Автор: Intex-press

12:12, 30 апреля 2009

Культура

remove_red_eye 121

Першы мюзікл на беларускай мове ў Баранавічах

Упершыню на сцэне гарадскога Дома культуры будзе прадстаўлена новая тэатральна-музычная камедыйная пастаноўка «Заліхвацкае вяселле» на беларускай мове.

Прэм’ера мюзікла адбудзецца 29 красавіка.

«Ідэя сабраць амаль усе калектывы ў адной пастаноўцы, паказаць іх у арганічнай цэласнай тэатральнай пастаноўцы ўзнікла ў мяне даволі даўно, – гаворыць аўтар задумкі Лілія Арбацкая. – Але справа ў тым, што мне вельмі хацелася, каб кожны калектыў у такой пастаноўцы адначасова быў неадрыўнай часткай сюжэту і між тым арыгінальна змог адрознівацца ад астатніх. Сцэнарыст Наталля Ждан, на мой погляд, добра перадала маю ідэю».

У пастаноўцы прымаюць удзел вядомыя калектывы ГДК – ансамблі танца «Юрачка» і «Лялькі», ансамбль песні і танца «Палозанька», гурт вандроўных музыкаў «Фэст», тэатр «Эксперымент», народны хор «Дзівосы» музычнага вучылішча. Усяго ў мюзікле задзейнічана каля сотні чалавек.

РЕКЛАМА

«Адметна, што ў нашай пастаноўцы сапраўды многа моладзі, — гаворыць Лілія Арбацкая. – Гэта вельмі радуе мяне і служыць паказчыкам таго, што мюзікл будзе цікавы і людзям старэйшага ўзросту, і моладзі».

Да таго ж у пастаноўцы занятыя і сапраўдныя прафесійныя акцеры – Міхаіл Стрыжоў, Яўген Рэкеш, Аляксандр Чабатар.

У аснову пастаноўкі закладзены класічны канфлікт паміж двума пакаленнямі. Нявеста (Ганна Казак) і яе каханы (Валянцін Бярнацкі) жадаюць ажаніцца. Але іх памкненням супярэчаць бацькі з абодвух бакоў. Гісторыя каханых шчодра запраўлена сапраўдным беларускім гумарам, мілагучнымі песнямі і заліхвацкімі нацыянальнымі танцамі.

Чым закончыцца гісторыя кахання маладых, аўтар сцэнара трымае ў сакрэце. Аб гэтым глядач даведаецца на прэм’еры пастаноўкі 29 красавіка.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up