Автор: Алесь Гізун

15:01, 21 мая 2009

Спецпроекты

remove_red_eye 227

Стайкі. Сляды спадчыны

Інфармацыі пра неагатычны замак Лашкевічаў у в. Стайкі Баранавіцкага раёна вы не знойдзеце ні ў раздзеле “З гісторыі населеных пунктаў” у вядомай серыі кніг “Памяць”, ні на сучаснай мапе нашага раёна. І ўсё ж ён існуе! Самавіты, грацыёзны і… пакінуты ўсімі помнік шляхетнай архітэктуры – як пляма на культурнай рэпутацыі сельскагаспадарчага раёна.

Учора

Стайкі ўзгадваюцца ў гісторыі яшчэ з другой паловы XVI ст. як маёмасць падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астапа Валовіча. Пазней гаспадары маёнтка мяняліся. З канца XVIII ст. тут уладараць Пушкіны (менавіта тая галіна роду, з якой паходзіць вядомы расійскі паэт). Пушкіны жылі ў Стайках амаль сто гадоў, нават прымалі хрост у навакольных касцёлах.

РЕКЛАМА

Як запэўніваюць гістарычныя крыніцы, з 1876 года Стайкі належаць шляхетнаму роду Лашкевічаў, якія кардынальна змянілі старую сядзібу Пушкіных. Ад ранейшага комплексу тут застаўся толькі агромністы склеп са скляпеннямі. Напрыканцы XIX ст. у Стайках паўстае невялічкі замак з вежаю (гаспадары называлі свой палац менавіта замкам), будуюцца флігелі, лядоўня, сыраварня, цагельня, гаспадарчыя будынкі, парадкуюцца сад, а таксама парк, пасаджаны яшчэ Пушкінымі.

Замак-палац Лашкевічаў і комплекс гаспадарчых будынкаў у атачэнні старога парку ўяўлялі класічны маёнтак еўрапейскай шляхецкай сям’і. Пабудаваны з якаснай чырвонай цэглы, палац меў невялічкую вежу з шатром і спічаком наверсе.

Над гатычнымі вокнамі, як элементы дэкору, былі выкарыстаны імітаваныя байніцы. Парадны і паркавы ўваходы дзеля выразнасці вылучаны рызалітамі. Дзякуючы далікатнаму арнаментальнаму мураванню, каменны будынак выглядаў маналітным і даволі элегантным…

Сёння

За савецкім часам у Стайкаўскім палацы размясцілі вясковую школку. Гістарычны будынак працягваў сваё збольшага прыстойнае існаванне дзесьці да канца 70-х гадоў, пакуль у ім месцілася вясковая школа. З пераездам школы ў іншы будынак сядзіба актыўна пачала занепадаць. Мясцовае насельніцтва паступова разабрала падлогу, знік і шыфер з даху. Сёння пакрысе разбураюцца нават крамяныя сцены палаца (відаць, не без людской дапамогі), дах расцяганы, бэлькі дамоклавымі мячамі пагрозліва матляюцца на галавой.

Пасля сыходу з будынку людзей ён пераўтварыўся ў сапраўдны батанічна-арніталагічны акварыум. На месцы яшчэ нядаўніх школьных пакояў расце пустазелле, у зеўрах даху – бясконцая ратацыя слайдаў з аблокамі і вараннём.

РЕКЛАМА

Прысядзібавы парк з невялікай лагчынай у цэнтры цэласна захаваўся да нашых дзён, хаця і нікім не даглядаецца. У яго межы паступова ўразаецца вясковы быт. Частка парку страшэнна раз’езджаная транспартам. Тэрыторыя сядзібы засмечваецца гаспадарчым друзам і аджылымі свой час рэчамі. Агароджа парку была страчана яшчэ раней. Праўда, захаваліся цагляныя пілоны (слупкі) былой заезнай брамы: вартаўнікі на мяжы гісторыі і сучаснасці вёскі.

У шатах старых ліп, ясеняў ды клёнаў сёння сапраўдны рай для птаства. Увесну ўсё наваколле агучвае птушыны грай, увосень – шолах залатога лістападу. Побач з палацам захаваліся агромністы склеп, былы жылы флігель і афіцына (жыллёвае памяшканне для служак). Па крамяных, нежылых сценах афіцыны віецца вінаград – сведка нядаўніх жыццёвых перыпетый і маленькіх сямейных клопатаў. У гэтых вокнах яшчэ зусім нядаўна запальва-ліся вечарамі агні.

Будынак афіцыны

Будынак афіцыны

Мясцовыя жыхары кажуць, што час ад часу з Польшчы ды Літвы сюды прыязджаюць цікаўныя людзі, якія распытваюць пра гісторыю маёнтка і яго ўладальнікаў.

Спроба нашых карэспандэнтаў даведацца пра сённяшніх гаспадароў Стайкаўскага палаца ў мясцовага насельніцтва нічым не скончылася. “Гэта нічыйны будынак”, – сказалі і ў сельсавеце. У Баранавіцкім райвыканкаме нам усё ж паведамілі, што замак-палац Лашкевічаў у Стайках сёння знаходзіцца на балансе раённага аддзела адукацыі.

Па сведчаннях навукоўцаў, гістарычны будынак сёння патрабуе тэрміновай кансервацыі. Раённыя чыноўнікі кажуць: ніякіх перспектыў у палаца няма.

Фота Людмілы Пракопавай

З Баранавіч да Стаек можна даехаць аўтобусным маршрутам Баранавічы – Бартнікі.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up