Новости / Культура

Вызваленне Баранавіч

10.07.2009, 12:36 / remove_red_eye 159 / chat_bubble0

У шэрагу буйных і славутых аперацый, здзейсненых Чырвонай Арміяй падчас Вялікай Айчыннай вайны, стаіць Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя «Баграціён». Складаючаю часткаю гэтай аперацыі стала Баранавіцка-Слонімская наступальная аперацыя правага крыла 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага (з 5 па 16 ліпеня 1944 г.), у якой прымалі ўдзел войскі 28-й арміі генерал-лейтэнанта А.А. Лучынскага, 65-й арміі генерал-палкоўніка П.І. Батава, 48-й арміі генерал-лейтэнанта І.Л. Раманенкі, 16-й паветранай арміі генерал-палкоўніка авіяцыі С.І. Рудэнкі, конна-механізаваная група генерал-лейтэнанта І.А. Пліева і іншыя часткі і злучэнні.

Гітлераўцы добра разумелі стратэгічна важнае значэнне горада Баранавічы як буйнога вузла шашыйных і чыгуначных дарог, са стратаю якога перад Чырвонай Арміяй адкрываўся прамы шлях на Брэст і Варшаву. За перыяд акупацыі немцы пераўтварылі Баранавічы ў магутны добраўмацаваны раён, які прыкрываў напрамак на Беласток і Брэст. На подступах да горада гітлераўцы стварылі тры добра ўмацаваныя паласы абароны, а ў раёне ракі Шчара выкарыстоўваліся як агнявыя кропкі 11-ці старых жалезабетонных збудаванняў. У сувязі з гэтым трэба адзначыць, што нідзе, за выключэннем Бабруйска, савецкія войскі не сустракалі такога ўпартага супраціўлення.

Вялікую дапамогу наступаючым войскам Чырвонай Арміі аказалі партызаны Баранавіцкага партызанскага злучэння (камандзір злучэння — сакратар Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б Васіль Яфрэмавіч Чарнышоў), якія ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. нанеслі моцны ўдар па чыгуначных каму-нікацыях ворага і вывелі іх са строю, чым перашкодзілі перакідванню варожых злучэнняў на патрэбныя ўчасткі фронту.

Конна-механізаваная група генерал-лейтэнанта І.А. Пліева была ўведзена ў прарыў на стыку 65-й і 28-й армій з мэтаю ахопу войск ворага, дзейнічаючы на флангах, перакрываючы шляхі адступлення частак 4-й нямецкай арміі, знішчаючы тылы і штабы акупантаў. У той час, калі 48-я армія перарэзала камунікацыі Мінскай групоўцы ворага і перакрыла ёй шлях на Баранавічы, войскі 65-й арміі генерала Батава атрымалі наступную задачу: нанесці галоўны ўдар 18-м стралковым корпусам на заходнім напрамку і дапаможны ўдар 105-м стралковым корпусам з паўднёвага ўсходу, такім чынам унесці свой уклад у акружэнне 4-й нямецкай арміі і авалодаць Баранавічамі.

РЕКЛАМА

Вялікую дапамогу сухапутным войскам падчас наступлення аказвала авіяцыя. Напярэдадні наступлення нашых войск на Баранавічы 59-ты гвардзейскі Чырвонасцяжны ордэна Суворава (потым «Баранавіцкі») штурмавы авіяполк правёў разведку ў раёне населеных пунктаў Сталовічы, Цяшэўля, Тартакі, а калі, падчас ажыццяўлення Баранавіцка-Слонімскай аперацыі, у нашых войск узнікалі цяжкасці з фарсіраваннем ракі Шчара, «Іл-2» групамі ў 6-8 самалётаў штурмавалі акапаўшагася ворага.

Наступленне Чырвонай Арміі на Баранавічы пачалося з рубяжа Шышыцы-Слуцк, і чым бліжэй войскі падыходзілі да Баранавіч, тым больш узрастала адчайнае і добра падрыхтаванае супраціўленне ворага. На некаторых участках фронту нямецкія контратакі паўтара-ліся па 6-7 разоў на суткі, але адпаведна ўзрастаў і націск савецкіх войск. 6, 7 і 8 ліпеня 1944 года 10-я гвардзейская Кубанская казачая кавалерыйская дывізія вяла цяжкія баі на подступах да Баранавіч. Камандзір дывізіі палкоўнік М.С. Папрыкайла знаходзіўся на камандным пункце ў рошчы заходней Баранавіч і падчас адбіцця атакі прарваўшыхся нямецкіх самаходных гармат быў смяротна паранены. 9 ліпеня ва ўжо вызваленым горадзе аднапалчане пахавалі горачалюбімага каман-дзіра.

Увесь дзень 7 ліпеня 1944 г. ішлі цяжкія наступальныя баі, Чырвоная Армія ўсё бліжэй падыходзіла да горада. Вечарам горад быў акружаны з паўднёвага ўсходу і поўначы. 69-я стралковая дывізія на чале з генерал-маёрам І.І. Санкоўскім фарсіравала раку Шчара каля вёскі Літва. Чырвонаармейцы пры агнявой падтрымцы танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак (САУ) дасягнулі ракі і, нягледзячы на ўпартае супраціўленне ворага, фарсіравалі яе. 237-ы полк пад камандаваннем падпалкоўніка П.П. Прылепскага першым набліжаўся да горада.

