Автор: Алесь ГIЗУН

18:00, 21 мая 2009

Культура

remove_red_eye 107

Рабінзон XXI стагоддзя

Анатоль Савосік - сапраўдны рабінзон. Жыве на маляўнічым хутары за рэчкай каля вёскі Яжоны, ваколіцы аб'язджае на чаўне і спажывае толькі крынічную ваду. У адрозненне ад знакамітага героя рамана Даніэля Дэфо, па надворку Анатоля ходзяць не козы, а самавіты певень французскай пароды з трыма шпорамі на кожнай назе, тут жа шныпараць з тузін трусоў - ад малога да вялікага. А часам у госці заходзіць дзікая кабаніха з дзеткамі. У іх з Анатолем - даўняе знаёмства...

Клізма не па прызначэнні

Цяпер Анатоль працуе на чыгунцы, а тры гады таму быў лесніком. Тады і знайшоў свінку Тосю. Ішоў па лесе, убачыў нямоглага звярка і вырашыў узяць і выгадаваць.

«Увесну пратручаную кукурузу прасяваюць на палях — вось свінка, відаць, і атру-цілася, — распавядае Анатоль. — Яна была тады зусім малая, можа, і месяца не было. Нават соскі не хацела браць, даводзілася спачатку клізмаю карміць. Пішчала, але хутка малако ёй спадабалася. Праз тыдні два ўжо сама пачала яго піць». Пасля гаспадар пачаў даваць ёй яйкі, дзятва прыносіла ракаўкі з рэчкі. Даво-дзілася браць і адкіды ў дзіцячым летніку.

РЕКЛАМА

Пайсці і вярнуцца

Калі Тося падрасла, пачала бегаць у лес. Зараз дзень-два пабегае — і абавязкова вяртаецца. Летась у жніўні Тося пайшла і не вярнулася.

«Яе два з паловай месяцы не было — я ўжо думаў, што недзе паляўнічыя застрэлілі, — прыгадвае Анатоль. — Але ў кастрычніку Тося прыбегла. Я зразумеў, што яна цяжарная, калі заўважыў, як у яе падрыгвае жывот. Тады давялося прыкрыць яе ў загоне і ўжо не выпускаць. У той час якраз паляванне пачалося…»

Так, была ў Анатоля адна знаёмая дзікая кабаніха, а ў снежні стала шэсць.

Лысы глядзіць тэлевізар

Бясспрэчны ўлюбёнец Анатоля — Лысы (каб пазнаваць яго сярод астатніх, Анатоль выстрыг яму чупрыну). Лысы — самае лагоднае, рахманае і дураслівае малое Тосі. І дрэсуры паддаецца: заскочыць на вялікі валун і просіць есці. «Колькі разоў, — кажа Анатоль, — забягаў ў хату, станавіўся на заднія ногі перад тэлевізарам і глядзеў сюжэты». Здаралася, нават спаў з гаспадаром на канапе: Анатоль засне, пакіне дзверы ў хату адчыненыя, Лысы забяжыць — і да яго. Як пасля такіх неспадзяванак не вылучыць малое сярод астатніх! Таму кожны найсмачнейшы кавалачак — Лысаму.

Проста цікава!

Без падтрымкі жонкі і сына, якія шмат дапамагаюць па гаспадарцы, было б цяжэй, дарма што рабінзону яшчэ толькі 43 гады. Цяпер Анатоль сур’ёзна падумвае займацца агратурызмам: балазе людзям ёсць што паказаць. Адных шпакоўняў вакол сядзібы Анатоля — больш за сотню. І жыве ў іх самае рознае птаства. Аднаго разу нават гогаль пасяліўся.

Узгадвае Анатоль, як прыехала да яго аднаго разу вяселле з вёскі. Дык усе госці пабеглі са свінкамі фатаграфавацца, нават пра нявесту забыліся.

«Адзін чыноўнік неяк у мяне ўсё дапытваўся, маўляў, скажы якую ты карысць маеш з гэтых свіней, — смяецца Анатоль. — Усё не верыў, што я так проста іх трымаю. А мне цікава, і ўсё!»

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up