Новости / Культура

Ён між намі жыве

30.12.2008, 14:23 / remove_red_eye 151 / chat_bubble

210-годдзю нашага земляка Адама Міцкевіча вядомы баранавіцкі паэт Аляксей Белы прысвяціў новую паэму

Калмаціў вецер за акном галіны,
Гула каляднай ноччу завіруха,
Калі на тоўстай кнізе пупавіну
Яму пераразала павітуха.

Так, пэўна, нараджаюцца Паэты,
Ахутаныя крыламі мяцеліц.
Так нарадзіўся Чалавек Сусвету,
Змагар і Патрыёт Адам Міцкевіч.

Звінела і спявала наваколле,
Уздымала шляхта шаблі, пелі трубы,
Калі хрысцілі хлопчыка ў касцёле,
Дзе браліся Ягайла з Соф’яй шлюбам.

РЕКЛАМА

Ах, школьныя забавы і турботы!
Без думак пра зямлю і пра прыгонных,
Навуку ён асвойвае з Чачотам
І войскам рады ён Напалеона.

Ды тут за воляю сачылі пільна,
Пра што захочаш – не напішаш вер- шы.
Ну а Адама ўжо чакала Вільня,
І Томаш Зан стаў сябруком найпершым.
Ім часам не хацелася маліцца
(Хоць хто ўсё гэта нам цяпер
засведчыць?),
І марылі – як грэкі, весяліцца,
Як рымляне –
у жорсткай бітве секчы.

Нязвыкла быць у лёкаях і ў свіце.
Юнацтва – быццам ветразь у тумане.
Вакацыі. Туганавічы. Свіцязь.
Марыля Верашчака. І каханне.

Такія тут абсягі і абшары,
І дваццаць год –
яшчэ зусім не сталасць.
Не ўсе збываюцца Паэта мары,
Каханая абранаю не стала,

Усё так няпроста, хістка і ўмоўна,
І гэта ўжо не сум, не боль, а гора.
Але ў Адама зноў дарога. У Коўна.
Як скажа потым – не найлепшы горад.

Сюды прыйшоў не па сваёй ахвоце,
І нехта іншы ў высылцы павінны.
Але ёсць кніжкі Байрана і Гётэ,
Пра Свіцязь і Марылю ўспаміны.

«У доме весела, камін палае»…
Агонь – бы напамін аб палкім леце.
Марыля з дзецьмі весела гуляе…
А ён ізноў бадзяецца па свеце.

Дзе Томаш Зан,
надзейны твой таварыш,
Паміж якіх блукае ён туманаў?
І раптам (можа, і не раптам) арышт.
Абодвух – у манастыр да базыльянаў.

І там яны – нібыта ў астрозе.
Зусім не тое, што ўлетку дома.
А потым зноў у снезе, у дарозе
У Пецярбург, чужы і незнаёмы.

Акінеш вокам стэп – аж сэрца стыне,
А ноччу – хоць рукой дарогу мацай.
Такая бель у чужой, глухой краіне,
На чым пагляд тут можа затрымацца?!

Вядома, холад тут, мароз і сцюжа,
І ты, бадай, найболей тут азяблы.
Але Рылееў ёсць тут і Бястужаў,
І Пушкін Аляксандр –
надзейны сябра.

Адам сяброўствам гэтым даражыў
(Не часта так сыходзяцца паэты),
Напіша Пушкін:
«Ен між нас тут жыў…»,
Вясна прайшла і праляцела лета.

І тут лістоты шум і шум травы,
Сяброў даволі шмат,
і шмат знаёмых,
Ды покліч птушак чуе ён з Літвы,
І так ізноў захочацца дадому!

Пра іншыя ён марыць гарады,
Хоць тут, здаецца, выбар значна большы.
Ад суму ўратуюць і нуды
Лісты скупыя пра паўстанне ў Польшчы.

А між паэтаў ён тут з самых першых,
І гонар сэрца поўніць да краёў,
Бо звесткі ёсць: паўстанцы між баёў
Чытаюць там Міцкевічавы вершы.

А пад вачыма чорныя кругі,
Не дачыніцца да чужое славы,
Бо Пушкіна «ўрываюцца сцягі
У праломы зноў скаронае Варшавы».

Быў сум цяжкі, але не быў праклён,
Хоць разам ён з палякамі бядуе,
Калі забілі Пушкіна – і ён
Пакутуе ад гэтага і шкадуе…

РЕКЛАМА

І душыць недзе ў Францыі нуда,
Таму што ён дапамагчы не ў стане.
Шкадуе, што ў Кракаве бяда,
Што гіне ў Галіцыі паўстанне.

І хоць мы тут – мы з імі там гарым.
Дзе ў жорсткай бойцы
згінулі мільёны.
І едзе не вагаючыся ў Рым,
І польскія збірае легіёны.

Бо для яго Радзіма – цэлы свет,
Дзе посвіст куль і птушак пералівы.
Што мог тады сказаць сябрам паэт:
«Спакой – ён для памерлых і
шчаслівых».

Ідзе ізноў у бой за раццю раць,
І вывераны ў соты раз напрамак.
І на баку Італіі стаяць
Жаўнеры Гарыбальдзі і Адама.

Неперамога. На якой вярсце?
Адкуль бярэцца аўстрыякаў лава?
І піша ён Дамейку ў лісце:
«Мы скардзіцца ўжо згубілі права».

Яго жыццю – вялікая цана,
Такія людзі ў іншых веру сеюць…
І Крымская яшчэ была вайна,
Канстанцінопаль.
Там памёр Міцкевіч.

Там лашчылі яго марскія хвалі,
Хто свечку аб памёрлым
там паставіў?..
Спачатку ў Парыжы пахавалі,
А потым ціха перавезлі ў Вавель.

…Мінула часу шмат з тае пары,
Вяртаюцца і адлятаюць птушкі.
У адной зямлі спачылі змагары –
Паэт Міцкевіч, генерал Касцюшка.

….Каляды. Снежань.
Завірухі скерца,
Ад ветру і марозу смагнуць губы.
У Кракаве цяпер Паэта сэрца
І тут яно, у Беларусі любай.

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up