Автор: Алесь Гізун

15:06, 15 января 2009

Спецпроекты

remove_red_eye 205

Сляды спадчыны. Паўлінава

Сёння пры ўзгадцы в. Паўлінава, што ў Баранавіцкім раёне, большая частка нашых гараджанаў перадусім назаве вядомы з дзяцінства аздараўленчы летнік “Вясёлка”. Але далёка не ўсе ведаюць, што сярод лесу, каля вытокаў маляўнічай рэчкі Качарыжкі, у Паўлінаве размешчаны шыкоўны палац славутага роду Бохвіцаў, які лічыцца адным з найлепш захаванай архітэктурнай перлінай Баранавіччыны.

УЧОРА

Да канца XIX ст. Паўлінава вядомае, як уладанне Навіцкіх. У 1897 годзе маёнтак Паўлінава выкупіў Ян Антон Бохвіц, сын вядомага філосафа і пісьменніка Фларыяна Бохвіца. Пасля адбывання пакарання за ўдзел у славутым паўстанні 1863 – 1864 гг Ян Антон Бохвіц, як сведчаць крыніцы, актыўна ўключыўся ў гаспадарскае жыццё сваіх маёнткаў.

У новым маёнтку, што меўся размясціцца сярод лесу, ля вытокаў ракі Качарыжка, у 1906 годзе ён пачынае будаваць палац у гонар маці Паўліны з роду Маеўскіх. Як сцвярджае даследчык А. Федарук, улетку 1909 года з Грушаўкі ў Паўлінава прыязджала пагасціць знакамітая польска-беларуская пісьменніца Эліза Ажэшка.

РЕКЛАМА

На сядзібе зводдаль вялікіх шляхоў, сярод зацішнага лесу, каля вытокаў маляўнічай лясной рэчкі Качарыжкі (прыток Лахазвы) Бохвіцы часцяком любілі збірацца разам усёй сям’ёю, запрашалі на гасціны сяброў ды знаёмых.

Палац у Паўлінава пабудаваны з выкарыстаннем формаў неаготыкі.

Парадны і паркавы фасады будынку вылучаныя рызалітамі (выступы ў архітэктурных частках будынку). Куты палацу дэкараваныя васьмікантовымі слупамі. Рызаліты ўвянчаныя прыступкавым шчытом з вежкамі з адным гатычным і двума круглымі вокнамі. Паўночны фасад будынка раздзелены кантовымі і круглымі слупкамі і таксама закончаны шчытом з вежкамі і трыма гатычнымі вокнамі.

У франтоне размешчаны блок з чатырох вузкіх гатычных вокнаў. Кантовыя слупкі заканчваюцца чарамі, якія нагадваюць суквецці. Калісьці на даху палацу знаходзілася вежа з шатавым заканчэннем, з крыжам уверсе, аднак пазней вежа была страчаная. Падобных вытанчаных формаў сядзібава-паркавай архітэктуры на Баранавіччыне вы больш не пабачыце…

СЁННЯ

Нават сёння, праз гады войнаў, рэвалюцый і савецкага культурнага заняпаду палац Бохвіцаў не страціў свайго хараства і сустракае зацікаўленых падарожнікаў сярод старых ліпавых, ялінавых і дубовых прысадаў. Гэта адзін з найлепш захаваных і разам з тым страшэнна занядбаных сядзібава-паркавых ансамбляў у Беларусі.

Да палацу праз сад вядуць ліпавыя прысады з параю крамяных канадскіх таполяў дыяметрам амаль у паўтары метры. Партэр з тыльнага боку палацу мае форму авалу, па перыметры якога на газоне растуць дубы з раскідзістымі шатамі. У цэнтру авалу на восі рызаліту таксама пасаджаны дуб. Партэр ад саду (да нядаўняга часу – тэрыторыя вайсковай часткі) аддзелены шчыльным шэрагам клёнаў.

У парку можна адшукаць рэдкія для Беларусі пароды дрэваў і кустоўя.

Як сведчаць навуковыя крыніцы, Ян Антон Бохвіц быў вялікім знаўцам і аматарам раслінаў, таму і насычаў імі ўласны парк. Праўда, на думку навукоўцаў, колішняе планаванне парку пашкоджанае пазнейшымі пасадкамі (да 1995 года тут быў вайсковы шпіталь), новыя алеі закладзеныя няўдала, таму паляна страціла сваю выразнасць, а спазор на вадаем пашкодзіўся.

Апроч палацу, з усяго сядзібавага комплексу ў Паўлінава сёння захаваліся лядоўня

і рэшткі кароўніку.

РЕКЛАМА

Г-падобны будынак стайні сёння амаль “з нуля” перебудоўваецца з выкарыстаннем новых будаўнічых блокаў.

Былі страчаныя, не дайшоўшы да нашага часу, смалакурня і невялікая сядзіба Нерач па-суседстве ў лесе.

Як паведамляюць у Баранавіцкім райвыканкаме,

сёння будынак палацу ў Паўлінава знаходзіцца на балансе Беларускага Інстутуту правазнаўства, у планах якога зрабіць тут зону адпачынку.

Калі надумаеце фатаграфаваць палац у Паўлінава, сачыце, каб у аб’ектыў не трапілі вышкі суседняй вайсковай часткі, прынамсі, калі за вамі назіраюць. Інакш, як і ў нашым выпадку, да вас можа падысці вайсковец і папрасіць не фатаграфаваць гэты “как бы немного секретный объект”.

ФОТА — Алеся Гізуна

Як даехаць:

Да Паўлінава можна даехаць аўтобусным маршрутам Баранавічы – Добры Бор; Баранавічы – Дабромысель і Баранавічы – Лясная (экспрэс).
Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up