Автор: Intex-press

13:46, 19 марта 2009

Политика

remove_red_eye 80

Права на свабоду сходаў і мітынгаў адстойваюць у Баранавічах

Гараджане намагаюцца змяніць правілы правядзення масавых мерапрыемстваў у Баранавічах.

Трое жыхароў горада – сябра Беларускага Хельсінскага камітэта Карней Пятровіч, актывіст грамадскага аб’яднання «Рух «За свабоду» Віктар Сырыца і праваабаронца Сяргей Гоўша – 16 сакавіка звярнуліся ў гарадскі і абласны Саветы дэпутатаў з просьбай адмяніць Рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 17.01.2006 года № 4 «Аб парадку правядзення ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў».

«Пасля з’яўлення ў 2006 годзе гэтага рашэння легальнае правядзенне грамадска-палітычных акцый у нашым горадзе зрабілася фактычна немагчымым, – патлумачыў Віктар Сырыца. – Сёння, каб наладзіць мерапрыемства, трэба загадзя аформіць дамовы і аплаціць паслугі гарадской міліцыі, пажарнікаў, станцыі хуткай медыцынскай дапамогі і спецаўтабазы. Але на практыцы гэта выглядае як безвыніковае блуканне ад дзвярэй да дзвярэй: трэба губляць час, сядзець у чэргах, каб патрапіць да ўсіх гэтых начальнікаў, а яны альбо занятыя, альбо іх зусім на месцы няма, і ніхто іншы браць на сябе такую адказнасць не хоча. Вось такое хаджэнне па замкнутым крузе. Апошні раз мы атрымалі падобны дазвол больш за два гады таму».

Такі парадак, па словах Віктара Сырыцы, пярэчыць не толькі Канстытуцыі РБ, але міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, стварае перашкоды на шляху рэалізацыі правоў грамадзян на свабоду думак, меркаванняў, іх свабоднае выказванне. Больш таго, згодна з Законам РБ «Аб масавых мерапрыемствах у РБ», арганізацыя мерапрыемстваў павінна аплачвацца пасля іх правядзення, а не напярэдадні.

РЕКЛАМА

«Сёння ва ўсім свеце цяжкае становішча, разгортваецца фінансавы і сацыяльна-эканамічны крызіс. А наша грамадства практычна не можа свабодна сабрацца, абмеркаваць праблемы грамадска-палітычнага, эканамічнага жыцця, магчымыя шляхі выйсця з крызіснай сітуацыі. А тых, хто спрабуе гэта рабіць, караюць рублём. Толькі за 2008 год за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у Баранавічах было аштрафавана дваццаць чалавек, якія заплацілі каля 7 млн рублёў», – распавёў Віктар Сырыца.

Грамадскія актывісты спадзяюцца на станоўчае рашэнне гэтага пытання.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up