Новости / Спадчына

Баранавіцкай радыёстанцыі – 70 год

30.10.2008, 12:08 / remove_red_eye 214 / chat_bubble

У даваеннай Польшчы яна лічылася самай сучаснай і найноўшай. Вышыня кожнай з радыёвежаў у тагачаснай Рэчы Паспалітай была 141 метр.

Калі не было тэлебачання, радыё лічылася найбольш прагрэсіўным СМІ. Таму зразумела, што Польская дзяржава намагалася ахапіць найбольшую тэрыторыю сваёй прапагандай. Асабліва на крэсах, на межах СССР, адкуль на нашы  землі праз радыёхвалі трапляла бальшавіцкая прапаганда.

Як пісалася ў тагачасным штогодніку “Radio-Informator na rok 1939”, Баранавіцкая радыёстанцыя павінна была  “стварыць на гэтай зямлі  дакладны кантакт з сучаснай Польшчай, прынесці ёй таксама жывое слова кіраўнікоў польскай дзяржавы… ”

А вось як тое ж выданне апісвала сам будынак: “Прыгожа адлюстроўваюцца крэмавыя муры і вымалёўваецца сучасная глыба будынка наймаладзейшай нашай станцыі. У сярэдзіне ён падзелены на дзве часткі: тэхнічную і адміністрацыйна-праграмовую. Вялікі хол стаў цэнтрам будынка. Вядуць з яго сходы на паверх, дзе знаходзяцца праграмная і адміністрацыйная канцылярыя, на першым паверсе знаходзяцца кабінет дырэктара, студыя і пакой дыктараў. Адтуль таксама можна ўвайсці да тэхнічнай часткі радыёстанцыі. Яе абсталяванне месціцца ў светлых прасторных залах і з’яўляецца апошнім “крыкам”  тэхнікі. Радыёвяшчальная станцыя мае моц 50 кВ, роўную моцы станцый у Львове і Вільні”.

Спачатку не хапала лектараў, аўтараў, артыстаў. У той час рабіць запісы было дорага і складана, таму практыкаваўся жывы эфір. Выступленні аркестраў часцяком гучалі адразу ж з рэстарацый і кавярняў, дзе тыя гралі.

Дзякуючы згаданаму выданню “Radio-Informator na rok 1939”, мы сёння можам даведацца пра расклад перадач нашай радыёстанцыі ў той час. Напрыклад, “у нядзелю, з 13 гадзін да 13:10 ідуць папераменна аповеды з цыкла “Нашы вёскі й мястэчкі”, што расказваюць пра працу і развіццё, якое адбываецца ў наваградскіх ды палескіх вёсках і мястэчках, і мастацкае чытанне папулярных урыўкаў з літаратуры… У панядзелак гаспадыні могуць заўсёды выслухаць аповеды з галіны хатняй гаспадаркі, у аўторак дае парады і адказвае на пытанні “земляробчы скрыначнік” – мясцовы гаспадар пан Тадэвуш Кулакоўскі. Штосераду чуе радыёслухач з Наваградчыны і Палесся аповеды з цыкла “Пра Польшчу”, а шточацвер выходзіць аповед гаспадарча-земляробчы.

РЕКЛАМА

Падобны аповед ідзе і ў пятніцу папераменна з праграмай “Санітарня” доктара Б. Тамашэўскага, а ў суботу вясковая моладзь слухае пры рэпрадуктарах у сваіх клубах чытанні шэдэўраў польскай літаратуры ці адпаведныя “маладзёвыя” гутаркі…

У музычнай частцы радыёстанцыя намагаецца даць слухачам польскую музыку. Гэта, адзначаецца ў “Radio-Informator na rok 1939”, досыць цяжкая задача, бо слухач з тутэйшай мясцовасці звычайна вельмі музычны, нялёгка падабраць для яго праграму. Як і ў гутарках, так і ў музычнай частцы праграмны аддзел падбірае ўсіх аўтараў і выканаўцаў мясцовых – вясковых гаспадароў і інструктараў сельскай гаспадаркі, настаўнікаў аграрных школ і даследчыкаў аграрных прадпрыемстваў, а граюць – аркестры салонаў і нават сімфанічныя, пад кіраўніцтвам капельмайстраў мясцовых палкоў Войска Польскага ці настаўнікаў мясцовых музычных школ.

