Новости / Культура

Алесь Фалей: «Мару стварыць работу сусветнага маштабу»

6.02.2009, 17:54 / remove_red_eye 161 / chat_bubble

Мастака Алеся Фалея многія калегі лічаць шчасліўчыкам. Яго творы ўжо даўно набываюць музеі, яшчэ ў студэнцкія гады адна з работ была куплена Мінскім музеем сучаснага мастацтва.

На днях баранавіцкі мастак адзначыў сваё 50-годдзе. Да юбілею Алеся Фалея была адкрыта яго персанальная выстава ў сталічным Палацы мастацтваў. А праз пару дзён пасля юбілею карэспандэнт «ІР» раніцай застаў мастака дома чамусьці вельмі задуменным.

– Усю ноч не спаў. Учора вечарам прыехаў у госці сябар-мастак з Віцебска, дык мы з ім да раніцы і прагаварылі. Зараз зраблю табе кавы. Тут яшчэ і піва засталося. Будзеш?

– Давайце. Вам 50. Якія адчуванні?

РЕКЛАМА

– Нядаўняя выстава ў Палацы мастацтваў стала для мяне падсумаваннем пройдзенага шляху. І ўсе мае цяперашнія пачуцці ўкладаюцца ў сумнае пытанне: «А што далей?» Здаецца, я ўжо ўсё зрабіў…

– Дом вы пабудавалі?


– Так, гэты дом пабудаваны ў тым ліку і маімі рукамі.

– Сына выхавалі?


– Так, і дачушка ў мяне расце.

– Дрэва пасадзілі?


– І не адно – шмат.

– Дык жыццё ваша ўдалося?

– Думаю, так. Акрамя пералічанага я яшчэ і мастак, які дасягнуў пэўных вяршынь. Можна сцвярджаць, што я – шчаслівы чалавек. Да таго ж у мяне ёсць магчымасць займацца некамерцыйным мастацтвам, што вельмі важна для майго ўнутранага жыцця.


– Вы з таварышамі па суполцы «Каваль» зрабілі для сучасных Баранавіч некалькі прыкметных скульптур…

– Так, аб’ект каля турагенцства «Елена» па вуліцы Камсамольскай і жаба па вуліцы Леніна – нашы. Разам з Іванам Квятко і Сяргеем Сяргейчыкам мы зрабілі і скульптуры фато-графа і водаправодчыка. Добра тое, што на здабычу грошай пры дапамозе кавальства ў мяне сыходзіць палова дня, а вечарам я магу накіравацца ў сваю майстэрню на другім паверсе дома і прысвяціць сябе сапраўднаму мастацтву: жывапісу, графіцы…

Вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам, але пры гэтым зараз вясёлым не выглядаеце. Чаго вам не хапае?

– Хочацца пакінуць нешта пасля сябе. Зараз вось падумаў, што ўжо ведаю адказ на сваё ўнутранае пытанне «а што далей?». Трэба працаваць і рухацца наперад, бо для мастака няма межаў развіцця. Тры разы ў жыцці я быў блізкі да смерці. Пасля тых здарэнняў хоцькі-няхоцькі задумваўся над тым, навошта я застаўся, што мне яшчэ наканавана зрабіць.

– Ці спраўдзілася тое, на што вы разлічвалі ў гадоў 20-30?

РЕКЛАМА

– Не, у тыя гады я разлічваў стаць мастаком сусветнай велічыні. Зараз я працягваю марыць аб тым, каб стварыць работу сусветнага маштабу.


– Ого. У нас многія людзі ў вашым узросце ўжо не жывуць, а дажываюць, а ў вас яшчэ ёсць мара?!

– Так. А чаго тут саромецца?

– Доўгія валасы вы носіце з юнацтва?

– Так. У маладосці мяне называлі «хіпі». Я адчуваў унутраную неабходнасць нешта сказаць свету, але дакладна не ведаў што. Унутраны стан знайшоў адлюстраванне ў знешнім – у доўгіх валасах. З-за іх у мяне было шмат праблем, нават міліцыянеры білі… Не, няправільна я сказаў, савецкія міліцыянеры людзей не маглі біць (смяецца. – Аўт.). Зараз я ўжо ведаю, што хачу сказаць, але доўгія валасы ператвары-ліся для мяне ў адчуванне самога сябе. Калі ты лысы, адчуваеш адно, калі носіш доўгія валасы, – зусім іншае.

– Да войска вы працавалі высотнікам-мантажнікам. Як жа вы да мастацтва прыйшлі?