Да Шчары падышлі і войскі 20-й стралковай дывізіі, якія на працягу ночы рыхтавалі пераправу і раніцаю наступнага дня пераправіліся на супрацьлеглы бераг і замацаваліся на плацдарме. У 3 гадзіны раніцы 8 ліпеня 150-ты стралковы полк 50-й дывізіі падышоў да вёскі Вя-лікія Лукі і вызваліў яе. Усяго 40 хвілін спатрэбілася войскам Чырвонай Арміі, каб вызваліць вёску Вялікая Валохва і перарэзаць дарогу Баранавічы-Брэст. Кавалерыйская група генерал-лейтэнанта І.А. Пліева ў гэты час абышла горад і нанесла адчувальныя ўдары па ворагу, які адступаў. Часткі 15-й, 37-й, 130-й, 193-й і 44-й стралковых дывізій вялі баі на ўскраінах горада. Ноччу з усходу ў горад уварвалася 15-я Сівашская стралковая дывізія. Камандзір дывізіі палкоўнік Грабеннік дакладваў: «Горад вызвалены!» У 3 гадзіны раніцы 8 ліпеня радыёстанцыя кавалерыйскага эскадрона Кубанскага казачага кавалерыйскага корпуса перадала камандаванню наступнае данясенне: «Эскадрон уварваўся ў горад Баранавічы з паўднёвага ўсходу. Вораг адступае».

Рашэннем Вайсковага Савета 65-й арміі камандзір 15-й Сівашскай стралковай дывізіі Грабеннік прызначаны начальнікам Баранавіцкага гарнізона, а маёр Гарбачоў, былы сакратар Баранавіцкага абкама камсамола, — камендантам горада.

Каля вакзала «Баранавічы-Палескія» вызначыўся гарматны разлік 130-й стралковай дывізіі на чале з малодшым сяржантам М.Ф. Васільевым, які адным з першых уварваўся ў горад. Разлік Васільева дакладным агнём расстрэльваў варожыя бронетранспарцёры, САУ, гарматныя і кулямётныя разлікі і жывую сілу ворага. У няроўным баі Васільева параніла, але ён, сцякаючы крывёю, камандаваў разлікам.

Камандзір аддзялення разведчыкаў сяржант Сейткасім Ашыраў са сваімі падначаленымі па заданні камандавання неаднаразова адпраўляліся на разведку на 3-5 кіламетраў за лінію фронту, дзе праводзілі дыверсіі і захоплівалі палонных. Асабліва разведчыкі Ашырава адзначыліся падчас правядзення разведкі каля вёскі Забалоцце (на паўночны захад ад Баранавіч), дзе 8 ліпеня утраіх яны незаўважна падабраліся да мінамётнай батарэі гітлераўцаў і раптоўна яе атакавалі. У баі разведчыкі знішчылі 11 салдат і 1 афіцэра ворага, а астатнія збеглі. Мужныя байцы захапілі 6 мінамётаў, 2 цягачы, 4 аўтамашыны, 4 радыёстанцыі і 7 палонных гітлераўцаў на чале з афіцэрам, а затым агнём па пяхоце ворага з захопленых мінамётаў нанеслі яму значныя страты і выклікалі паніку ў яго войску. За гэты подзвіг Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР разведчыкам Сейткасіму Ашыраву і Міхаілу Ярэміну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Раніцаю 8 ліпеня 1944 г. Баранавічы канчаткова вызвалены ад ворага і над горадам быў узняты чырвоны сцяг — сімвал мужнасці і гераізму савецкіх воінаў. Радзіма высока адзначыла подзвігі чырвонаармейцаў, праяўленыя падчас вызвалення Баранавіч ад нямецкіх захопнікаў. Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 28 часцей і злучэнняў 1-га Беларускага фронту атрымалі ганаровае званне «Баранавіцкіх», а 18 фарміраванняў (сярод іх 193-я Дняпроўская Чырвонасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава стралковая дывізія 65-й арміі на чале з Героем Савецкага Саюза генерал-лейтэнантам А.Р. Фралянковым атрымала ордэн Леніна) узнагароджаны вайсковымі ордэнамі. Дзесяці салдатам і афіцэрам Чырвонай Арміі, якія асабліва вызначыліся пры вызваленні Баранавіч і Баранавіцкага раёна, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза: Акімаву М.Р., Ашыраву С., Бардунову В.М., Васільеву М.Ф., Грэбчанку С.С., Махіня П.Я., Сулейманаву Я.М., Сухамліну І.М., Чакмянёву Р.А., Ярэміну М.І.

8 ліпеня 1944 г. у 22 гадзіны Масква салютавала войскам, якія «ў выніку абыходнага манеўру конніцы і танкавых злучэнняў у сукупнасці з франтальнаю атакаю пяхоты авалодалі абласным цэнтрам Беларусі — горадам Баранавічы», дваццаццю артылерыйскімі залпамі з 224-х гармат.

Такім чынам, у выніку бліскуча праведзенай Баранавіцка-Слонімскай аперацыі войскамі 1-га Беларускага фронту былі вызвалены Баранавічы, Слонім, многія іншыя населеныя пункты. Чырвоная Армія, у склад якой пасля вызвалення Баранавіч уступілі многія баранавіцкія партызаны і падпольшчыкі, атрымала магчымасць наступаць далей, каб канчаткова вызваліць Беларусь. Ворагу былі нанесены адчувальныя страты, што наблізіла канчатковую і доўгачаканую перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Оставить комментарий

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
  Подписаться  
Уведомление о
Scroll Up