Автор: Алесь ГIЗУН

14:00, 26 июня 2009

Экономика

remove_red_eye 108

Свяцілаўскае возера заліло нечыстотамі

Брудныя сцёкі не менш за дзве гадзіны, па словах відавочцаў, няспыннай плынню ліліся з трубы ў вадаём у Паўночным мікрараёне 22 чэрвеня.

Менавіта столькі часу мінула ад моманту, калі гараджане ўпершыню звярнулі ўвагу на каламутную плынь і пачалі тэлефанаваць эколагам ды журналістам да моманту ліквідацыі аварыі, — каля 17.00.

Як распавёў «IP» галоўны спецыяліст Гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Анатоль Пляшко, аператыўна на месца аварыі была выклікана аварыйная служба «Водаканала». Яе спецыялісты правялі адпампоўку гаспадарча-фекальных сцёкаў з найбліжэйшага калектара па вул. Жукава. Пасля гэтага сцёкі ў возера з аварыйнай трубы спы-ніліся.

«Цяпер яшчэ высвятляецца, на чыім балансе знаходзіцца гэта труба, якая выходзіць на зялёнай зоне насупраць дома 14 па вул. Жукава ў напрамку возера, высвятляецца таксама, якія сцёкі і якім чынам туды трапілі», — паведаміў «IP» намеснік начальніка Гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Алег Загурскі.

РЕКЛАМА

Над даследаваннем прычын аварыі працуе камісія, у склад якой уваходзяць спецыялісты «Водаканала», Гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля, УКРБП «Баранавічырэмбуд» і Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Па меркаванні Анатоля Пляшко, прычынай здарэння магла стацца перапоўненая каналізацыя, што выявілася пасля ўскрыцця люкаў.

Аднак пакуль спецыялісты інспекцыі не могуць дакладна назваць характар сцёкаў, якія трапілі ў вадаём, а таксама магчымую страту для наваколля. Гэта стане вядома толькі пасля вынікаў лабараторнай праверкі пробаў вады. Вінаватыя ў здарэнні будуць абавязкова прыцягнуты да адказнасці, запэўніваюць эколагі, дарма што гэта была аварыйная сітуацыя.

«Калі гэта былі звычайныя бытавыя сцёкі, асаблівай небяспекі не будзе, — мяркуе старшыня эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання «Неруш» Уладзімір Зуеў. — Свя-цілаўскае возера — ландшафтны вадаём, у якім усё адно нельга купацца. Праблема гэтага возера — у адсутнасці ліўнёвай каналізацыі. Праз гэта штогод у яго трапляюць паверхневыя сцёкавыя воды з нашых дарог. У кожным разе, трэба ведаць аб’ёмы тых сцёкаў, каб меркаваць пра ступень іх небяспекі».

Сёння каля возера з боку вул. Жукава трымаюцца даволі вострыя каналізацыйныя пахі, а вада ў гэтай частцы вадаёма зрабілася светла-каламутнай. Аднак гараджане па-ранейшаму бавяць там свае вольныя вечары.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up