Автор: Алесь Гізун

14:20, 15 декабря 2008

Спецпроекты

remove_red_eye 316

Сляды спадчыны. Ястрамбель

Палац Катлубаяў у в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна, пабудаваны ў стылі неакласіцызму, нагадвае хутчэй невялікі асіметрычны касцёл або цэркаўку, чым колішні жылы дом. Між іншым людзі ў ім жылі ажно да 1989 года, пакуль у будынку месціўся адзін з корпусаў мясцовай школы-інтэрната. Зазнаўшы рэвалюцыйны пагром, вайну і эпоху савецкага застою, сёння Ястрамбельскі палац перажывае чарговы этап свайго павольнага памірання.

УЧОРА

Тапонім Ястрамбель вядомы яшчэ з XVI стагоддзя як назва паселішча Наваградскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. А ў 1879 годзе толькі праваслаўная парафія тутэйшай царквы святога Міколы Цудатворцы налічвала 1 500 прыхаджан.

З ХІХ стагоддзя ўладарамі маёнтка ў Ястрамбелі былі Катлубаі, шляхецкі род татарскага паходжання. Як сведчаць гісторыкі, першым валадаром сядзібы з гэтага роду быў Міхал Катлубай, рахункавод Радзівілаўскай камісіі. Пазней маёнтак атрымалі ў спадчыну яго сыны. У 1897 годзе Генрых Катлубай пабудаваў у Ястрамбелі палац з чатырох, яруснай вежай і шатром, які ўтварае вертыкальны кампазіцыйны цэнтр усяго маёнтка.

РЕКЛАМА

Палац уяўляе сабою прыступкавы асіметрычны будынак з васемнаццаццю пакоямі і хатняй цэркаўкай. Будынак багата дэкараваны карнізамі, разеткамі, калонамі, пілястрамі, рустам. Да ўваходу вядзе пандус з балюстрадай. Апроч палаца сядзіба мела гаспадарчы дом, вінакурню, стайню і карэтную. Вакол месціліся пейзажны парк з сажалкаю і сад. Дарэчы, у Ястрамбельскім парку дагэтуль расце вельмі рэдкая ў Беларусі веймутавая хвоя. Не пазбаўленыя эстэтычнага густу, гаспадары парупіліся і стварылі ў невялікім парку маляўнічыя куткі з пакручастымі вербамі вакол сажалкі, кулісамі з белых таполяў на беразе…

Апошнім гаспадаром маёнтка быў Зыгмунд Катлубай. Выпускнік славутага Ягелонскага універсітэта, юрыст па адукацыі, у 1940 годзе ён памёр у баранавіцкай турме. Не паспеў уцячы ад бальшавікоў – кажуць гісторыкі.

Згодна з указам Сталіна, з 9 верасня 1950 года ў будынку палаца размясціўся спецдзетдом для дзяцей вайны. Гісторыкі выказваюцца, маўляў, у Ястрамбель прывозілі карэйскіх дзетак пасля канфлікту паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэяй.

Праўда гэта ці міф – адказаць цяжка. Як цяжка адказаць, ці праўда, што ад палаца разыходзяцца падземныя шляхі. Прынамсі, не адно пакаленне вясковай моладзі працягвае шукаць іх, перакананае ў тым, што патаемныя шляхі абавязкова прывядуць да скарбаў.

СЁННЯ

Гісторыя маёнтка ў Ястрамбелі ліха пачала змяняцца пасля палітычных пераўтварэнняў у Заходняй Беларусі. Як згадваюць крыніцы, каб вызваліць месца для ложкаў дзетак-сіротак, кафляныя печы з выявамі святых сцэн і антычнай гісторыі разбурылі. Мясцовыя жыхары расказваюць, што ведаюць, у каго з вяскоўцаў у хатах дагэтуль функцыянуюць колішнія панскія камінкі. Распавядаюць таксама, што яшчэ ў 50-я гады недалёка ад палаца месцілася радавая каплічка Катлубаяў з трунамі гаспадароў маёнтка. Святыню неўзабаве абрабавалі і пабурылі, а чалавечыя рэшткі яшчэ доўга ляжалі пад сонцам, пакуль хтосьці не спаліў іх.

Ніхто ўжо не можа прыгадаць, калі і куды знік флюгер з вежы палаца, на якім была пазначана дата збудавання. А вось панская карэтная праіснавала літаральна да канца 80-х гадоў, пакуль з рукі нейкага абласнога чыноўніка не была зруйнавана: недагледжаны будынак псаваў сузіранне наваколля.

У 1989 годзе ў Ястрамбелі пабудавалі новы спальны корпус для выхаванцаў інтэрната, а палац закрылі на рэстаўрацыю. На працягу 90-х гадоў грошы на аднаўленне палаца з абласнога бюджэту вылучалі неаднойчы. Але сродкаў хапала перадусім на ўсталяванне рыштаванняў, якія праз колькі гадоў даводзілася ўбіраць з-за іх аварыйнасці. Як згадвае мясцовы краязнаўца Васіль Лаўрыновіч, адна з такіх «рэстаўрацый» напрыканцы 90-х закончылася жахліва. Чарговы раз разбіраючы пры дапамозе трактара рыштаванні, мясцовыя гаспадарнікі пацягнулі разам і ўвесь аглядны паверх з балюстрадай па перыметры вежы. Дарэчы, падобным чынам неўзабаве зруйнавалі і ладны фрагмент ніжняй балюстрады.

Як паведамілі «IP» у Баранавіцкім райвыканкаме,

РЕКЛАМА

палац Катлубаяў і сёння знаходзіцца на балансе Брэсцкага аблвыканкама, які «трымае на кантролі лёс будынка». Аднак увесь кантроль мінімізаваны да забітых дошкамі вокнаў і ўваходаў.

Будынак, які да нашага часу захаваўся даволі цэласным, сёння недаравальна разбураецца. Марнуецца нават тое, што паспелі зрабіць падчас пакутлівай рэстаўрацыі: шклопакеты ў вокнах і новы бляшаны дах. Даўно ссеклі і старыя вербы вакол сажалкі. Парк бязладна зарастае, хаваючы палац. Парушана і водная сістэма сядзібы: канал, што жывіў сажалку, засыпаны, азярына зарастае, пераўтвараючыся пакрысе ў балотца.


Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up