Автор: Intex-press

12:11, 18 декабря 2008

Культура

remove_red_eye 76

Якой будзе зіма-2009?

Калі мінулая зіма ў Беларусі была самай цёплай за апошнія 18 гадоў, дык пачатак сёлетняй зімы, паведамляюць сіноптыкі, быў самым цёплым за стагоддзе.

Пра тое, якіх яшчэ сюрпрызаў трэба чакаць ад зімы 2008-2009, карэспандэнту «IP» распавёў начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.

«Гарачыя» рэкорды новай зімы

Сёлетняя зіма задаволіць аматараў цёплых і лагодных зім і мае ўсе шанцы стаць трэцяй запар зімой з надзвычай высокімі тэмпературамі (гл. графік). Пачатак снежня быў ужо анамальны. Сярэднесутачная тэмпература ў першы тыдзень месяца была вышэйшай за норму на 4 – 10 градусаў. «Такога цёплага пачатку зімы па ўсёй тэрыторыі краіны за апошнія 100 гадоў не фіксавалася ні разу», – аналізуе Дзмітрый Рабаў.

Другая палова снежня будзе маласнежнай і са слабымі маразамі, што прадвызначана антыцыклонам з Чорнага мора. Начныя тэмпературы будуць вагацца ад – 2 да – 9, дзённыя – ад – 4 да – 2. Сталы снег з’явіцца не раней за трэцюю дэкаду месяца, чаму могуць паспрыяць цыклоны з Атлантыкі.

РЕКЛАМА

Снежань не заснежыў, студзень не застудзіць

Па словах Дзмітрыя Рабава, уся зіма 2008- 2009 будзе адназначна цяплейшай за стандартную, калі сярэднесезонная тэмпература за тры зімовыя месяцы чакаецца прыкметна вышэйшай за кліматычную норму (норма: – 5,5 градусаў).

Папярэднія прагнозы не пакідаюць вялікіх надзей на класічнае для Беларусі зімовае надвор’е з храбусткім снегам, завеямі і маразамі. Так, па словах Дзмітрыя Рабава, у снежні чакаецца на 2 градусы цяплей за сярэднемесячную норму (норма: – 2, – 5), тэмпература ў студзені – на 1 градус вышэй за норму (норма: – 5, – 8), у лютым – у межах нормы (норма: – 4, – 8).

Снегапады зменяць навальніцы?

Глабальнае пацяпленне клімату, вынікам якога сёлета і ёсць надзвычай «мяккі» снежань, зусім не гарантуе, што нам не варта чакаць гэтай зімой экстрэмальных праяў надвор’я, якія, наадварот, здараюцца часцей і часцей. Буйныя снегапады могуць змяняцца шэрай «кашай» пад нагамі, што цяжка прымусіць сябе палюбіць нават тым, хто ўсцешаны пацяплелымі да непазнавання беларускімі зімамі. Не выключана магчымасць і зімовых навальніц – з’ява рэдкая, якая раней назіралася раз на 20 – 40 гадоў, а цяпер здараецца кожныя чатыры гады. «Нават сутачны прагноз апраўдваецца прыкладна на 95%, на трое сутак – на 85%-90%, – заўважае Дзмітрый Рабаў. – Таму рабіць доўгатэрміновы прагноз больш чым на месяц проста немэтазгодна. Прагноз надвор’я – не дакладны разлік, не дасканалая формула, ён прадугледжвае ў сабе долю няпэўнасці».


Якім будзе надвор’е  на Новы год

Па інфармацыі Дзмітрыя Рабава, навагодняя ноч у Беларусі чакаецца камфортнай, з умеркаванымі маразамі, слабым ветрам, з тэмпературай паветра ад – 2 да – 7 і з вялікай верагоднасцю снегу. У першы дзень новага 2009 года чакаецца ад 0 да – 5 градусаў.


Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up