Автор: Алесь Гізун

17:17, 28 мая 2009

Спецпроекты

remove_red_eye 222

Задзвея. Сляды спадчыны

Нават тыя нешматлікія фрагменты, што захаваліся ад былой сядзібы Межаеўскіх, а пазней Чачотаў у Задзвеі сёння выглядаюць дужа маляўніча. Узгорыстая тэраса сядзібы над ручаінай Дзвейкай, што на поўначы Баранавіччыны, выдае сваю блізкасць да Наваградчыны, з яе пагоркамі і пакручастымі рачулкамі. Тут, у Задзвеі, калісьці жыў Ян Чачот, а таксама гасцяваў і назапашваў свае рамантычныя вобразы Адам Міцкевіч.

Учора

Згадка пра маёнтак у Задзвеі сустракаецца ў Метрыцы ВКЛ за 1473 годам. У XVI стагоддзі тут уладарылі Гаштольды і Радзівілы. Пазней – род Есманаў. З XVIII стагоддзя Задзвея належала Межаеўскім.

РЕКЛАМА

Як адзначае даследчык А. Федарук, у 1844 годзе ўладанні капітана-адстаўніка польскай гвардыі Мацея Межаеўскага ўлучалі двор Задзвея, фальварак і дзве сумежныя вёскі. Мацей быў удзельнікам Напалеонаўскай кампаніі, кавалерам ордэнаў “Віртуці Мілітары” і Ганаровага Легіёну. Яго выява ў вайсковай форме на кані захоўвалася ў Задзвейскім палацы да II Усясветнай вайны.

У 1891 годзе Задзвея перайшла ў спадчыну да ўнучкі Мацея, Марыі – апошняй прадстаўніцы роду, якая выйшла замуж за Ігната Чачота.

Сядзіба месцілася на ўзгорыстай маляўнічай тэрасе ручаіны Дзвейкі, што ўпадае ў раку Ушу. Адсюль як на далоні былі відаць характэрныя краявіды паўночнай Баранавіччыны. Драўляны сядзібавы дом, пабудаваны Межаеўскімі яшчэ ў першай палове XVIII стагоддзя, быў аднапавярховы, прастакутны, пастаўлены на высокім цокалі. Мацей пазней удасканаліў дом у класіцыстычным стылі. З параднага боку дабудаваў чатырохкалонны порцік з трохкутным франтонам.

Паркавы фасад па цэнтры быў упрыгожаны мураваным элементам з чатырма пілястрамі. Як пазначана ў гістарычных крыніцах, інтэр’ер дома быў досыць сціплы. У асобных пакоях была паркетная падлога. У доме размяшчаліся два мармуровыя каміны. Зімовымі вечарамі цяпла і ўтульнасці гаспадарам і іх гасцям дадавалі кафляныя печы. Быў у доме і салон з мэбляю з махаганіевага дрэва ў стылі ампір.

У свой час у Задзвеі жыў паэт-рамантык і фалькларыст Ян Чачот, тут гасцяваў яго сябар і калега па пяры Адам Міцкевіч. Мяркуюць, менавіта вобраз мясцовага ксяндза Паўла Грынашкевіча стаў прататыпам ксяндза Пятра ў трэцяй частцы знакамітай паэмы Міцкевіча “Дзяды”.

Сёння

Дом калісьці атачаў пейзажны парк з хвойнымі і лісцёвымі пародамі. Сёння часткова захавалася толькі ўсходняя пад’язная алея з ліпы, уздоўж якой па схіле расце сад.

РЕКЛАМА

Адсюль, з пагорка, надзвычай добра назіраць вёску ўнізе, дзе яна проста патанае ў зеляніне. На жаль, не захаваліся да нашых дзён бярозавыя і каштанавыя прысады, якія таксама вялі да дома. Як, зрэшты, не захаваўся і сам сядзібавы дом.

Да нашых дзён ацалеў арыгінальны тынкаваны будынак лядоўні ў формах неаготыкі, які нагадвае капліцу. Таўшчыня сцен – каля 65 сантыметраў. На кожнай сцяне прадугледжана па адным круглым і па два маленькія акенцы ў форме трох лісточкаў. На фасадзе будынка – паўкруглае акно над уваходам у форме гатычнай востраканцовай аркі. Дах лядоўні разбураны, але сам будынак лёгка можна рэстаўраваць.

Як распавёў гісторык Міхась Турыянскі, задзвейская лядоўня функцыянавала ажно да 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Як правіла, у лядоўнях захоўвалі літаральна ўсё: мясныя тушы, сыры, а ў савецкі час нават марожанае. Уся прадукцыя перакладалася наколатым на вадаёмах лёдам, які не раставаў круглы год, бо тэмпература ўнутры лядоўні перманентна захоўвалася каля 4 градусаў.

У пачатку XVII стагоддзя існавала такая прымаўка: “Калі б усё было гэтак добра, як у нашых паноў у лядоўнях, гэта дзяржава (Рэч Паспалітая) існавала б вечна”.

Пры належнай увазе і жаданні асобныя фрагменты сядзібы ў Задзвеі і сёння можна рэстаўраваць. Задзвея магла б быць уключана ў адзін турыстычны маршрут з суседнімі славутымі гістарычнымі мясцінамі: Ішкалдзь, Паланэчка, Вольна, Бартнікі, Пянчын, Карчова, Гарадзішча, возера Свіцязь.

Фота Алеся Гізуна

Да Задзвеі з Баранавіч можна даехаць аўтобусным маршрутам Баранавічы – Задзвея.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up