Новости / Спецпроекты

Каранеўшчына. Сляды спадчыны

15.07.2009, 12:56 / remove_red_eye 194 / chat_bubble

Палац шляхціцаў Лопацяў у Каранеўшчыне (Ляхавіцкі раён) – адзін з нешматлікіх старых сядзібавых дамоў, якія сёння можна назваць «жывымі» дзякуючы таму, што і ў наш час у іх працягваюць жыць людзі.

Учора

Як сцвярджае даследчык помнікаў архітэктуры сядзібавага і палаца-паркавага мастацтва Берасцейшчыны А. Федарук, сядзібавы дом у Каранеўшчыне, што мы можам сёння назіраць, быў закладзены Рамуальдам Лопацем, які ў 1847 годзе атрымаў у спадчыну гэту зямлю.

Палац Лопацяў у Каранеўшчыне

РЕКЛАМА

Палац Лопацяў у Каранеўшчыне

Палац Лопацяў уяўляе сабой двухпавярховы цагляны, тынкаваны будынак, які складаецца з некалькіх аб’ёмных частак. Цэнтральны ўваход у палац вылучаны верандай на пяці вялікіх калонах. Як адзначае А. Федарук, пабудова цэнтральнай часткі сядзібавага дома даволі нетыповая. Да яго па краі партэра вядуць ліпавыя прысады. Галоўны ўваход у палац – кутні. Перад домам, у партэры, не было характэрнага кола, якое месцілася за домам. Менавіта там і разварочваўся ўвесь транспарт, што заязджаў на тэрыторыю сядзібы.

Паралельна галоўнай заязной алеі з іншага боку партэра ішла другая алея, якая прыводзіла на гаспадарчы двор сядзібы. Згаданаму ўжо Рамуальду з 1862 года належаў яшчэ адзін невялікі маёнтак Тафелін (Тэафілін), што месціўся за колькі кіламетраў на захад ад Каранеўшчыны. Як адзначаюць даследчыкі, планіроўка гэтай сядзібы нагадвала сядзібу Бохвіцаў у Вошкаўцах. Праверыць гэтыя звесткі сёння ўжо немагчыма: сядзібавы дом быў разбураны зусім нядаўна, у 90-я гады, гаспадарчыя будынкі засталіся ў руінах. Колішняе шляхецкае котлішча сёння можна пазнаць па захаваных рэштках былога парку.

Самі ўладальнікі сядзібаў у Каранеўшчыне і Тафеліне засталіся ляжаць на могілках у Дарава. Тут знаходзяцца магілы стваральніка сядзібаў Рамуальда Лопаця, яго жонкі Аляксандры, дзяцей Ганны, Вітольда і Стэфана.

Сёння

Каротка і ясна

Каротка і ясна

У наш час у сядзібавым доме Лопацяў у Каранеўшчыне размешчаны сельскі клуб і бібліятэка. Будынак эксплуатуецца як арганічная частка сучаснай інфраструктуры вёскі, якая цалкам атачыла тэрыторыю былой сядзібы.

Вялікі і каларытны палац знайшоў сваё прыстасаванне ў сучаснасці, і ў гэтым сэнсе яму пашанцавала значна больш, чым сядзібам Бохвіцаў у Фляр’янава, Паўлінава і Вошкаўцах, маёнтку Рэйтанаў у Грушаўцы, якія сёння актыўна разбураюцца.

Ладную частку тэрыторыі сядзібы ў Каранеўшчыне займае сёння дзіцячы садок, які ўсутыч падступіў да паркавай часткі дома. Перад самымі вокнамі палаца з гэтага боку захавалася старая лістоўніца еўрапейская. Дрэва мае няправільную форму, да таго ж расце нахіленым над паверхняй зямлі прыкладна на 50 градусаў, што толькі дадае мясціне нейкі невытлумачальны, унікальны каларыт.

РЕКЛАМА

Паркавы фасад палацу. Лістоўніца еўрапейская

Паркавы фасад палацу. Лістоўніца еўрапейская

Паркавы фасад сядзібавага дома вылучаны рызалітам з балконам, які апіраецца на дзве кантовыя паўкалоны. Вокны рызаліта маюць паўкруглую форму, у адрозненне ад астатніх (прастакутных) вокнаў дома.

Светлацені на шляхецкіх мурах

Светлацені на шляхецкіх мурах

Дарма што палац Лопацяў і тэрыторыя вакол яго сёння даглядаецца, будынак патрабуе да сябе больш пільнай увагі, каб захавацца непашкоджаным і далей. Сіметрычна адна адной з пліты балкона па абодва бакі сёння выраслі дзве бярэзіны, карэнне якіх бязлітасна разбурае архітэктурны элемент. Перажыўшы вайну і пасляваенныя перабудовы, сімпатычны паркавы балкончык можа быць знішчаны ў найбліжэйшы час звычайнымі каранямі дрэў, якія не менш літасцівыя да старой архітэктуры. У гэтай сувязі паміж вышэйзгаданай пагрозай для балкона і назвай сядзібы Лопацяў узнікаюць даволі сумныя асацыяцыі.

Расліннасць – павольнае і бязлітаснае разбурэнне старых сценаў

Расліннасць – павольнае і бязлітаснае разбурэнне старых сценаў

Фота Алеся Гізуна

У Каранеўшчыну можна трапіць так: на аўтобусе Баранавічы – Ляхавічы даехаць да прыпынку Карані, адкуль да сядзібы Лопацяў застанецца каля пяці кіламетраў. Па дарозе можна наведаць абедзве сядзібы Бохвіцаў – у Вошкаўцах і Фляр’янава.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up