Автор: Алесь ГIЗУН

15:59, 11 июня 2009

Политика

remove_red_eye 101

Баранавічы талерантныя да фашысцкай сімволікі

Ужо больш за два тыдні гараджане могуць назіраць распісаныя фашысцкай сімволікай аўтобусны прыпынак і кіёск «Бархім», што знаходзяцца каля аўтавакзала. І гэта ў знакавы год, калі мы адзначаем 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Мяне здзіўляе тое, што ні гарадскія ўлады, ні камунальныя службы дагэтуль не парупіліся прыбраць фашысцкія свастыку і надпісы ў такім публічным месцы, — паведаміў «IP» баранавіцкі актывіст зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады Фронт» Сямён Былінскі. — Калі на святы нашы сябры вывешваюць уночы ў горадзе гістарычны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, яго прыбіраюць ужо ранкам. У выпадку з фашысцкай свастыкай ствараецца ўражанне, што ўлады ніякай небяспекі не адчуваюць».

Сямён упершыню заўважыў фашысцкую сімволіку на абодвух аўтобусных прыпынках і на кіёску «Бархім» у раёне аўтавакзала яшчэ 25 мая. Калі праз два дні надпісы ніхто не прыбраў, моладзевы актывіст звярнуўся з адпаведнымі заявамі ў Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт, а таксама ў пракуратуру г. Баранавічы. Небезуважны гараджанін папрасіў звярнуць увагу на праблему і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
Адказ з пракуратуры прыйшоў ужо на наступны дзень — 28 мая. У ім пазначана, што заява Сямёна Былінскага перададзена на разгляд у Баранавіцкі ГАУС, а вынікі разгляду яму паведамяць дадаткова. Па стане на 8 чэрвеня з гарвыканкама адказу не прыйшло.

«Надпісы на адным з прыпынкаў усё ж сцерлі супрацоўнікі суседняга кіёска, — распавёў Сямён Былінскі. — Іншыя графіці нашы сябры размалявалі як маглі, каб знішчыць іх сэнс. Для мяне застаецца незразумелым, чаму дагэтуль ніхто не хоча прыбраць астатнія фашысцкія надпісы, што ствараюць адмоўную рэпутацыю гораду ў вачах яго гасцей, ветэранаў».

РЕКЛАМА

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up