Новости / Спецпроекты

Жалезніца. Сляды спадчыны

14.05.2009, 15:48 / remove_red_eye 218 / chat_bubble

Ад галоўнай шашы, якая пралегла праз в. Жалезніца (Баранавіцкі раён), да старой капліцы ўскрай каталіцкіх могілкаў прывядзе цяністая таполевая алея. Пабудаваны калісьці ў класіцыстычных формах і разрабаваны пазней будынак у наш час упэўнена асыпаецца долу. А вось на суседнім пагорку, на месцы страчанай раней Свята-Пакроўскай царквы, сёння золатам на сонцы ззяе купал адноўленай праваслаўнай капліцы.

Учора

З сярэдзіны XV стагоддзя ў гэтай мясцовасці ўладарылі Сапегі. У першай палове XVI стагоддзя тутэйшая зямля пачала належаць роду Кезгайла, але ў другой палове гэтага ж стагоддзя ён згас.

Пазней у Жалезніцы гаспадарылі Хадкевічы ды Кашчыцы. Палкоўнік Іосіф Кашчыца, адзін з ганаровых шляхціцаў Наваградчыны, за ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў быў залічаны ў першы шэраг дзяржаўных злачынцаў, пазбаўлены шляхецтва і выключаны з радаслоўнае кнігі. Пасля такога павароту падзей палкоўнік вымушаны быў эміграваць.

РЕКЛАМА

Гаспадаром канфіскаванага маёнтка стаў Аляксандр Вольскі, а пазней яго сыны.

Капліца-пахавальня Вольскіх

Капліца-пахавальня Вольскіх

У пачатку ХХ стагоддзя Жалезніца стала ўласнасцю Мільгераў, за якімі зямельныя ўгоддзі маёнтка павялічыліся ўтрая. Сядзіба была закладзена каля невялікага ручая, што ўпадаў у раку Мышанку. Маляўнічы вадаём, выцягнуты ўздоўж рэчышча ручаіны, склаў аснову ландшафту. Вакол раскінуўся парк. Функцыянавала уніяцкая царква Прасвятой Багародзіцы.

Яшчэ Вольскія ў сярэдзіне ХIХ стагоддзя пабудавалі з чырвонай цэглы на могілках капліцу ў класіцыстычным стылі. Гэты дыхтоўны калісьці будынак, які будаваўся навякі, бадай, адзіны, што захаваўся да нашых часоў.

Сёння

Да капліцы на ўзгорку ад вясковай шашы вядуць прысады з канадскай таполі.

Унутры капліцы да нашых дзён захаваўся, хаця і ў пашкоджаным выглядзе, прысценкавы алтар, выраблены ў іянічным стылі – грацыёзны стыль Старажытнай Грэцыі.

Стары алтар у стылі Старажытнай Грэцыі

Стары алтар у стылі Старажытнай Грэцыі

РЕКЛАМА

Па сведчаннях даследчыка Федарука, на франтоне будынка калісьці была манаграма Хрыста з расліннымі атожылкамі. Цяпер франтон амаль цалкам разбураны. У нішах сцен птаства ладзіць гнёзды. Тут уражваюць сёння ўскрытыя калісьці камеры для пахавання, якія так ніхто і не засыпаў. Мясцовыя дарослыя і дзеці, якія маюць тут побач магілы сваякоў, бадай, звыкліся з такім не зусім прыемным відовішчам.

Расчыненыя камеры-пахавальні ў капліцы

Расчыненыя камеры-пахавальні ў капліцы

Увогуле, размяшчэнне былой сядзібы ў наш час прасочваецца толькі фрагментарна. Вядома, што на месцы колішняга сядзібавага дома цяпер стаіць школа. На старых могілках XIX – пач. ХХ стагоддзя ў 2006 годзе была пабудавана Свята-Пакроўская капліца-званіца ў памяць спаленай у гады вайны Свята-Пакроўскай царквы. У выхадныя і святочныя дні тут гучаць аўдыёзапісы царкоўных спеваў і малітваў.

Краявід з Свята-Пакроўскай капліцай-званіцай на могілках

Краявід з Свята-Пакроўскай капліцай-званіцай на могілках

Леваруч ад капліцы-званіцы знаходзіцца магіла мясцовай памешчыцы Наталлі Залатніцкай, што ў XIX стагоддзі ахвяравала царкве 100 гектараў зямлі.

Магіла памешчыцы-мецэнаткі Наталлі Залатніцкай

Магіла памешчыцы-мецэнаткі Наталлі Залатніцкай

Пазначана сёння і месца, дзе жыў калісьці айцец Дзмітрый, у доме якога з 1943 па 1960 гады функцыянавала царква. Памятная каплічка стаіць акурат на месцы алтара той часовай царквы.

Каплічка на месцы колішняй часовай царквы

Каплічка на месцы колішняй часовай царквы

Недалёка адсюль, каля запруджанай рэчкі, проста з-пад карэння агромністых дрэў бруіцца старая крынічка. Месца неўпарадкаванае, і з маладзейшага насельніцтва ўжо не кожны пакажа да яе сцяжыну. Але старыя людзі памятаюць яе дакладна.

Фота Алеся Гізуна

З Баранавіч да Жалезніцы можна даехаць рэйсавым аўтобусам Баранавічы – Сенічаняты.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up