Новости / Спецпроекты

Вошкаўцы. Сляды спадчыны

17.06.2009, 13:45 / remove_red_eye 184 / chat_bubble

У Вошкаўцах (сёння гэта ўскраіна вёскі Ураджайная Ляхавіцкага раёна) да нашых дзён захавалася сядзіба беларускага пісьменніка і філосафа Фларыяна Бохвіца. Збольшага ацалелі і іншыя два маёнткі гэтага роду – у Паўлінава і Фляр’янава, якім ужо былі прысвечаны ранейшыя выпускі «Слядоў спадчыны». Літаральна колькі гадоў таму на старых каталіцкіх могілках у Дарава, што на шашы Баранавічы – Ляхавічы, яшчэ можна было пабачыць і магілу Фларыяна Бохвіца.

Учора

Сяло Вошкавічы вядома яшчэ з канца XIX стагоддзя.

У 1838 годзе двор Вошкаўцы Старыя (або Стары Двор) набыў філосаф Фларыян Бохвіц (1799 – 1856 гг.), які быў жанаты з Паўлінай Маеўскай, пляменніцай маці Адама Міцкевіча. У 1864 годзе асноўная частка маёнтка перайшла да яго сына Рамана. Другая частка разам з Бельчыцамі – да другога сына Люцыуша. Трэці сын Ян Атон (1835 – 1915 гг.) атрымаў фальварак Новыя Вошкаўцы, дзе пабудаваў сядзібу, назваўшы яе неўзабаве ў памяць бацькі – Фляр’янава. У Вошкаўцах, у старым сядзібавым доме на дванаццаць пакояў, які быў пабудаваны з лістоўніцы яшчэ ў XVII стагоддзі, Бохвіцы і жылі.

РЕКЛАМА

Як сведчыць даследчык А. Федарук, у доме асабліва цанілася каштоўная бібліятэка, сабраная Фларыянам. Тут захоўваліся збор польскіх часопісаў, сямейны архіў, партрэты, у тым ліку і Фларыяна Бохвіца. Будынак дома відазмяняўся ў розныя часы. Так, у эпоху класіцызму яго парадны фасад упрыгожыў ганак на чатырох калонах, а паркавы фасад – на дзвюх калонах. З некаторымі зменамі будынак датрываў да нашага часу.

Гэты дом быў асяродкам мясцовай інтэлігенцыі. У ім да апошніх дзён жыў і тварыў і сам Фларыян Бохвіц.

Куток сядзібы ў Вошкаўцах

Куток сядзібы ў Вошкаўцах

Вошкаўцы – тыповая для XIX стагоддзя сядзіба, з невялікім пейзажным паркам, садам і гаспадарчымі будынкамі.

Сёння

У сядзібавым доме Бохвіцаў доўгі час размяшчалася амбулаторыя. Калі для ўстановы пабудавалі новы будынак, старая сядзіба пачала занепадаць. Сярэдняя частка фасаднай сцяны дома – тынкаваная. У савецкі час да яе прыбудавалі веранду з сілікатнай цэглы. Шматметровая прыбудова з’явілася і праваруч дома.

Па сведчаннях А. Федарука, паркавы фасад лепш захаваўся ў першапачатковым выглядзе. У цэнтры яго знаходзяцца тры часткова тынкаваныя рызаліты. Вокны гэтага боку дома адпаведна выходзяць у парк з падковападобнай палянай перад домам. Як піша А. Федарук, калісьці тут быў кветнік з ружамі, межы якога дэкараваліся адзінкавымі экзотамі: востралістым клёнам, крымскай ліпай, конскім каштанам.

Старыя прысады яшчэ памятаюць Бохвіцаў

Старыя прысады яшчэ памятаюць Бохвіцаў

Сёння парк не даглядаецца, таму абрысы палян амаль не прасочваюцца. Даволі добра захаваўся круг з дрэвамі і хмызамі ў партэры перад парадным фасадам. Так і ўяўляеш, як карэты з гасцямі робяць традыцыйнае кола і спыняюцца перад ганкам.

Адна з захаваных цікавасцей у Вошкаўцах – паравы млын пачатку ХХ стагоддзя, зроблены з чырвонай цэглы і колатага камення.

Млын у Вошкаўцах

РЕКЛАМА

Млын у Вошкаўцах

Мяркуючы па тым, што ўвесь задні двор млына і сёння зацярушаны мукою, здаецца, што ад стогадовай даўніны тут мала што змянілася.

Унутраны двор млыну: мучная зіма сярод лета

Унутраны двор млыну: мучная зіма сярод лета

Вось толькі былыя гаспадары маёнтка Бохвіцы даўно ляжаць на старых могілках у сяле Дарава, каля цэнтральнага ўваходу. Тут сёння можна знайсці магілы сына Фларыяна Бохвіца – Люцыуша і яго жонкі Ксавэрыі, а таксама магілу ўнука Фларыяна – Рамана Бохвіца.

Магіла Рамана Бохвіца ў вёсцы Дарава

Магіла Рамана Бохвіца ў вёсцы Дарава

Надмагілле самога філосафа са словамі «Твой прыклад няхай паказвае нам шлях праўды», а таксама надмагілле яго жонкі было знішчана ў 2003 годзе. У тым жа годзе на месцы разбураных магіл Бохвіцаў з’явіліся новыя пахаванні.

З Баранавіч у Вошкаўцы найпрасцей трапіць так: на аўтобусным маршруце Баранавічы – Ляхавічы трэба даехаць да прыпынку Карані. Адсюль да сядзібы Вошкаўцы (в. Ураджайная) пешкі каля двух кіламетраў.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up