Новости / Культура

Калі з кранаў льецца Вівальдзі

3.06.2009, 17:28 / remove_red_eye 196 / chat_bubble

У традыцыйных народных уяўленнях вада заўжды выступала сінонімам здароўя. Гэта цяжка аспрэчыць, улічваючы, што арганізм чалавека на 80% складаецца з вады. Атрымліваецца, што мы сапраўды ёсць тое, што мы п'ем.

Якую ваду мы сёння спажываем і ў якім стане пасля яна вяртаецца ў прыродны кругазварот, напярэдадні Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5 чэрвеня, карэспандэнту «IP» распавяла інжынер-тэхнолаг цэха водаправода КУВП «Водаканал» Ірына Роўба.

Вада двухвекавой вытрымкі

Сёння нашы гараджане п’юць сфармаваную яшчэ 200 гадоў таму ваду, якая здабываецца з 74 свідравін глыбінёй да 300 метраў. Гэта крыштальна чыстая вада, без усялякага антрапагеннага ўздзеяння. Па сваім хімічным напаўненні наша вада адпавядае амаль усім неабходным патрабаванням, апроч залішняга змяшчэння ў ёй жалеза. Перанасычанасць гэтым элементам — прыродная ўласцівасць вады па ўсёй Беларусі.

РЕКЛАМА

Летась закончылася рэканструкцыя найстарэйшага гарадскога водазабора «Валахва» (пабудаваны ў 50-х гадах), які забяспечвае вадою Цэнтр, Паўднёвы мікрараён, Вайсковы гарадок, Тэксер, раён вул. Брэсцкай.

На ім упершыню ўжываецца тэхналогія абезжалезвання вады, якая не мае аналагаў па ўсёй краіне. Для ачысткі выкарыстоўваецца кварцавы пясок і вугаль, а не шчэбень, як раней. Вада такім шляхам ачышчаецца ад жалеза ўтрая лепш, чым гэтага патрабуюць нарматывы. Пры норме жалеза 0,3 мг/л сёння спажыўцы з дадзенага водазабора атрымліваюць ваду з паказальнікам 0,1 мг/л.

Апроч гэтага, для абеззаражвання вады на водазаборы «Валахва» замест вадкага хлору сёння выкарыстоўваецца гіпахларыт натрыя, які атрымліваюць са звычайнай солі. У выніку — вада максімальна ачышчаецца, застаючыся без лішніх аргзмяшчальных рэагентаў, што вельмі важна для здароўя. У планах кіраўніцтва «Водаканала» — пабудаваць у межах «Валахвы» яшчэ адзін дадатковы рэзервуар чыстай вады, каб пашырыць аб’ём спажыўца з дадзенага водазабора.

Пасля рэканструкцыі вытворчую моц водазабора здолелі нарасціць з 16 да 29 тыс. метраў кубічных за суткі. Водазаборы «Шчара-1» (абслугоўвае Усходні м-н) і «Шчара-2» (Паўночны м-н) ужо сёння працуюць не на поўную моц і падключаюцца да водазабеспячэння толькі падчас максімальнага разбору насельніцтвам вады.

Вівальдзі-H2O

Аднойчы японец Масару Эмота зрабіў такое даследаванне: ён фатаграфаваў пад мікраскопам і вывучаў замарожаныя часцінкі вады, якія папярэдне «слухалі» самую розную музыку. Як выявілася, крышталікі вады, перад якой ставілася класічная музыка, мелі прыгожую форму сняжынак і кветачак. Вада, якая ўспрымала цяжкую музыку ці «выслухоўвала» словы з негатыўным значэннем (напрыклад, вайна), мела разарваную структуру і агрэсіўныя колеры. Так чалавечы розум прыйшоў да высновы, што вада мае ячэйкі памяці, куды, як на магнітафонную стужку, за-пісваецца любая інфармацыя. Пасля яна перадаецца спажыўцу. Нічога не ведаючы, чалавек разам з вадою спажывае і пэўныя эмоцыі.

Пасля вышэйзгаданай рэканструкцыі вадазабора «Валахва» кіраўніцтва баранавіцкага «Водаканала» таксама вырашыла скарыстаць вынаходніцтва японскага даследчыка на практыцы, суправаджаючы працэс ачысткі вады прайграваннем класічнай музыкі. «У зале з фільтрамі цяпер кругласуткава гучаць запісы Вівальдзі, Бетховена, Шапэна… — распавядае Ірына Роўба. — Вада штохвілінна зараджаецца станоўчымі эмоцыямі і бяжыць да кожнага нашага спажыўца. Мы глыбока перакананы, што такім чынам павышаем не толькі фізічнае здароўе насельніцтва, але клапоцімся і пра яго эмацыйны стан».

На астатніх двух гарадскіх водазаборах «Шчара-1» і «Шчара-2» з нядаўняга часу таксама практыкуецца музычнае суправаджэнне. Рэпертуар — той жа.

Баранавіцкі «Водаканал» адзін з першых у краіне атрымаў рэспубліканскія сертыфікаты якасці вады (аналізуюцца пах, колер, прысмак, мінеральны склад вады — усяго 118 паказальнікаў) і штогод іх пацвярджае. Пасля рэканструкцыі водазабора «Валахва» колькасць скаргаў гараджан на якасць вады знізілася ў 3,5 разы.

І даць, і ўзяць

Па падліках навукоўцаў, ужо праз дваццаць гадоў палова насельніцтва планеты сутыкнецца з вострым недахопам чыстай прэснай вады. Калі вада завочна атрымае статус «блакітнага золата», барацьба за водныя рэсурсы будзе значна больш жорсткай і больш імклівай за сучасныя газава-нафтавыя канф-лікты. Разуменне гэтага прымушае сёння водакарыстальнікаў дбаць не толькі пра тое, якую ваду данесці да спажыўца, але і пра тое, у якім стане яна вернецца назад, у прыроду, у свой адвечны кругазварот.

«Магу сказаць, што пасля трох ступеняў ачысткі сцёкавая вада, якая трапляе ад нас у Мышанку, а адтуль — у Шчару, Нёман і Балтыку — не бруднейшая за тую, што ў ра
цэ, — запэўнівае Ірына Роўба. — Мы ўсведамляем сваю агромністую адказнасць у карыстанні найгалоўнейшым прыродным рэсурсам і ў вяртанні яго назад, у прыроду. Інакш можна ўчыніць вялікую страту. Здаецца, няма нічога больш звычайнага ў нашым жыцці, як вада. Але як толькі яе няма пад рукою, мы адразу адчуваем каласальны дыскамфорт».

Поделиться:
Читать также
Культура camera_alt

Барановичи в Instagram. Концерт Славы

23 часа назад remove_red_eye 2729
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up