакральная прыдарожная капліца ў Верхнім Чэрніхава

Сакральная прыдарожная капліца ў Верхнім Чэрніхава

Захаваны невялікі фрагмент парку пры сядзібе Гартынгаў ў Ніжнім Чэрніхаве выглядае больш дагледжаным. На яго тэрыторыі сёння знаходзіцца мясцовая школа, побач з якой ад былога класіцыстычнага палацу засталіся рэшткі тэрасы з балюстрадай. Праз шашу насупраць будынку школы захаваліся бровар і двухпавярховы мураваны дом батракоў, у якім яшчэ колькі гадоў таму жылі людзі.

Дзядзька Іван:

“Харошы дом, але цяпер разбураецца, – зрабіў выснову мясцовы дзед Іван, які касіў паблізу шыкоўную траву. – Сёння нікому нічога не трэба”.

Бровар у Ніжнім Чэрніхава

Бровар у Ніжнім Чэрніхава

ФОТА – Алеся Гізуна

З баранавіцкага аўтавакзала да в. Чэрніхава аўтобусы ідуць штодня а 7.00, 7.35, 12.55, 17.20, у суботу і нядзелю – а 12.00 і 18.00, а таксама а 16.25 з панядзелку па пятніцу.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up