Автор: Intex-press

12:13, 12 февраля 2009

Культура

remove_red_eye 124

Дарожная нататкі. Тры пералёты да Кальмара

Калі над зямлёй з хуткасцю трыццаць два метры ў секунду лютуе вецер, а голас камандзіра авіялайнера даносіць з дынаміка інфармацыю, што перш чым сесці, мы пакружым над Рыгай, становіцца трошкі ніякавата. Менавіта такімі былі адчуванні, калі мы дабіраліся з Мінска ў Рыгу, з Рыгі да Стакгольма і потым да Кальмара.


Амаль па Артуру Хейлі

Надвор’е не надта спрыяла з самага пачатку. Але з сталіцы Беларусі вылецелі без праблем. Затое ў Рызе большасць рэйсаў адмянілі і пасажыраў накіравалі ў гатэлі.

Наш палёт не адмянялі. Тым не менш самалёт да Стакгольмскага аэрапорта Арланда вылецеў са значным спазненнем. Прызямліліся з некаторымі складанасцямі, а ў аэрапорце, дзе «фокер» на Кальмар усё яшчэ стаяў на паласе, нам пра гэта даведацца не ўдалося, і ў рэшце рэшт Скандынаўскія Авіясістэмы паляцелі ў горад-порт без беларускіх пасажыраў. Ноч нам трэба было правесці ў Арландзе. Да ўсяго і наш багаж не трапіў у Швецыю, хаця абодва пералёты – і з Мінска да Рыгі, і з латвійскай сталіцы да Стакгольма ажыццяўляла адна авіякампанія – Air baltik. У такой сітуацыі, што ні пад’есці, ні пераначаваць, апынуліся не толькі мы.

РЕКЛАМА

Цікава было назіраць, як прыстойна апранутыя людзі ўкладаюцца проста на падлогу і, паклаўшы пад галаву ноўтбук, настройваюцца чакаць такім чынам раніцы.

Дарэчы, у аэрапорце ідэальная чысціня. На наша шчасце, на верхніх паверхах знайш-ліся вольныя крэслы ў зачыненых ужо залавых кафэшках, і мы, саставіўшы крэслы па некалькі штук, спакойна ўладкаваліся нанач.

Зранку рэйсы адмянялі адзін за другім. Маленькія машынкі, якія расчышчалі ўзлётную паласу, грузлі ў снезе, іх актыўна штурхалі плячамі работнікі аэрапорта, апранутыя ў стракатыя камізэлькі. Недзе пасля дзесяці раніцы ў залу, дзе мы чакалі вылету, прыйшоў капітан аднаго з авіялайнераў – малады, прыгожы, з шэўронамі і значкамі на кіцелі, і спачатку па-шведску, а потым па-ангельску аб’явіў:

«Каму вельмі патрэбна і хто не баіцца, у Кальмар можам паляцець». І шведы, і беларусы падняліся з крэслаў і рушылі на пасадку.

Унізе дзьмуў вецер, па ўзлётнай паласе перла снег. А на вышыні пяць тысяч метраў шчыра ззяла сонца…

Горад на беразе мора

Кальмар здзівіў цішынёй і спакоем. Нас сустракалі, нас чакалі. Праўда, багаж ішоў да гатэля яшчэ амаль двое сутак. Але з гэтым можна было жыць. Мы прыехалі, дакладней прыляцелі, у Шведскі інстытут павышэння кваліфікацыі журналістаў FOIO. Гэта быў трэнінг для трэнераў – рэдактараў, уласных карэспандэнтаў, выкладчыкаў.

Пэўна, невыпадкова і нашага калегу-педагога і аўтара «Кнігі ідэй для выкладчыкаў журналістыкі» звалі Клас Тур. Разам з ключом ад нумара, карткай з уласным кодам, каб у любы час і без праблем патрапіць у інстытуцкі інтэрнат (рэцэпшына там няма), кожнаму з нас выдалі і ключ ад ровара – каб у вольны час мы маглі перамяшчацца па горадзе.

Забягаючы наперад, хочацца сказаць, што асабіста мне карыстацца роварам давялося няшмат разоў: аднойчы, выйшаўшы з крамы, каля якой я прымкнуў свайго «жалезнага каня», я не знайшоў яго на месцы і вельмі расхваляваўся. У Швецыі замыкаецца кола ровара, а не ён сам. У поцемках, не з самым лепшым зрокам, знайшоў яго ў іншым радзе – ровар некаму замінаў, і яго пераставілі. Пасля я вырашыў хадзіць усюды пешшу.

Увогуле, Кальмар – горад невялікі. Насельніцтва тысяч шэсцьдзесят. Але як адрозніваецца ён, напрыклад (не ў крыўду кажучы), ад нашых Слоніма ці Барысава! У крамах ёсць літаральна ўсё. Ды і значная колькасць магазінаў – двух-, трохпавярховыя, з эскалатарамі, прыбіральнямі, добрым сервісам. Не скажаш, што ў крамах «зашкальныя» цэны на тавары. І не толькі таму, што быў час напярэдадні каталіцкага Раства і ўсюды ладзіліся распрадажы (прадукты харчавання звычайна не распрадаюць нідзе). Тым не менш 140 грам (усе ўпакоўкі – аднолькавае вагі!) смачнага вэнджанага мяса каштуюць там 7,9 крон (дзесяць крон – гэта адзін еўра). Піва таннае, але, па нашых меркаваннях, слабое.

