Автор: Алесь Гізун

17:32, 11 февраля 2009

Спецпроекты

remove_red_eye 219

Сляды спадчыны. Паланэчка

Колішняя сядзіба Радзівілаў у Паланэчцы, што ў Баранавіцкім раёне, – найбольш уражвальны сваімі маштабамі помнік палацава-паркавай архітэктуры, з уласнай непаўторнай гісторыяй і таямніцамі… Гісторыкі кажуць, што лёхі пад палацам звязваюць яго з дзвюма іншымі рэзідэнцыямі Радзівілаў – замкамі ў Міры і Нясвіжы.

УЧОРА

Як сцвярджаюць гістарычныя крыніцы, яшчэ ў 1428 годзе Паланэчка належала Ульяне Гальшанскай, жонцы славутага князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта. Радзівілы пачалі ўладарыць на гэтых землях толькі напрыканцы XVII ст.

РЕКЛАМА

З 1749 па 1800 гг. у Паланэчцы гаспадарыць Мацей Радзівіл, падкаморы ВКЛ, слынны кампазітар і актыўны палітык, вядомы яшчэ і тым, што вызваліў уласных сялян ад прыгону. Менавіта яму належаць словы: «Спачатку радзіму, а пасля радзівілаўскі дом хачу бачыць шчаслівым».

У гэты час Паланэчка пераўтварылася ў грамадска-культурны цэнтр рэгіёна. У Мацея Радзівіла часцяком любілі гасцяваць паэты, мастакі ды музыкі. Аднойчы давялося начаваць тут і расійскаму літаратару Дзянісу Фанвізіну з жонкай, які пасля быў уражаны добрым прыёмам і багаццем прапанаваных вінаў.

Сядзіба актыўна афармлялася з другой паловы XVIII ст. з далейшымі перапланіроўкамі Мацея Радзівіла і пазней яго сына Канстанціна. Па сцвярджэннях даследчыкаў, у пачатку XIX ст. у Паланэчцы стаяў палац у класіцыстычным стылі, вакол знаходзіліся два паркі – французскі і англійскі, аранжарэя, капліца, млын, гаспадарчы двор і пад’язная алея.

Пабудаваны італьянскім дойлідам палац у Паланэчцы (гл. першае фота) ўяўляе сабою копію палаца ў Трывулзіна, што знаходзіцца недалёка ад італьянскага горада Беладжыё. Гэта гарызантальна выцягнуты двухпавярховы будынак, спалучаны галерэямі з дзвюма сіметрычна размешчанымі афіцынамі. Цэнтральная частка фасаду дэкаравана шасцю гермамі – слупамі, увянчанымі скульптурнымі выявамі галоў старажытнагрэцкіх філосафаў. Лагічным заканчэннем цэнтральнай часткі фасаду быў трохкутны франтон родавай радзівілаўскай сімволікі.

Унутраная аздоба палаца цалкам адпавядала густам і аўтарытэту Радзівілаў. Дубовая мэбля французскіх мадэляў, паркет з рознакаляровага дрэва, мармуровыя каміны, калоны – тое, што стварала інтэр’ер палаца з мноствам пакояў і залаў розных формаў і памераў. Люстраныя сцены і чаргаванне залаў уздоўж працяглага калідору на другім паверсе стварала ўражанне бясконцасці прасторы. Пасярэдзіне бібліятэкі, якая налічвала больш за 4 000 тамоў, месціўся вялікі стол, на якім былі раскладзены мапы, расстаўлены глобусы, калекцыі гравюр і медалёў.

У 1869 годзе, пасля смерці Канстанціна, гэтыя каштоўнасці былі вывезены ў Варшаву. Наноў Паланэчка ажыла напрыканцы XIX ст., калі тут гаспадарыў Альберт Станіслаў Радзівіл, які пражыў да Першай сусветнай вайны. Дарэчы, па яго замове ў 1899 годзе ў Паланэчцы пабудавалі з дрэва неагатычны Юр’еўскі касцёл з выкарыстаннем швейцарскага стылю ў афармленні, які стаіць там і сёння…

СЁННЯ

Палац зазнаў на сваім вяку ўсяго: двойчы гарэў, часткова разбураўся падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі і Другой сусветнай вайны. У віхуры гісторыі быў страчаны унікальны франтон з гербавай выявай. Сёння трохкутнік франтона адноўлены з белай сілікатнай цэглы, што, на жаль, дысгармануе з астатнімі часткамі будынка.

За савецкім часам у палацы размясцілі школу, дзякуючы чаму, будынак хаця і зведаў татальную перапланіроўку, але цэласна больш-менш захаваўся. Сёння гістарычны будынак, які знаходзіцца на балансе раённага аддзела адукацыі, не даглядаецца (калі не лічыць забітых дошкамі вокнаў) і працягвае разбурацца.

Размовы пра рэканструкцыю і магчымае ўключэнне паланэчкаўскага палаца ў сетку турыстычных маршрутаў Беларусі пакуль не даюць плёну, хаця і неаднойчы паўставалі ў раённых уладаў.

На жаль, не дайшла да нашага часу неагатычная аранжарэя з вежамі і зашклёнай аркадай. Апошні здымак, на якім зафіксаваны гэты цудоўны экзатычны будынак, датуецца 20-мі гадамі XX ст. Падчас вайны быў ссечаны і парк. Капліца, Чорны і Чырвоны масты праз Змейку, заезныя брамы таксама страчаны, а пад’язная алея захавалася ў фрагментах.

Над сажалкаю ўскрай вёскі стаіць напаўразбураны каменны вадзяны млын. На чорным камяні адной з ацалелых сцен і сёння захавалася выбітая дата пабудовы: 1819 год. Комплекс сядзібы сёння раскіданы: ладная частка яе забудавана і асвойваецца гаспадаркамі.

РЕКЛАМА

Пабываць у Паланэчцы варта хаця б дзеля той прычыны, што тут адбывалася частка вялікай гісторыі нашай Айчыны. Тут жыў і ствараў свае музычныя і драматычныя творы для радзівілаўскага тэатра кампа-зітар Мацей Радзівіл. У мясцовым касцёле, у афармленні якога і сёння прысутнічаюць фрагменты легендарных слуцкіх паясоў, хрысцілі нашага навукоўца і нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку. А цёмныя лёхі пад палацам дагэтуль вабяць неразгаданасцю сваіх таямніц.


ФОТА — Людмілы ПРАКОПАВАЙ


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up