Новости / Спецпроекты

Баранавічы на старых паштоўках. Першая Сусветная вайна

26.02.2009, 16:39 / remove_red_eye 215 / chat_bubble

Летась споўнілася 90 год як скончылася Першая Сусветная вайна, якая мела непасрэднае дачыненне да нашага горада. За пару гадоў правінцыйнае на той час мястэчка Баранавічы наведалі два імператары – расейскі цар Мікалай ІІ, (у якога тут месцілася стаўка) і нямецкі кайзер Вільгельм ІІ. Акрамя таго, войска напрыканцы 1916 аглядаў князь Леапольд Баварскі.

У жніўні 1915 года немцы распачалі наступ, захапілі Варшаву. Расейцы, адыходзячы, прымушалі праваслаўнае насельніцтва да эвакуацыі, іншыя з’язджалі самі, настрашаныя пагалоскамі пра нямецкія жудасці.

Тлумы ўцекачоў пераважна на вазах цягнуліся таксама праз Баранавічы. Выбухнула эпідэмія дызентэрыі (крываўкі) і халеры. На вуліцах можна было бачыць вазы, напоўненыя трупамі. Знясіленыя людзі, што праязджалі праз горад, збіралі на палях бульбу, а часам усялякую зеляніну. Пад час прыпынкаў яны хапалі любы аскабалак дрэва, прыдатны да распальвання вогнішча. У горадзе знік драўляны плот.

Гэта працягвалася колькі тыдняў.

РЕКЛАМА

25 жніўня 1915 быў захоплены Брэст і немцы імкліва пасоўваліся на ўсход. Расейскія падданыя ў Баранавічах атрымалі загад на эвакуацыю. Частка жыдоў таксама збіралася сыходзіць на ўсход. Казакі падпальвалі некаторыя будынкі, між іншым, чыгуначныя майстроўні, фабрыку сухароў і завод рэктыфікацыі спірту.

Быў падрыхтаваны загад на эвакуацыю ўсёй моладзі ў веку ад 16 год, але ў выніку сабатажу “не паспелі” надрукаваць плакатаў, што абвяшчалі гэты загад.

У ноч з 23 на 24 верасня 1915 года ў Баранавічах, асветленых водбліскамі пажараў, ніхто ня спаў. Войска сышло з горада. Цягам наступнага дня вуліцамі час ад часу праносіліся на конях адзінкавыя казакі. Прыкладна а 15-й , ці а 16-й гадзіне, у Баранавічы ўвайшлі першыя аўстрыяцкія патрулі, а за імі неўзабаве ўсімі вуліцамі цягнуліся першыя аддзелы арміі ген. Войрша (Wojrscha).

У нашым мястэчку засталіся амаль адныя жыды (больш за 90% жыхароў на той час). Яны пачалі асцярожна выходзіць на вуліцы з хатаў, уважліва прыглядацца да завіталага войска. З радасным здзіўленнем некаторыя з іх канстатавалі, што сярод нямецка-аўстрыяцкага войска таксама ёсць жыды, якія нават пыталі: – Дзе тут дом мадлітвы? Нараджаўся энтузіязм, але адзін з афіцэраў, таксама жыд, казаў: – Жыды ня цешцеся. Гэта яшчэ не місыя!

Расейскі лагер:

Фронт затрымаўся на лініі ракі Шчара, каля 6 км на ўсход ад горада. Аддзелы Войрша занялі тут пазіцыі абароны, адразу ж распачаўшы пабудову ўмацаванняў. Тымі ўмацаваннямі, названымі пасля “нямецкімі акопамі”, пасля карысталіся ў баях ажно да 1920г.

У Баранавічах размясцілася цяпер стаўка камандвання адрэзку нямецкага ўсходняга фронту, у сувязі з чым прыбывалі ў гэты горад розныя нямецкія асобы. Не абышлося тут і без гістарычных здарэнняў.

У 1916 годзе пад Баранавічамі адбыўся няўдалы наступ расейскага войска, празваны пасля Скробава-Гарадзішчанскай аперацыя.

Баранавічы заставаліся ў нямецкіх руках да канца І Сусветнай Вайны – 11 лістапада 1918 г.

Асвячэнне 7 нямецкіх магіл недалёка ад Баранавіч:

РЕКЛАМА

У выніку нямецкага наступаў 1917 і 1918 гадоў, фронт прасунуўся далёка на ўсход, а на занятых немцамі землях расейскай імперыі кіравалі вайсковыя ўлады, гэтак званыя OBER-OST. Лістападаўская капітуляцыя Нямеччыны змусіла іх да сыходу з акупаваных земляў, што паволі рэалізоўвалася ў першай палове 1919г.

Пакінутыя тэрыторыі перадаваліся Чырвонай Арміі.
Баранавічы немцы пакідалі 4 студзеня 1919 г. А восьмай гадзіне раніцы рэшткі немцаў згрупаваліся на вуліцы Шашовай (цяпер Брэсцкая), каля збожжавага элеватара. Пад аховай браневіка яны рушылі ў бок Слоніму. Праз колькі хвілін вуліцай Шашовай праімчаў самотны нямецкі кавалерыст, які дагэтуль стаяў на варце чыгункавага пераезду. У гэты момант нібы з-пад зямлі з’явілася чырвоная міліцыя. Сабраным на рынку фурманкам загадана было пераехаць на царкоўны пляц, а пасярод рынку паставілі трыбуну, прыбраную ў чырвонае.

Праз гадзіну па адыходзе немцаў у горадзе з’явіліся абвесткі. Праз пэўны час на вуліцу Шашовую каля Палескага вакзала заехаў першы патруль з дванаццаці чырвоных драгунаў, а за ім рота пяхоты. На скрыжаванні сучасных вуліц Леніна і Брэсцкай адбылося ўрачыстае прывітанне Чырвонай Арміі, пасля чаго калона рушыла з рэвалюцыйнымі спевамі на рынкавы пляц.

Час нямецкіх паштовак з шматлікімі выявамі Баранавіч мінуў.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up