Заплаціць за гарэлку ў славяніна рука не паднімецца – 20-22 еўра за паўлітра таго ж «Смірнова» ці «Абсалюта». Затое віно – пяць еўра за літр.

«Чарніла» ў Швецыі не вырабляюць і не прадаюць. Дарэчы, і гарэлку, і віно ёсць магчымасць набыць толькі ў «Сістэмах», прычым у будзённыя дні – да 18.00, а ў выхадныя – толькі да 14.00. Падводзячы рысу пад тэмай гандлю, хочацца адзначыць, што ў Швецыі шырокая сетка маркетаў «Лідл», разлічаных на сярэдні клас спажыўцоў.

У горадзе-порце ёсць чаму здзіўляцца кожны дзень. У пратэстанцкім саборы амаль кожны вечар – мерапрыемства. Спачатку малітва, потым канцэрт, які даюць спевакі, скрыпачы і гітарысты з ліку паствы. На ўваходзе на вазку – малітоўнікі. Бяры і чытай (калі ведаеш па-шведску).

Навучанне ў гэтай краіне, незалежна ад таго, першая гэта вышэйшая адукацыя ці не, ш
вед ты ці ангелец, – бясплатнае. Асноўная (і бадай, адзіная ўмова) – веданне шведскай мовы. Ну і вядома, конкурс атэстатаў. Ангельскую там ведаюць усе – ад прыбіральшчыцы да мэнеджэра.

Усюды – гісторыя

Кальмар – гэта крэпасці, караблі, гісторыя. На святы ў сярэднявечным замку – гандаль сувенірамі і іншымі вырабамі мясцовых майстроў. Там заезджы вандроўны хор можа без праблем выстраіцца на прыступках, дырыжор уздыме руку – і палілася песня. Скончылі спевы, сышлі з месца, забралі заплечнікі – і далей. А яшчэ ў гэтай краіне ўсюды свечкі. Яны гараць у крамах, на вуліцах, у вокнах дамоў. У сталоўцы, дзе мы харчаваліся, і ў офісе – таксама.

Вольны час, якога было зусім няшмат, кожны бавіў па-свойму.

Некалькі чалавек праз самы доўгі ў Еўропе мост з’ездзілі ў сталіцу суседняе Даніі – Капенгаген, каб паглядзець на русалачку.

РЕКЛАМА

Астатнія знаёміліся з архітэктурай і гісторыяй Кальмара, дзе калі не сотні, то дзесяткі скульптурных кампазіцый самых розных мастацкіх накірункаў, дзе векавечныя, у некалькі абхопаў, дрэвы, а таксама студзёнае мора.

Мора ўдалося пабачыць і бліжэй, калі паехалі на востраў Эланд. На выспе, дзе жыве ўсяго 25 тысяч чалавек, – 37 цэркваў. Праўда, улетку тут пераварочваецца каля мільёна турыстаў. Паўсюль размешчаны старажытныя крэпасці, млыны, гуты. На самым мысе вострава – маяк XVIII стагоддзя, арніталагічная станцыя, музей, марскія коцікі на беразе мора, за якімі ёсць магчымасць паназіраць праз бінокль ці падзорную трубу. Казулю ці аленя можна ўбачыць проста каля дарогі. А побач з аднапавярховым каралеўскім паляўнічым дамком, нават не абгароджаным плотам, а проста абкладзеным камянямі, гэтыя прыгажуны ходзяць табунамі.

Там, дзе жыць проста і зручна

Галоўнае, што кідаецца ў вочы, – добразычлівасць людзей. Не ведаеш дарогі, спытаеш – раскажуць, завядуць у краму, папросяць у прадаўца карту, пакажуць – дзе ты і куды трэба ісці. Праўда, з нашым веданнем замежных моў прыходзілася, выслухаўшы нарады, проста прасіць суразмоўніка паказаць накірунак. Вопратка ў людзей простая. Футра там не ў пашане, галоўнае – каб было зручна самому.

Назад мы вярталіся самалётам без усялякіх праблем. У першы дзень, дакладней вечар – рэйс Кальмар-Стакгольм. На наступны – да Рыгі, а адтуль да Мінска. У Рызе была магчымасць некалькі гадзін пахадзіць па горадзе. Асабіста мне давялося быць там ад клуба інтэрнацыянальнай дружбы толькі ў сёмым класе, у часы СССР. Трэба сказаць, знешне там мала што змянілася. Тыя ж Домскі сабор, Палац Масонаў, тыя ж вузкія брукаваныя вулачкі. Але даўно няма тут савецкіх грошай, а ра-сійскай мовы ў Рызе, не лічачы кварталаў, дзе шмат турыстаў, амаль не чуваць.

…У Беларусі нас сустракалі родныя і блізкія. І як ні добра бывае за морам ці акіянам, нам жыць тут.

Читать также

Названа лучшая одежда осени

20 часов назад remove_red_eye 1061
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up