Пра яшчэ адну перадачу належыць успомніць – пра вечаровую перадачу ў чацвер… Гэта перадача, што ідзе з 22:00 да 23:00 гадзін – тады, калі большая частка слухачоў ужо спіць. Яе слухае той, хто цікавіцца тэматыкай праграмы… Гэта літаратурна-музычныя, выбраныя творы. І клопат радыёстанцыі такі, каб  праграмы былі звязаны з мясцовасцю, давалі ці то творы рэгіянальных творцаў, ці іх апрацоўкі… Забытых крыху паэтаў – Сыракомлю і Плуга-Пяткевіча – у іх увяла ўласна Радыёстанцыя Баранавічы. У той самы час вядома, што менавіта ў  Баранавічах былі забаронены да выпуску ў эфір кружэлкі сусветнавядомага беларускага тэнара Міхася Забэйды-Суміцкага.

Станцыя працавала для Польскай дзяржавы няшмат. 1 верасня выбухнула 2-я Сусветная вайна, а ўжо 15 верасня 1939 года радыёстанцыю беспаспяхова бамбіў 1-ы Паветраны флот Люфтвафэ. Да гэтага тыя ж самалёты ў 13 гадзін нанеслі ўдар па чыгунцы. Знішчылі некалькі цягнікоў. Польскія часці супрацьпаветранай абароны здолелі пашкодзіць адзін самалёт, які не даляцеў да аэрадрома і разбіўся каля Растэнбурга. Праз некалькі дзён у горад увайшлі савецкія часці і на радыё з’явіліся зусім іншыя перадачы.

Як згадваў у сваёй дакладной у ЦК КП(б)Б старшыня радыёкамітэта БССР М. Якельчык 11.09.1940 г., “наяўнасць радыёстанцыі ў Баранавічах дазваляла не толькі рэтрансляваць радыёперадачы Масквы і Мінска, але і давала магчымасць весці адмысловыя перадачы на Заходнія вобласці. У сувязі з гэтым праводзілася мясцовае вяшчанне, якое займала 3-4 гадзіны штодня. Туды ўваходзілі: два выпускі “Апошніх навін” на беларускай мове і па аднаму на габрэйскіх і польскіх мовах. Баранавіцкі радыёкамітэт вёў самастойнае музычнае вяшчанне каля адной гадзіны на дзень, якое складалася з канцэртаў ці выступленняў  калектываў народнай самадзейнасці. Каля паўгадзіны на дзень адводзілася на гутаркі, што вяліся па ўзгадненні з аддзелам прапаганды і агітацыі” (па матэрыялах кнігі «Назаўсёды разам», Мн., 99).

У гадавіну аб’яднання  БССР праз Баранавіцкую радыёстанцыю праводзіліся наступныя перадачы, што прымаліся ўсімі радыёвузламі заходніх абласцей:

1. Выступленне сакратара Баранавіцкага абкама КП(б)Б тав. Тура на тэму: “З якімі дасягненнямі прыходзіць Баранавіцкая вобласць да дня  вызвалення з-пад прыгнёту польскіх памешчыкаў і  капіталістаў”.

2. Выступленне дэпутата  Вярхоўнага Савета СССР тав. Сяржанта на тэму “Мая дэпутацкая дзейнасць”.

3. Выступленне кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў на тэму “З чым мы сустракаем першую гадавіну вызвалення Заходняй Беларусі”.

4. Мастацкая самадзейнасць гарадоў Баранавічы, Брэст, Беласток, Ляхавіцкага раёна, в. Падлессе і г.д.

5. Літаратурна-музычныя перадачы на тэму: “Чырвоная Армія – армія-вызвольніца”, “Вызвалены народ”, “Ленін і Сталін – арганізатары беларускай дзяржаўнасці”, “Савецкія дзеці – самыя шчаслівыя дзеці ў свеце”.

Пры нямецкай акупацыі праца радыёстанцыі працягвалася, бо ў 1941 годзе савецкія часці не паспелі падарваць станцыю. Гэта адбылося ў 1944 годзе – адыходзячыя немцы падарвалі вежы. А пасля вайны амаль да скону СССР у будынку размяшчалася апаратура для глушэння варожых галасоў.

Цяпер будынак радыёстанцыі ахоўваецца дзяржавай і працуе па прызначэнні – там размяшчаецца тэлекампанія  «ІНТЭКС», якая, дарэчы, сёлета адзначыла 15-годдзе.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

comments powered by Disqus
Scroll Up