Автор: Intex-press

12:06, 9 января 2009

Культура

remove_red_eye 167

Гэта вам не Дзед Мароз!

У Амерыцы – Санта Клаус, у Фінляндыі – Ёўлупуккі, у Францыі – Пэр Ноэль, у Італіі – фея Бефана… А вось гістарычны зімовы персанаж фальклору беларусаў Зюзя толькі цяпер набывае папулярнасць.

Назаўсёды страчаны, здавалася, нацыянальны міф пра Зюзю сёння вяртаецца ў актуальнае культурнае жыццё беларусаў і нават гатовы канкурыраваць з Дзедам Марозам.

Навошта Зюзю булава?

Яшчэ зусім нядаўна нашы дзяды ўшаноўвалі Зюзю як бога зімы і ўвасабленне зімовай сцюжы. На Каляды яму пакідалі частку святочнай вячэры (куцці), прамаўляючы: “Зюзя на дварэ – куцця на стале”. Ды і першая лыжка кашы звычайна кідалася за акно для гэтага наравістага дзядка. Паспрабуй праігнаруй яго густы – закруціць такую завіруху, гэтак сцісне наваколле марозам, што і ў хаце не ўседзіш.

РЕКЛАМА

Беларусы ўяўлялі Зюзю невысокім сівым дзядком, з доўгай барадой, у белым футры і, у адрозненне ад Дзеда Мароза, абавязкова басанож і без шапкі. Зюзя жыў адзін у лесе, часам з’яўляючыся ў вёсках, каб папярэдзіць добрых людзей пра лютую зіму. Адным словам, Зюзя – дзядок суровы, сапраўдны аскет. Ен заўжды хадзіў па лесе з булавой і, калі злаваўся, моцна стукаў ёю па пні. Так пачыналіся траскучыя маразы.

Імя Зюзі і сёння захавалася ў некаторых беларускіх словах: зюзнуць, зюзіцца (мерзнуць), азызнуць (змерзнуць на холадзе). А дзеткам казалі часам зусім лагодна: “Не ідзі на двор, на дварэ зюзька”. Зюзямі і цяпер называюць безнадзейных п’янтосаў, відаць, на падставе чырвонага колеру носа.

Методыка выхавання

Нехта здзівіцца: такі суровы дзядок не мог стацца агульнанацыянальным навагоднім героем-дабрадзеем! Як даверыць наравістаму Зюзю адорваць дзятву падарункамі на Новы год? Аднак тут ёсць чаму запярэчыць.

Напрыклад, вобраз навагодняга персанажа ў Фінляндыі Еўлупукі (у перакладзе – “калядны казёл”) трансфармаваўся пад уплывам амерыканскага Санта Клауса не так ужо і даўно. У даўнейшыя часы Еўлупукі хадзіў на Каляды па хатах, частуючы паслухмяных дзетак, а непаслухмяных караючы адлупам. Для апошніх скандынаўскі міфалагічны герой заўжды меў пры сабе некалькі дубцоў.

Ды і ўсходнеславянскі Дзед Мароз падабрэў і пачаў раздаваць падарункі хіба крыху больш за 100 гадоў таму. Адбылося гэта пад уплывам хрысціянскай традыцыі і, як заўважаюць мастацтвазнаўцы, дзякуючы росту сацыяльнай значнасці гуманітарных каштоўнасцей. Прататыпам Дзеда Мароза называюць усходнеславянскага духа холаду Траскуна (іншая назва – Студзянец), які мог угнявіцца і да смерці замарозіць падарожніка.

Карэкцыі вобразаў дэманічных істот у бок падабрэння – зразумелыя. Чалавек імкнецца перавыхаваць ліха, каб такім чынам пазбавіцца страху. Даўно пашыраны вобраз Бабы Ягі, якую перавыхоўваюць добрыя персанажы і якая выракаецца сваіх ліхадзействаў, прывёў да таго, што дзеці сёння яе не баяцца. Падобнае адбылося калісьці і з Дзедам Марозам, а цяпер адбываецца і з беларускім Зюзем…

Да Зюзі на дранікі

У 2005 годзе ў пастаўскім Цэнтры турыстычных паслуг вырашылі рэанімаваць зімовы персанаж беларускай нацыянальнай міфалогіі. Сядзіба Зюзі Паазерскага знаходзіцца сёння ў в. Азярцы Пастаўскага раёна, што на поўначы краіны. А гэта, трэба заўважыць, кірунак зусім іншы ад таго, што вядзе да вядомай рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.

Штогод колькасць гасцей, якія прыязджаюць адведаць беларускага Зюзю на Пастаўшчыну, расце. Пакаштаваць гарбаты, згатаванай з лясных зёлак у самавары, а таксама дранікаў (а як жа без іх!) да Зюзі Паазерскага прыязджаюць ужо не толькі беларусы, але і госці з Германіі, Італіі, Расіі, Польшчы, Кітая. Сёлета, па інфармацыі БелТА, на яго сядзібе адчыніўся елчын музей, разам з тым працуюць разьбярная і ганчарная майстроўні. Відавочна, беларускі Уладар зімы апошнімі гадамі ўсё ж палагаднеў, нават вялікіх марозаў не дасылае. Кажуць, праўда, Зюзя і дагэтуль, як яму і належыць, ходзіць басанож і мае пры сабе булаву. З якой мэтай? Паедзьце – даведаецеся.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up