Автор: Intex-press

18:12, 5 ноября 2008

Народные новости

remove_red_eye 103

Каталіцкія могілкі ў заняпадзе — куды глядзіць грамадства?

Зямля беларуская
поўніцца могілкамі і магіламі. Магіламі занядбанымі, забытымі, новымі, старымі, нават старажытнымі. Старыя пахаванні нагадваюць пра мінулыя эпохі і стагоддзі, персаналізуюць нябожчыка, калі можна яшчэ разгледзець напісанае на помніку, камяні і г.д. Могілкі – вельмі важны элемент культуры любога народа. Не сакрэт, што ступень іх дагледжанасці сведчыць пра маральны стан у грамадстве жывых.

Сумныя думкі пра гэты самы маральны стан прыйшлі да мяне, калі я пабываў на баранавіцкіх каталіцкіх мо-гілках па вуліцы Куйбышава… Наведваючы з роднымі людзьмі магілу прабабулі, азіраючыся навокал, мы проста дзівіліся людской абыякавасці. Маладыя і не вельмі маладыя асобы хлебчуць гарэлку ці «чарніла» і паляць вогнішчы (!) акурат на магілах, рагочуць, лаюцца, лузгаюць семкі, пакідаючы пасля сябе гурбы самага разнастайнага смецця і, зразумела ж, боль у душы тых, хто прыходзіць сюды да сваякоў. Паламаныя агароджы, пабітыя помнікі…

Сітуацыя карэнным чынам змяняецца толькі напярэдадні Дзядоў – калі людзі масава збіраюцца і сваімі сіламі ўбіраюць усё накіданае смецце. Хапае на некалькі тыдняў… А пасля зноў – сметнік на могілках, сметнік замест могілкаў, смецце ў галовах… Вось дзе сэнс выразу – «без Бога ў душы». Аголены, як старыя косці, сэнс. Не ўзнікае сумневу, што для гэтых прадстаўнікоў чалавечага роду такая форма «адпачынку» стала нормай: «А што тут такога – мы ж проста тусуемся?!». Узнікае пытанне – няўжо не разумеюць, што ніхто не вечны, што раней ці пазней і ім прыйдзецца легчы ў зямлю. І, магчыма, нехта іншы будзе «танчыць» на костках сённяшніх гульцоў.

РЕКЛАМА

Безумоўна, нялюдскія паводзіны на могілках – пытанне не толькі да вышэйзгаданых асоб. Гэта, перш за ўсё, праблемы выхавання, праблемы падмены ідэалаў у самім грамадстве, праблема разгубленасці простага чалавека, беларуса, перад зруйнаванай гістарычнай памяццю. Што тут казаць пра падлеткаў і п’янчуг на баранавіцкіх могілках, калі штогод невядомыя (усё яшчэ чамусьці невядомыя) вырадкі валяць памятныя крыжы ў Курапатах, плюючы ў сімвал адной з самых вялікіх трагедый беларускага народа. Акты вандалізму звычайна ўчыняюць акупанты на чужой зямлі. Чаму зараз гэта робіцца на нашай?

Вяртаючыся да Баранавіч, хацелася б запытаць у мясцовых камунальнікаў, участковых, прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады – куды вы глядзіце? Чаму, нягледзячы на вашу прысутнасць амаль у кожнай сферы жыцця шараговага гараджаніна (праверыць, «выхаваць», спагнаць падаткі і г.д.), не маеце магчымасці (жадання?) навесці элементарны парадак на могілках? Верагодна, і ў некаторых з вас там пахаваны родныя людзі. Няўжо так цяжка міліцыянерам правесці некалькі рэйдаў, пасля якіх, упэўнены, сітуацыя значна палепшылася б і прадстаўнікам камунальных служб не прыйшлося б працаваць у нікуды. Таму што зараз вынікаў такой працы (калі яна і здзяйсняецца) зусім не бачна з-за аблюбаваўшых могілкі аматараў нестандартнага адпачынку. Азірніцеся, людзі, гэта ж ваш горад і ваша Памяць. Старыя помнікі, калі б маглі гаварыць, вельмі многа расказалі б нам пра культуру і побыт тых, што ішлі перад намі: шараговыя гараджане, жаўнеры, шляхта, сяляне – людзі, людзі, людзі. …Гісторыя праз персаналіі – заўсёды лепшая за гісторыю агульных поглядаў на той ці іншы часовы пласт.

…Занядбаных помнікаў шкада. Непрыбраныя, ніхто не прыносіць кветак. Так і стаяць яны – сумныя сведкі мінулых жыццяў, пакут і надзей.
Памяць пра дзядоў – клопат нашчадкаў.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up