– Не ведаю, усё неяк само сабою склалася… Мае задаткі мастака праявіліся яшчэ ў школьныя гады. Калі я прыносіў свой малюнак ці выраб на школьны конкурс, класны кіраўнік дапякаў мяне: маўляў, нашто ты прынёс сюды не сваю, а купленую працу. Добра, што хоць у мяне былі сведкі – мае сябры.
Мне і брату мастацкія здольнасці перадаліся, напэўна, ад маці. Яна не была мастаком, але ў юнацтве шмат малявала. Затым, яшчэ да атрымання мастацкай адукацыі ў Віцебску, я працаваў у кінатэатрах «Кастрычнік» і «Іскра», дзе ў вольны час маляваў пейзажы з баранавіцкага наваколля. Мне тады памылкова здавалася, што я рабіў неблагія творы.

– Чаму вы перайшлі ад рэалізму да абстракцыянізму?

– Абстракцыя дапамагае перадаць не знешні, а ўнутраны стан чалавека. Зразумела, што прасцей маляваць якія-небудзь бярозкі, а зусім ужо проста – не маляваць, а фатаграфаваць. Тым больш ні адзін мастак-рэаліст не зможа наблізіцца да таго, што зробіць фотаапарат. У мастака павінны быць іншыя мэты – стварыць сваю матэрыю, свой свет.

Я разумею, што абстрактныя карціны могуць зразумець далёка не ўсе. Пару гадоў таму я павесіў у доме адну з сваіх вялікіх работ. Калі мой яшчэ жывы тата зайшоў да мяне і ўбачыў яе, то спытаў: «Вы ў хаце рамонт робіце?..» Гэта праца пасля была прадстаўлена на маёй выставе і карысталася поспехам…

Ці вось яшчэ адна рэальная гісторыя. Спыніў мяне на дарозе сусед і спытаў:

– Я чуў, што ты вядомы мастак. А што ты малюеш?

– Я малюю абстракцыянізм, – адказваю.

– А! Гэта калі намалявана абы-што?

– Чаму так мала людзей разумеюць мастацтва?

– Сапраўднае мастацтва, як і сапраўдная літаратура і музыка – не для масаў. Яны для невялікай групы прыхільнікаў, для людзей, якім гэта цікава, для мастацтвазнаўцаў. Ленін некалі сказаў: мастацтва належыць народу. Але яго фразу абрэзалі. Ен яшчэ дабаўляў, што для гэтага трэба шмат-шмат працаваць. Прасцей кажучы: каб разумець мастацтва, трэба быць адукаваным, трэба ведаць гэтую мову, трэба шмат вучыцца.

– Як жа пры невялікай групе людзей, якія могуць зразумець сапраўдныя творы, мастакі робяцца вядомымі?

– Усё адбываецца паступова. Калі ў мастака ўжо ёсць імя сярод невялікай групы, яму прасцей сабраць на выставу больш людзей. Чым мацнейшы мастак, тым шырэйшыя ў яго знаёмствы. Пры добрай ці дрэннай рэкламе на выставу ідуць і тыя людзі, якім мастацтва не зразумела. Ім хочацца самім пабачыць тое, пра што кажуць вакол іх.

– Вашы работы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях у ЗША, Францыі, Германіі, Ірландыі і іншых краінах. Вам не шкада, што гэтыя работы вы ўжо ніколі не пабачыце?

– Чаго мне шкада, дык таго, што мае творы не разумеюць на радзіме. І гэта можна растлумачыць: у нашай краіне акрамя сацрэалізму іншых накірункаў (абстракцыянізму, кубізму, сюрэалізму і г.д.) і не ведаюць.

– Распаўсюджана думка: мастак павінен быць бедным. Пракаментуйце яе.

– Я з гэтым сцвярджэннем не згодны. Каб зрабіць сёння выдатныя творы, трэба мець добрыя пэндзлі, трэба быць у кантэксце сучаснага мастацтва – мець грошы на замежныя крыніцы інфармацыі. У Беларусі ж многія мастакі не ведаюць работы не то што заходніх, а нават расійскіх творцаў.

– Вы казалі, што малюеце кожны дзень. Дык вам натхненне не трэба?

– Безумоўна, трэба, калі хочаш не проста маляваць, а маляваць нешта. Мой сябар Аляксей Белы сведка: сёння я малюю адно, а заўтра на тым жа палатне зусім іншае. А ўсё чаму? Таму шта ў працэсе працы над абстрактнай карцінай ты можаш пабачыць перад сабой дзесяць вобразаў-перажыванняў. Я малюю ўсё, што знаходзіцца вакол мяне, малюю свае адносіны да наваколля, да таго, што я чытаў, да грамадскага жыцця. Галоўнае пры такім працэсе своечасова спыніцца.

Некалі сцены нашага дома былі завешаны маімі працамі ад столі да падлогі. Але затым значную іх частку я схаваў, бо пачаў стамляцца ад сваіх карцін. Кожная з іх нясе для мяне нейкую інфармацыю, а дома ж хочацца проста адпачыць.

ФОТА — з архіва Алеся Фалея

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up