Новости / Общество

Баранавічы ў “другой лізе” па прывабнасці для жыцця

26.03.2009, 15:38 / remove_red_eye 122 / chat_bubble

Упершыню ў нашай краіне праведзены рэйтынг «лепшых гарадоў Беларусі». Восьмы па памеры горад Беларусі — Баранавічы, згодна з першай спробай праранжыраваць гарады рэспублікі паводле іх прывабнасці для жыцця, знаходзіцца на 46-м месцы з магчымых 134-х. Суседнія Ляхавічы занялі 29-е месца.

Лепш за ўсё жывецца і працуецца беларусам у Заслаўі (гл. табліцу), а Мінск аказаўся толькі на другім месцы.

Вынікі працы прадстаўлены ў навуковым выданні «Рэйтынг гарадоў Беларусі 2008: умовы развіцця чалавечага капіталу».

Для ацэнкі па прывабнасці браліся 134 беларускія гарады, якія маюць статус адміністрацыйных цэнтраў. Сярод якіх – 22 з’яўляюцца гарадскімі пасёлкамі. Аўтары метадалогіі рэйтынгу – эканамісты і эканамічныя географы, якія прадстаўлюць розныя акадэмічныя і даследчыя ўстановы.

РЕКЛАМА

Аб тым, чаму Баранавічы апынуліся толькі на 46-м месцы, чаму Ляхавічы апярэдзілі наш горад, «ІР» спытала ў аднаго з распрацоўшчыкаў рэйтынгу, эксперта Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследванняў CASE-Belarus, зарэгістраванага ў Варшаве, Дзмітрыя Бабіцкага.

– Дзмітрый, скажыце, па якіх паказчыках складаўся рэйтынг «лепшых гарадоў Беларусі»?

– У гэты пералік паказчыкаў увайшоў шэраг фактараў: тэмп росту насельніцтва за перыяд 1989 – 2006 гг., міграцыйны прырост за 2005 – 2006 гг., сярэднямесячная зарплата, доля занятых на малых прадпрыемствах, доля эканамічна актыўнага насельніцтва, сума экалагічных плацяжоў за шкодныя выкіды, транспартная даступнасць. Аднак трэба мець на ўвазе, што прадстаўлены рэйтынг мае пэўную «адносную» афарбоўку: усе велічыні адносіліся да колькасці насельніцтва горада. Такім чынам, нават маленькае мястэчка мела шанцы выйграць у буйнога горада.

– Якія праблемы, згодна з праведзеным аналізам, найбольш відавочны ў Баранавічах? Якія паказчыкі асабліва «псуюць» агульную карціну?

– Калі параўноўваць значэнні паказчыкаў па Баранавічах з сярэднімі значэннямі па 134-х гарадах Беларусі, то Баранавічы маюць зусім нязначнае адставанне па ўсіх паказчыках ад сярэдняй. Значнае адставанне назіраецца толькі па развіцці малога бізнесу, доля занятых у якім у Баранавічах складае ўсяго 56% ад сярэдняй, і па памерах забруджанасці – таксама каля 60% ад сярэдняй. Не дапамагае і добрая транспартная даступнасць горада.

– Чаму, на ваш погляд, так адбываецца?

— Прычыны такой сітуацыі агульныя для ўсіх прамысловых цэнтраў Беларусі: нізкая развітасць малога бізнесу на фоне буйной прамысловай вытворчасці і высокага ўзроўню забруджання. Вось па абласных цэнтрах назіраецца іншая тэндэнцыя – там і забруджанне высокае, але і малы бізнес развіты добра. Тлумачыцца гэта ў першую чаргу падыходамі да размеркавання фінансавых плыняў унутры краіны. Чым больш людзі зарабляюць, тым больш ёмісты рынак, тым больш малых прадпрыемстваў – гандаль, абслугоўванне і г.д. Відавочна, што абласным цэнтрам пры пераразмеркаванні сродкаў унутры краіны «дастаецца» большы кавалак пірага. Таксама ў лепшым стано-вішчы тыя гарады, дзе прадпрыемствы вырабляюць прадукцыю на экспарт – вялікая доля дададзенай вартасці застаецца ў горадзе. Таму ў выпадку з Баранавічамі трэба глядзець у корань праблемы: якія прадпрыемствы працуюць, што вырабляюць, куды ідзе гэта прадукцыя. Ці не атрымліваецца так, што прадпрыемствы толькі «капцяць»? Але ў межах такой працы немагчыма скласці «партрэт» кожнага горада, вызначыць яго праблемы, знайсці паспяховыя моманты.

