Автор: Алесь ГIЗУН

13:33, 10 июля 2009

Происшествия

remove_red_eye 130

Скварчыцы ў «шакаладзе»

Пасля начной залевы 2 ліпеня скляпы, падворкі і агароды у трох дварах у вёсцы Скварчыцы Баранавіцкага раёна апынуліся пад уражвальным слоем гною, які на ўзгорку за некалькі дзесяткаў метраў мясцовая гаспадарка збірала яшчэ з мінулага года. У гнаі апынуліся нават хаты.

Незвычайная паводка

Карэспандэнты Intex-press завіталі ў Скварчыцы ў той момант, калі пагрузчыкі з мясцовай гаспадаркі ЗАТ «Шчара-Агра» здымалі верхні слой каравяка на прыватных падворках і вясковай вуліцы. «А ў агародах жа нічога не збярэш. Усё проста згарыць. А калі не, дык як такую бульбу будзеш есці? Яна ўся ў гаўне!» — абураецца пацярпелы ад такой незвычайнай «паводкі» Леанід Жынгероўскі. Яго найбольшы боль — маладыя яблынькі малдаўскіх гатункаў, лёс якіх цяпер невядомы: выжывуць — не выжывуць.

У яго жонкі Валянціны — іншы клопат: «Мае каны (кветкі. — Аўт.) мне спецыяльна прывозілі знаёмыя з Масквы… Лілеі — кожная па 8 — 15 тысяч… Яны ўжо прападуць».

РЕКЛАМА

Града з клубніцамі таксама «ў шакаладзе». «Клубніцы толькі раз паспела сабраць. Астатнія хтосьці выбраў без мяне. Цяпер ужо ніхто не палезе, нават злодзей…» — са скрухаю заўважае Валянціна.

Ні вады, ні ежы

У суседзяў Леаніда і Валянціны таксама затапіла ўраджаі — і новы (на градах), і леташні (у скляпах). Студні пацярпелых вяскоўцаў апламбавалі санслужбы, забараніўшы піць ваду. Вынікі ўзятых аналізаў вады будуць вядомы напрыканцы гэтага тыдня.

Калі вынікі будуць несуцяшальныя, кажа Леанід, давядзецца патрабаваць ад гаспадаркі прабурыць свідравіну.
На пытанне «Як далей будзеце жыць?» у гэтых простых людзей знаходзяцца вельмі простыя адказы: «Ваду можна браць у суседзяў праз пяць хат. Па прадукты — на рынак».
«Давядзецца і далей лямку цягнуць… Чаму начальству было на самой горцы каля хат гэта возера жыжы рабіць, а не трохі далей. Але што каму дакажаш, хто будзе слухаць? Раней у нас заўсёды смурод стаяў, як вецер падзьмуе. Нікому няма справы. Скажуць: заткніся, бабка, што ты пляцеш?» — выракае пацярпелая кабета Зіна.

Не бяда, не гора

Кіраўніцтва гаспадаркі вялікай катастрофы ў гэтай сітуацыі не бачыць.
«Ну хто мог чакаць, што такі лівень пройдзе? — паведаміў старшыня ЗАТ «Шчара-Агра» Эдуард Сырыца. — Нічога страшнага тут няма. Звычайна людзі імкнуцца больш на агароды гною нанесці. Раней у нас гэту жыжу кралі і не баяліся, што агароды папаляць».

Як сцвярджае Леанід Жынгероўскі, паводле санітарных норм, пляцоўка для захоўвання арганічных угнаенняў па-вінна знаходзіцца не бліжэй за 500 м ад населенага пункта. На жаль, пацвердзіць гэтую інфармацыю ў спецыялістаў ДУ «Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» нашаму карэспандэнту не ўдалося. А вось кіраўніцтва ЗАТ «Шчара-Агра» ўсё ж прызнае, што гной захоўваўся занадта блізка ад хат, і абяцае прыбраць праблемную кучу ўжо ў найбліжэйшы час.

Цярпенне і змаганне

Як давялося высветліць, гаспадары толькі адной з трох пацярпелых гаспадарак маюць абавязковую страхоўку свайго дома (без страхавання маёмасці).

Як паведаміла «IP» спецыяліст 1-й катэгорыі прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Баранавіцкім раёне Вольга Каласоўская, згодна з такім відам страхоўкі, для пацярпелых прадугледжана выплата 50% матэрыяльных страт. Аднак спецыяліст пакуль не змагла ацаніць верагодныя страты: гаспадары адсутнічалі, і яна так і не здолела трапіць ў сярэдзіну дома. Дарэчы, неабходнай заявы ад іх дагэтуль так і не было, калі не лічыць тэлефанавання.
Увогуле, людзі праявілі пераважна невялікі энтузіязм у адстойванні сваіх інтарэсаў. Як паведаміў Эдуард Сырыца, гаспадары дзвюх гаспадарак папрасілі толькі забяспечыць іх бульбаю, ураджай якой палічылі загубленым. Кіраўніцтва гаспадаркі абяцае цалкам задаволіць іх патрэбы.

Толькі Леанід вырашыў пайсці далей. Ён запатрабаваў, каб у акце матэрыльных страт, складзеным кіраўніцтвам гаспадаркі, абавязкова быў пазначаны факт няправільнага складавання гною гаспадаркай. Цяпер ЗАТ «Шчара-Агра» павінен выплаціць Леаніду каля двух мільёнаў рублёў. «Калі ўсё спісаць на нябёсную кантору, дык і вінаватых трэба там шукаць, — кажа Леанід. — Я не пагаджаўся, каб мне прыбіралі забруджаны верхні пласт зямлі, пакуль цалкам не ацэняць наступствы. Давялося цярпець гэтыя пахі, бо пасля нікому нічога не дакажаш. Мяне пазбавілі ўсіх прадуктаў, на агародах цяпер трэба рабіць глыбокае ўзворванне, каб у наступным годзе там можна было нешта пасадзіць. У мяне забруджаны ўвесь двор: хто дасць жвіру, каб засыпаць яго?»

У словах кіраўніцтва гаспадаркі аптымізму прыкметна больш. «Некаторыя хочуць зарабіць грошай на гэтай непрыемнай сітуацыі, але, магчыма, яны пасля пашкадуюць пра гэта, — пракаментаваў Эдуард Сырыца. — Іх кветкі, за якія ім будзе заплочана, мы яшчэ выкапаем і пасадзім на нашых клумбах».

Вада ў чаканні

Як паведамілі ў Баранавіцкай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля, у выніку здарэння ў Скварчыцах больш пацярпела маёмасць людзей, а не наваколле. Увогуле, сёння ў інспекцыі не спяшаюцца называць маштабы стратаў ад разлівання жыжы.

На думку старшыні эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання «Неруш» Уладзіміра Зуева, ацаніць узровень негатыўнага ўплыву на наваколле ў дадзеным выпадку можна будзе не раней як праз тыдзень, узяўшы чарговыя пробы вады. «Можна быць упэўненым, што сёння ўсе прыкметы забруджвання вады ў студнях будуць адсутнічаць, — пракаментаваў сітуацыю Уладзімір Зуеў. — А вось праз пэўны час прадукты паўраспаду, нітрыты і нітраты, могуць аб’явіцца. Як хутка і наколькі небяспечна яны сябе праявяць, залежыць ад структуры глебы і ўзроўню размяшчэння ваданосных слаёў. Здараецца, што якасць вады пагаршаецца і за 300 — 400 метраў ад падобнай крыніцы забруджвання».

Болей фотаздымкаў з месца здарэння глядзіце ў аператыўным фотарэпартажы са Скварчыцаў.

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up