Новости / Спецпроекты

Сляды спадчыны. Нача

4.05.2009, 17:18 / remove_red_eye 168 / chat_bubble

Гісторыя маёнтка Чарноцкіх у Начы (Нача Брындзоўская), што на Ляхавіччыне, сягае амаль у двухсотгадовую даўніну. Як і кожная старая мясціна, начаўская сядзіба мае чым здзівіць вока выпадкова заблукалага сюды падарожніка або аматара нацыянальнай экзотыкі. У старажытным прысядзібавым парку да нашых дзён датрывалі незвычайны каменны столік, камяні з цяжкаразборлівымі надпісамі і нават рэшткі сонечнага гадзінніка.

Учора

З XV стагоддзя Нача належала розным гаспадарам: Неміровічам, Табаровічам, Падарэўскім, Масальскім. Як згадвае даследчык А. Федарук, Начай Брындзоўскай мясціна пачала звацца пасля таго, як кароль Сігізмунд Аўгуст перадаў яе наваградскаму войскаму А. Брындзе.

Роду Чарноцкіх сядзіба пачала належаць толькі напрыканцы XVIII cтагоддзя, калі Начу купіў віцебскі афіцэр Францішак Ксавэры Чарноцкі. Сядзібу на беразе ракі Нача ў 1810 – 1815 гадах заклаў ужо яго сын Міхал. Трэба сказаць, амаль праз стагоддзе маёнтак зазнаў перапланіроўку і ўлучаў у сябе на той момант палац, афіцыну, флігель, мноства гаспадарчых пабудоваў, паравы млын і парк з вадаёмамі.

РЕКЛАМА

Выгляд з парку

Выгляд з парку

Аднапавярховы палац мае прастакутную форму і даволі сціплы ў аздобе. Парадны ўваход арганізаваны порцікам з шасцю калонамі і трохкутным франтонам. У прамежках паміж калонамі пяць высокіх гатычных вокнаў адкрываюць спазор у партэр з кругам. Падобныя тры вакны мае і паркавы фасад. Бакавыя фасады будынка ў савецкі час займелі прыбудовы, праз што страцілі сваю выразнасць.

Паркавы фасад сядзібавага дому

Паркавы фасад сядзібавага дому

Пра ўнутраную аздобу сядзібавага дому вядома няшмат. Па звестках даследчыка А. Федарука, там меўся ўзорны ясянёвы і дубовы паркет, цагляныя ды кафляныя камінкі, мэбля замежнай і мясцовай вытворчасці.

Трэба зацеміць, што менавіта ў гэтым маёнтку прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Напалеона Чарноцкага, медыка па адукацыі, больш вядомага як беларускага перакладчыка і публіцыста.

Сёння

Сядзібавы дом Чарноцкіх даволі добра захаваўся да нашых дзён і нават сёння эксплуатуецца як частка воцатавага заводу. У партэры па два бакі палаца пра гэта нагадваюць рады агромністых цыстэрнаў, што пераўтварае раней адкрытую мясцовасць у гаспадарчы двор і псуе перспектывы прагляду.

Меней пашанцавала будынку колішняй вінакурні. У савецкі час тут яшчэ жылі людзі, сёння маштабная пабудова з метровымі сценамі пакрысе занепадае, разбураецца дах і абрысы вакон.

А вось стары парк уражвае і сёння. У ім захаваліся дрэвы, якім ужо па дзвесце гадоў. Па сведчаннях А. Федарука, сярод беларускіх парод яшчэ тут зусім нядаўна трапляліся і экзоты: арэх чорны, бяроза плакучая, фасад сядзібавага дома ўпрыгожвала ўнікальная для нашай мясцовасці ліяна – вістэрыя кітайская. З усходу да парку прымыкае сад. Калісьці побач меўся і гадавальнік, дзе вырошчваліся дэкаратыўныя расліны для парку. Апошні ўладальнік маёнтку Сігізмунд меў адукацыю каморніка і надзяляў багата ўвагі “зялёнаму” аздабленню сядзібы, пры якой існавала нават прыватная школа садаводства.

Адразу за сядзібавым домам у парку захаваўся незвычайны круглы столік, складзены з каменных пліт. А на ўсходняй мяжы парку яшчэ можна пабачыць элементы колішняга сонечнага гадзінніка (гэта была клумба дыяметрам сем метраў, арганізаваная дванаццаццю лістоўніцамі па перыметры і трынаццатай у цэнтры). Сёння захаваліся адно асобныя дрэвы з былога жывога часавылічальнага механізму.

Каменны столік у старым парку

РЕКЛАМА

Каменны столік у старым парку

Блукаючы па парку, дзе-нідзе можна спатыкаць чорныя камяні са спісанымі лацінскім шрыфтам паверхнямі. Рассакрэціць тыя пісьмёны мае шанец кожны, хто патрапіць аднойчы на Начаўскую зямлю.

Фота Людмілы Пракопавай

Да Начы можна даехаць рэйсавым аўтобусам Ляхавічы – Нача.

Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up