– Ці справядліва будзе сказаць, што ў Ляхавічах жыць лепш, чым у Баранавічах?

– Рэйтынг не дае падстваваў ацэньваць, дзе лепш жыць. Кожны чалавек кіруецца асабістымі прычынамі пры выбары месца жыхарства, і не заўжды іх можна адлюстраваць статыстычнымі паказчыкамі. Казаць, што Ляхавічы значна больш паспяховыя за Баранавічы, канешне ж, нельга. Па-першае, сума балаў, па якіх вызначаліся месцы ў рэйтынгу, адрозніваюцца нязначна – 92 і 86 адпаведна. Па-другое, гэтыя адрозненні настолькі нязначныя, што лепш было б сказаць што і Ляхавічы, і Баранавічы адносяцца хучэй да «другой лігі» беларускіх гарадоў. Гэта значыць, што ёсць «лепшыя», а ёсць і «горшыя», кажучы простай мовай. А калі ўглядацца ў прычыны, то заўважце: у Ляхавічах насельніцтва вырасла больш чым ў сярэднім па гарадах, а ў Барана-вічах – не. Працуючых на малых прадпрыемствах таксама больш у Ляхавічах. У падобных рэйтынгах маленькія мястэчкі часта займаюць вышэйшыя месцы, чым горад, у арбіту якога яны трапляюць.

– Якія месцы займаюць абласныя гарады, а таксама суседнія з Баранавічамі Слонім, Нясвіж, Ганцавічы?

– Трэба заўважыць, што ўсе абласныя гарады ўваходзяць у першую дваццатку рэйтынгу. Але першая шасцёрка – гэта гарады і мястэчкі Мінскай агламерацыі. Што датычыцца набліжаных да Баранавіч гарадоў, то Слонім займае 102-е месца, Нясвіж – 47-е, Ганцавічы – 98
-е. А вось Стоўбцы ў рэйтынгу на 10-м месцы, гэты горад мы квалі-фікуем як далёкі «сусед» Мінска, менавіта яго геагра-фічным палажэннем і прадвызначана яго высокае месца.

– Як увогуле выглядае Брэсцкая вобласць на фоне іншых рэгіёнаў? Ці многа гарадоў нашай вобласці ўвайшло ў першую частку спіса?

– Як даследчыкі, мы імкнуліся адысці ад аналізу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, бо такі аналіз мала што дае. Менавіта таму аб’ектамі аналізу былі абраны кропкі эканамічнага росту – гарады. Рэйтынг дазволіў канстатаваць, што ў Беларусі няма ніводнай зоны скаплення «непаспяховых» гарадоў. І ёсць толькі адно месца скаплення «паспяховых» – сталічная агламерацыя. Таксама можна сцвярджаць, што заходнія абласныя цэнтры лепш развітыя, чым ўсходнія: Берасце і Гародня займаюць 7-е і 8-е месцы адпаведна.


ТОП-20 гарадоў Беларусі

1. г. Заслаўе
2. г. Мінск
3. г. Фаніпаль
4. г. Смалявічы
5. г. Лагойск
6. г. Дзяржынск
7. г. Брэст
8. г. Гродна
9. г. Жодзіна
10. г. Стоўбцы
11. г. Магілёў
12. г. Узда
13. г. Віцебск
14. г. Ветка
15. г. Маладзечна
16. г. Жабінка
17. г.п. Вял. Бераставіца
18. г. Кобрын
19. г. Наваполацк
20. г. Гомель

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up