Новости / Спецпроекты

Сляды спадчыны. Сноў

6.11.2008, 16:55 / remove_red_eye 293 / chat_bubble

Мястэчка Сноў (другое па велічыні на Нясвіжчыне) славута не толькі вядомай на ўсю краіну прадукцыяй мясцовага агракамбіната. У гэтым спадчынным радзівілаўскім мястэчку да нашых дзён захаваліся велічны класіцыстычны палац Рдултоўскіх, арыгінальны сядзібавы дом роду Гартынгаў, а таксама дзве старыя святыні – касцёл Яна Хрысціцеля і царква святых Космы і Даміяна. Аднак не ў кожны з гэтых аб’ектаў сёння можна лёгка патрапіць.

Учора

Вядома, што на мяжы XVI – XVII стст. Сноў, як і іншыя нясвіжскія ваколіцы, належаў да радзівілаўскіх уладанняў. Але сапраўдны росквіт мястэчка звязаны з польскім родам Рдултоўскіх, прадстаўнікі якога гаспадарылі тут з сярэдзіны XVII ст., займаючы высокія дзяржаўныя адміністрацыйныя пасады. Менавіта з прадстаўніком роду Рдултоўскіх Казімірам звязана заснаванне ў Снове напрыканцы 20-х гадоў XIX ст. маштабнага архітэктурна-паркавага комплексу, дамінантай якога быў грандыёзны палац у стылі класіцызму.

РЕКЛАМА

Ад цэнтральнай двухпавярховай часткі будынка з чатырохкалонным порцікам у два бакі сіметрычна развіналіся рызаліты, далей аднапавярховыя крылы з уражвальнымі каланадай і паўкалонамі звонку заканчваліся бакавымі аб’ёмамі. Палац змяшчаў унутры 100 пакояў. Дарэчы, адна толькі парадная зала мела плошчу 100 квадратных метраў. Паркавая частка ансамблю займала 4,5 га і ўключала ў сябе маляў-нічую сістэму сажалак з арыгінальнымі выспачкамі.

Сярод заслугаў Казіміра Рдултоўскага ў павышэнні гісторыка-культурнай каштоўнасці мястэчка – пабудаваная ў 1836 годзе на ўзгорку ўскрай Снова царква святых апосталаў Пятра і Паўла (крыху пазней – св. Космы і Даміяна). Праваслаўная царква стала адмысловай данінай рэлігійнай талеранцыі ў краі: ад 1760 года ў Снове ўжо быў каталіцкі касцёл Яна Хрысціцеля, пабудаваны бацькам Казіміра Янам Крыштофам.

З 1854 года ўладанне мястэчкам перайшло ў рукі барона Густава з галандскага роду Гартынгаў. На ўзвышку недалёка ад праваслаўнай царквы (Горны Сноў, Новы Сноў) напрыканцы стагоддзя ён пабудаваў уласны невялікі двухпавярховы палац з верандай, што выходзіла ў малады парк. Шыкоўны палац Рдултоўскіх у Дольным (Старым) Снове патрабаваў догляду і ўсё больш пуставаў.

У 1925 годзе Густаў Гартынг прадаў гэты будынак польскаму афіцэрскаму корпусу. З тых часоў да нашых дзён палац знаходзіцца ў руках вайскоўцаў.

Сёння

Сёння на тэрыторыі рэзідэнцыі Рдултоўскіх знаходзіцца вайсковы шпіталь, які размясціўся ў самім палацы. З гэтай прычыны тэрыторыя закрытая, таму, каб патрапіць на яе, трэба прайсці кантрольна-прапускны пункт. Аднак на КПП вам скажуць, што праход на тэрыторыю шпіталя забаронены.

Карэспандэнтам «IP» усё ж крыху пашчасціла. Адзін са старэйшых прапаршчыкаў, рызыкуючы быць пакараным начальствам, зрабіў-такі для нас невялічкую 20-хвілінную экскурсію вакол палаца. Натуральна, каб патрапіць у сам палац, не магло быць і гаворкі. Таварыш прапаршчык распавёў, што за ўсю прысутнасць тут савецкіх, а пасля беларускіх вайскоўцаў будынак палаца так і не зазнаў належнага рамонту: няма сродкаў. Дарэчы, дзякуючы вайскоўцам, будынак з усім вонкавым дэкорам цалкам захаваўся да нашых дзён. Палац функцыянуе, што падае надзею на далейшую яго “кансервацыю” ад знішчальніцкай дзейнасці метэаралагічных умоў і чалавека, пакуль сюды не прыйдуць больш светлыя часы.

Трапіць у палац Гартынгаў даволі лёгка: трэба спытаць у мясцовага насельніцтва, дзе знаходзіцца бальніца. Арыгінальны кампактны дамок на ўзвышку з садова-паркавым атачэннем і характэрным бальнічным пахам усярэдзіне. Каб уявіць ранейшую унутраную аздобу добра захаваных пакояў, даволі крыху актывізаваць фантазію.

РЕКЛАМА

Касцёл Яна Хрысціцеля неаднойчы ў гісторыі “перахрышчваўся” ў праваслаўную царкву і зноў вяртаўся ката-лікам. У савецкі час у ім месціўся гаспадарчы склад. Толькі ў пачатку 90-х касцёл рэстаўравалі і надалі статус парафіяльнага. Фасад святыні ўпрыгожваюць статуі апосталаў Пятра і Паўла, размешчаныя ў нішах па абодва бакі галоўнага ўвахода. Касцёл мае мемарыяльную каштоўнасць: у ім захавалася пахавальня з астанкамі Рдултоўскіх.

Выдатна захавалася і аточаная старажытнымі могілкамі праваслаўная царква, якая добра праглядаецца з ніжняй часткі мястэчка. Як адзначаюць даследчыкі, храм насычаны культурнымі артэфактамі. Варта паглядзець чатырох’ярусны драўляны іканастас, выраблены ў XVIII ст. віленскім майстрам і перададзены ў сноўскі храм.

Як дабрацца:
Да м. Сноў з Баранавіч можна даехаць электрычкай Баранавічы – Мінск: да станцыі Хвоева, пасля ісці пешшу да Снова каля кіламетра. У Снове спыняецца таксама рэйсавы аўтобус Баранавічы – Нясвіж.

Фота — Людмілы ПРАКОПАВАЙ

Просмотреть Сляды спадчыны. на карте большего размера

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up