Автор: Intex-press

12:03, 30 апреля 2009

Общество

remove_red_eye 151

Ці роўны “март” “сакавіку”? + Як вы ацэньваеце дадзеную сітуацыю?

Кожная цывілізаваная краіна прыкладае нямала намаганняў для развіцця нацыянальнай мовы. У нашым жа грамадстве замест таго, каб ствараць умовы і пашыраць межы карыстання роднай мовай, часам распаўсюджваюцца маленькія інструкцыі і правілы, якія прыцясняюць беларускую мову.

У адной са школ нашага горада ўзнік канфлікт з-за імкнення школьніцы афармляць дзённік на беларускай мове.

Як напісала ў рэдакцыю мама дзяўчынкі Марына Іванаўна, класны кіраўнік, правяраючы дзённік, перакрэсліла ў ім назву месяца «сакавік» і напісала «март». На пытанне мамы, чаму нельга напісаць хаця б толькі назву месяца на роднай мове, настаўніца адказала, што ўсе дакументы ў школе павінны весціся на рускай мове.

«Я пастаралася давесці, што сам дзённік складзены па-беларуску ды і беларускую мову ніхто пакуль, дзякуй Богу, не адмяняў як дзяржаўную, – напісала ў сваім лісце ў рэдакцыю Марына Іванаўна. – Але на мае довады было адказана ў тым сэнсе, што мы людзі маленькія, павінны выконваць усе загады зверху, нават калі яны абсурдныя. І няма чаго высоўвацца – абы ціха было».

РЕКЛАМА

Марына Іванаўна здзіўлена, чаму ў сваёй краіне беларусы не маюць права пісаць па-беларуску.

«Мы і так амаль загубілі сваю мову, сваю самабытнасць, сваю нацыянальную годнасць, – напісала мама. – Няўжо такі нонсенс мог мець месца ў Польшчы, Францыі ці на Украіне, калі родную мову вось так адным росчыркам можна зняважыць і забараніць?»

Гэта сітуацыя падалася рэдакцыі газеты неверагоднай, і па каментарый «IP» звярнулася ва ўпраўленне адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама. Але там да гэтага выпадку аднесліся даволі спакойна, мяркуючы, што «ніякага канф-лікту ў дадзеным выпадку няма». Проста настаўніку неабходна было лепш растлумачыць вучням і бацькам існуючыя ў школах патрабаванні да фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы. Як растлумачыў, ацэньваючы сітуацыю, пададзеную ў лісце, начальнік упраўлення адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Мікалай Хітрык, настаўнік кіраваўся «Инструкцией о порядке формирования устной и письменной речи в общеобразовательных учреждениях РБ», згодна з якой «запаўняць дзённік неабходна на той мове, на якой ажыццяўляецца адукацыйны працэс у агульнаадукацыйнай установе або ў класе агульнаадукацыйнай установы».

Безумоўна, інструкцыя – гэта вельмі важны і часам значна больш непарушны дакумент, чым канстытуцыя краіны. Аднак неабходна прыняць да ўвагі той немалаважны факт, што ў Баранавічах няма ніводнага класа (не кажучы ўжо пра школу) з беларускай мовай навучання. І што рабіць тым, хто хоча хоць трохі ўжываць у сваім жыцці родную мову? Зразумела, гэта віна не только сістэмы адукацыі. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Мікалая Хітрыка, у горадзе ёсць усе магчымасці для арганізацыі адукацыі на беларускай мове, і раней такія класы былі. Аднак, на жаль, тыя, хто імкнецца да адраджэння роднай мовы, у каго сапраўды душа баліць за родную мову, рэальна гатовы змагацца «беларусамі звацца» не толькі ў пашпарце, але і ў жыцці, – гэта маленькая праслойка ў нашым грамадстве. Напрыклад, зараз для навучання на беларускай мове ў першым класе ў 2009-2010 навучальным годзе паступіла пакуль толькі адна(!) заява ў СШ № 14.

Ды і адкуль іх знойдзецца больш, калі дзяржава, якая дзейнічае праз розныя правілы і інструкцыі, не патурае карыстанню моваю, а, жадаючы альбо не жадаючы, яе абмяжоўвае. А настаўнікі і вучні павінны дзейнічаць «згодна з інструкцыяй». А спроба хоць на крок ад яе адступіцца адразу ж спыняецца і выкараняецца – Нельга! Не прынята! Забараняецца! І нават адно жывое слова «сакавік» не мае шансу выжыць з-за фармальных слоў у «абавязковых для выканання» інструкцыях.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up