Новости / Спецпроекты

Сляды спадчыны. Вялікая Ліпа

4.12.2008, 15:13 / remove_red_eye 268 / chat_bubble

Котлішча Абуховічаў у Вялікай Ліпе, што на Нясвіжчыне, папаўняе спіс архітэктурна-паркавых ансамбляў шляхетнай Беларусі, якія сёння безнадзейна занепадаюць. Між іншым менавіта тут захавалася унікальная заезная брама-стайня з ледзь не адзіным у краіне барэльефным наследаваннем даўняй рыцарскай культуры.

УЧОРА

Мястэчка з назваю Ліпа на Нясвіжчыне вядома ўжо не менш за пяць стагоддзяў. Гэтыя землі ў розны час належалі некалькім беларускім шляхетным родам. З паловы XVI ст. Ліпа разам з ваколіцамі належала Радзівілам, а к канцу стагоддзя стала часткай вялікай Нясвіжскай ардынацыі (нерухомых уладанняў). Як піша ў сваім блогу Зміцер Крамушчанка, тапонім Ліпа быў пазначаны на першай дакладнай мапе Вялікага княства Літоўскага, выдадзенай у 1613 годзе ў Амстэрдаме на сродкі ўладальніка Ліпы Мікалая Ра-дзівіла Сіроткі.

РЕКЛАМА

Прыблізна з гэтага часу тут пачала фармавацца сядзіба, якая пазней зазнала шэраг пераўтварэнняў. Спачатку сядзіба месцілася на ўзвышку і была аточана абарончымі насыпамі, якія ў пачатку XIX ст. былі ліквідаваны. З 1858 года Ліпа стала належаць Абуховічам і, як зазначае блогер Зміцер Крамушчанка, пачалося ўсебаковае развіццё мястэчка. У гэты час увесь маёнтак прыняў сваё закончанае аблічча.

У пачатку ХХ ст. у Ліпе пражывала больш за 500 жыхароў. Сядзіба ўключала ў сябе два ветракі, вадзяны млын, вінакурню, сыраварню, шкіпінаравы завод. З XVIII cт. тут знахо-дзілася царква, пры якой функцыянавала царкоўна-прыходская школа, пераўтвораная пазней у вучэльню.

З прыходам да ўлады бальшавікоў сядзіба пачала занепадаць. Цэнтральны сядзібавы дом быў разбураны, царква зачынена. Нейкі час на тэрыторыі сядзібы месцілася школа.

Сёння непаўторныя архітэктурныя сюжэты фальварка Абуховічаў актыўна разбураюцца без нагляду. Аднак асобныя будынкі гаспадарчага двара эксплуатуюцца і цяпер.

СЁННЯ

Сядзіба Абуховічаў у Вялікай Ліпе знаходзіцца па дарозе з рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы да палаца Рдултоўскіх у Снове, што робіць зручным патэнцыйны турыстычны маршрут. Тым не менш на сёння такі маршрут уявіць цяжка. Сядзіба Абуховічаў актыўна занепадае. Разбураецца двухпавярховы будынак афіцыны, у якім спалучаны розныя архітэктурныя стылі.

Знаходзіцца ў доме з багатым арнаментальным дэкорам па перыметры паміж паверхамі, з убудаванымі па кутах круглымі калонамі-вежамі сёння проста небяспечна: асобныя сцены і перакрыцці вось-вось гатовы абрынуцца.

Разбураецца і арыгінальны драўляны свіран з каменным трохаркавым фасадам.

У будынку дзе-нідзе захаваліся ўзорныя каваныя краты, праз якія добра праглядаецца наваколле.

Найбольш уражвае добра захаваная заезная брама-стайня, у крылах якой і сёння трымае коней мясцовая гаспадарка. Абодва ўваходы ў стайню ўпрыгожваюць барэльефныя выявы рыцараў.

РЕКЛАМА

Унутраны бок брамы закладзены цэглай, таму, каб трапіць на сядзібу, сёння трэба абмінаць увесь будынак.

Насупраць стайні, па іншы бок шашы, знаходзіцца колішні гаспадарчы двор.

Яшчэ адна з мясцовых адметнасцей – колішняя уніяцкая царква (упершыню ўзгадваецца ў 1773 годзе). У XIX ст. яна функцыянавала як каталіцкі касцёл, цяпер гэта праваслаўная царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Святыня стаіць на суседнім ад сядзібы, даволі ўражвальным узвышку, што адлюстроўвае даўнейшую канцэпцыю пабудовы храма, калі ён праглядаўся з усіх бакоў паселішча. Храм вабіць яшчэ здалёк сваёй надзвычайнай беллю, якая праглядае са старых прысад.

Вакол раскінуліся старажытныя могілкі з каменнай званіцай пры царкве і дзвюма мураванымі капліцамі. На адной з іх – надпіс на лаціне: “Memoriae justorum”, што можна перакласці як: “Памяці заслужаных”.

ФОТА — Людмілы Пракопавай

У Вялікую Ліпу можна трапіць так: на электрычцы Баранавічы – Мінск даехаць да прыпынку Ліпа, адкуль да сядзібы давядзецца ісці каля пяці кіламетраў. Альбо можна даехаць аўтобусам да Нясвіжа, адкуль арганізаваны рэйсы да Вялікай Ліпы.

Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up